Вось
сымбалі твае, забыты краю родны! Сярод
сымбаляў "забытага краю" і імя першага
караля Літвы і Новагародка Міндоўга, якое па-рознаму
інтэрпрэтуецца ў пісьмовых крыніцах-летапісах і
хроніках: "Мидогъ", "Минъдогъ", "Миндогъ",
"Мендогъ", "Мидогвъ", "Минодовгъ",
"Мендольф". Польскі
гісторык Ю.Латкоўскі даводзіў, што імя караля
літвінаў мела правільную форму "Мендог"
(("Mendog"), гл. J.Latkowski "Mendog – krol Litewski." Krakow,
1892). У гэтага імя ёсць адпаведнікі ў
заходнеславянскіх мовах. Дзяржаўныя акты
Маравіі згадваюць пад 1281 чалавека на імя
"Mindotas". А ў 1294 годзе, мажліва ён жа,
зафіксаваны ў афіцыйных дакумантах як "Мindata".
Такое яскравае падабенства імя Міндоўга да
занатаваных у мараўскіх актавых граматах,
наводзіць на думку аб ягоных славянскіх каранях. Што
тычыцца імя вялікага князя Вітаўта, то на маю
думку, яно паходзіць з германскіх моваў.
Крыжацкія хронікі і афіцыйныя дакументы ордэна,
а таксама польскія храністы нязменна называюць
князя "Vitold", "Witold". Хаця ў беларускіх
паданнях ён фігуруе як Віт. Форма "Вітаўт" –
гэта, мабыць, балтызаваны варыянт, відаць так
клікалі князя жмудзіны, сярод якіх ён пражыў
большую частку свайго жыцця. Браты Вітаўта мелі
імёны з розных моваў. Так Войдат і Бутаўт насілі
славянскія імёны. "Войдат" ("Войдата")
падобнае на славянскае імя "Войдан".
Прыпадабняецца яно і да такіх антрапонімаў як:
Вышата (імя было пашыранае ў Ноўгарадзе Вялікім),
Няжата, Пуцята, Гюрата. У жамойцкай транскрыпцыі
яно пішацца "Vaidotas". Імя "Бутаўт"
высноўваецца, відаць, з "Бутавіт" (імя гэтае
меў князь роду Рушкавічаў, згаданы ў валынска-літоўскай
дамове 1219г.), ці "Будзівід" (вялікі літоўскі
князь Будзівід упомнены ў Іпацьеўскім летапісе
пад 1289г. у паведамленні пра перадачу Ваўкавыска
Валынскаму князю Мсціславу). Пацірг
Кейстутавіч, старэйшы сын жамойцкага князя, у
летапісах адзначаны як "Петрикъ", "Патрикей".
Летапісныя варыянтыімя сына Кейстута
прыпадабняюцца да такіх імёнаў як Пётр (Пятрок,
Петраш, Пятрусь), "Патрыкий". "Пацірг"
нагадвае кельцкую форму імя св. Патрыка,
хрысціцеля Ірландыі – "Пыдраг". А можа быць
імя гэтае і сапраўды кельцкае? Для
імя "Таўцівіл", якім зваліся полацкі князь,
пляменнік Міндоўга ды брат Вітаўта, знаходзім адпаведнік у германскіх
мовах – "Totila". Імя
Жыгімонт – скандынаўскае ("Sigmundr" ("Самаўладца")
– імя-тытул найвышэйшага Бога германцаў – Аса
Одына), належала некалькім венцаносным асобам
дому Гедымінавічаў (зваўся гэтак і сын Кейстута,
малодшы Вітаўтаў брат). Князя
вялікага літоўскага Тройдзеня да гэтага часу
афіцыйныя гісторыкі адносяць, нягледзячы на
факты, што супярэчаць іхным высновам, да балцкіх
уладароў і зацятых паганцаў, грунтуючыся на
летапіснай характарыстыцы. У Галіцка-Валынскім
летапісе гэты князь паказаны ледзь не
спараджэннем пекла. Такую знішчальную ацэнку
сваёй асобы Тройдзень атрымаў ад галіцка-Валынскага
летапісца таму, што перашкодзіў захопніцкім
дамаганням галіцка-валынскіх кнзёў (дзяржава іх
у выніку татарскага панавання заняпала) на
Навагародак і Літву. Але характарыстыка гэтая не
адпавядае сапраўднасці. Няма нікай гаворкі пра
язычніцтва Тройдзеня. Як зазначае ў сваёй кнізе
"Старажытная Беларусь. Віленскі перыяд" М.І.Ермаловіч,
перад укнязяваннем Тройдзеня ў Новагародку
валадарыў выключна адданы праваслаўю Войшалк, і
таму абранне хрысціянскім горадам сабе ў князі
паганца пасля яго, выглядала б дзіўным, ды і
патрэбы ў гэтым не было. Вялікае
княства Літоўскае засноўвалася менавіта як
хрысціянская дзяржава, на праваслаўных землях, у
якой панавала хрысціянская ідэалогія, а першай
сталіцаю быў праваслаўны Навагародак, а пагэтаму
яе не маглі ачольваць князі-паганцы, якімі
паказваюць ліцьвінскіх валадароў і дасюль. Князь
Тройдзень, як і Войшалк, быў праваслаўным – пра
гэта сведчыць тое, што чацьвера ягоных братоў:
Борза, Лесій, Свелкеній, Серпуцій, – вызнавалі
"грэчаскую" веру, як і дзве дачкі Тройдзеня,
якія зваліся хрысціянскім імем Софія... У
беларускай гістарычнай літаратуры гэты вялікі
князь называецца "Тройден", "Трайдэн".
Летувісы мянуюць яго "Трайдянис", такая
форма падаецца імі ва ўсіх даследваннях па
гісторыі ВКЛ, як першасная, аўтэнтычная. Увогуле,
летувіскія навукоўцы ўпарта сцвярджаюць –
маўляў, гэта славянскія летапісцы
паперакручвалі на свой капыл імёны літоўскіх
князёў, заносячы іх у паведамленні. Пра
балцкія карані і язычніцтва Тройдзеня не можа
казаць і ягонае імя. Яно тыпова славянскае. Аб
славянстве Тройдзеня сведчыць і той факт, што
князяваўшы ў яцвягаў, ён "зарубил город и
назовет его Раигород". Гэтыя летапісныя
сведчанні не даюць ніякайй падставы лічыць
Тройдзеня балтам і паганцам. На конт мажлівага
яцвяжскага паходжання князя: у беларускіх
летапісах адзначана – Тройдзень апанаваў землі
яцвягаў пасля таго, як зніклі дынастыі
спадчынных князёў і такім чынам ён "прибавил
ятвяг"... Назва заснаванага князем горада, як
бачым, славянская. У васкрасенскім летапісе
гаворыцца, што Тройдзень – нашчадак
Рагвалодавічаў, а ягоны бацька – вялікі князь
Від. "Хроніка Быхаўца" пацвярджае гэтую
выснову словамі аб тым, што Тройдзень "з
пакалення рускага". Імя
Тройдзеня належыць да кагорты такіх славянскіх
імёнаў як "Бажэн", "Глубен", "Брацен",
"Любен", "Годзен", "Младзен", "Люцень".
З гэтага ж шэрагу паходзіць і імя Віцень. Пад 1238
годам у афіцыйных крыніцах Памераніі
занатаванае імя "Viteniz" ("Віценіч"). У
багемскай грамаце 1181г. засведчаны "Витонь".
Сербскія дзяржаўныя дакументы прыгадалі пад 1461
годам Вітаня. Не
вельмі б хацелася паўтарацца, але, скіроўваючы
ўвагу чытачоў на даўно вядомы факт, зазначу, што
Віценем называўся першы гістарычна вядомы князь
абадрытаў. П.Урбан у сваёй працы "Яшчэ да
пытаньня этнічнай прыналежнасьці старажытных
ліцьвінаў" ("Спадчына", 1995, №2) прыводзіць
у прыклад наяўнасць на колішніх славянскіх, а
цяпер германскіх землях тапонімаў Traidendorf, Vietzen,
Wittenberg, Vittense. Паселішчы з гэтымі назовамі былі
заснаваныя, як мяркуе даследчык, славянамі на
імёны Тройдзень, Віцень, што зноў-такі можа
служыць пацверджаннем думкі аб славянскай
прыналежнасці вялікіх князёў Тройдзеня і Віценя. Чалавека
на імя Жывін ("Жывинъ", "Живиничъ")
упомнілі мараўскія дзяржаўныя граматы 1274 году.
Падобнае імя насіў і князь Жывінбуд, з каторага
пачынаецца пералік гэтак званых "старэйшых"
правадыроў Літвы ў валынска-літвінскай мірнай
дамове 1219г. Закатаваны
ў 1382г., па загадзе Ягайлы жамойцкі баярын
Відзімонт (дзядзька жонкі Кейстута
– Біруты) носьбіт скандынаўскага імя: "Відзімонт"
– "Vidmundr" ("вялікі ўладар"). Мажліва, што
гэтае імя – эпітэт Одына. Тут
дарэчы будзе адзначыць, што ў балцкіх мовах (летувіскай
і латышскай) існуе пласт імёнаў
паўночнагерманскага паходжання: "Айнарс"
("Эйнар"), "Айварс", "Іварс" ("Івар",
"Інгвар"), "Гунціс" (відазмененае "Гунар"),
"Відмантас" ("Відмунд"), "Аста", "Інга",
"Інгеборга" ("Інгіб'ёрг"). Такое
перайманне імёнаў – вынік сталага ўплыву
нарманаў, звязанага з гандлёвымі і вайсковымі
экспедыцыямі вікінгаў у землі Ўсходняй
Прыбалтыкі. Памяць пра напады "людзей
халоднага мора" і пра барацьбу з імі
захавалася ў летувіскім фальклоры. Летувіская
казка "Нерынга і Нагліс" апавядае пра
змаганне волатаў – дзяўчыны Нерынгі і хлопца-паляўнічага
Нагліса з "каралём мора і ветру"
дзевяцігаловым цмокам Гальвірдасам. Гальвірдас
падымае буры на моры, залівае берагі велічэзнымі
хвалямі, топіць караблі, губіць людзей. Дык вось,
у гэтага персанажа казкі яўна нарманскае імя: "Гальвірдас"
– асіміляванае "Хальвард". Марскі змей –
метафарычнае ўвасабленне вікінгаў, якія на
працягу ІХ-ХІ ст.ст., сістэматычна абрушваліся на
землі жамойтаў і латышоў... І каб неяк уратаваць
людзей ад праклятай пачвары, вырашыла Нерынга
насыпаць вялізны вал упоперак вусця Нёмана,
адгарадзіць яго ад Балтыкі, дзе панаваў люты
Гальвірдас. Гэтая мясціна казкі, мабыць адбітак
нейкіх рэальных падзей, звязаных з пабудоваю
абарончых умацаванняў у вусці Нёмана (па Нёмане
нарманы, відаць, пранікалі ў глыб жамойцкіх
земляў) і на ўзбярэжжы Балтыйскага мора, дзеля
супраціву набегам скандынаваў. Увасабленне
ваяўнічых паўночных суседзяў у вобразе цмока (змея)
не простая прыдумка складальнікаў гэтай казкі,
яна мае сапраўдны гістарычны падтэкст. На
стагоддзі запомніліся жамойтам грозныя
"drakkar" нарманаў – караблі з драпежна
выгнутымі змяінымі галовамі, што наводзілі жах
на жыхароў Заходняй Еўропы, дзе судны вікінгаў
называлі "драконамі мора". Так іх мянуюць і
сагі скандынаваў. Дарэчы,
у сагах змешчаная цікавая інфармацыя на гэты
конт. Так у "Сазе пра конунга Олафа, сына Трюгві"
гаворыцца аб тым, што нарвежскі конунг Олаф
Трюгвасон валодаў двума баявымі караблямі, адзін
з якіх, большы, з пазалочанай змяінаю галавою на
носе, зваўся "Вялікім Змеем", меншы ж
карабель – "Малым Змеем". Мабыць у казачнага
цмока Гальвірдаса былі сапраўдныя прататыпы ў
выглядзе вось гэтых суднаў. Літвінскі
баярын Вышгерд (пісаўся ў афіцыйных паперах яшчэ
як "Візгерд", "Візгірд"), з'яўляўся
носьбітам сапсутага славянскага імя "Вышагорд"
(параўнайма з нямецкай калькай "Vissugart"). У
актах Гарадзенскай уніі 1413 года, згаданыя баяры
Войдзіч, Войнад Русілавіч, Войшнар Віркалевіч,
Войшын Данейкавіч. Усе імёны пералічаных
шляхетных асоб – славянскія. Імя "Войдзіч" з
шэрагу такіх славянскіх антрапонімаў, як "Росціч",
"Трэбіч", "Судзіч" (памяншальнае ад
Судзіслаў), "Радзіч". "Войнад" і "Войшнар"
– мабыць вытворнае ад "Вайніслаў", "Войнамір",
а "Войшын" – адпаведнік ужо прыгаданага
мною сербскага імя "Войшан".Імя па-бацьку
пана Войшына паходзіць ад памяншальнага "Данейка",
поўнага імя Даняслаў. Найменне
магутнага роду Радзівілаў, "некаранаваных
каралёў Літвы", пераклікаецца з сербскімі
імёнамі "Радзівой" і "Радзівое".
Нататка Галіцка-валынскага летапісу апавядае
пра паразу Літвы ў 1262г. ля Невеля, дзе яна была
разьбіта валынскім князем Васількам Раманавічам.
Летапісец адзначае, што ў войску Валынскім быў
забіты нейкі Прайбор, сын Сцяпана Радзівіча. Гэты антрапонім "Радзівіч"
можа адпавядаць родаваму найменню Радзівілаў.
Адпаведнікамі імя "Радзівіл" могуць быць
імёны "Радзіла", "Радзіл" (імя кіеўскага
баярына, занесенае ў Лаўрэнцьеўскі летапіс пад
1147г.), "Радзім" (так зваўся легендарны
правадыр радзімічаў, што прывёў іх на Сож). Брат
літвінскага князя Даўята
(Давіла Расціславіча) – менаваўся Вілікаіл, або
Вілікайла (Вялікайла). Відавочна, што імя гэтае
славянскае і ўтворанае ад старажытнаславянскага
слова "велий" ("вялікі", "магутны").
А вось старэйшы Міндоўгаў брат Даўспрунк ("Довъспрункъ")
атрымаў ад бацькоў германскае імя. Славянскім
з'яўляецца і найменне літвінскага княскага роду
Булевічаў, з якім варагаваў новагародскі князь
Міндоўг. У заходніх славянаў існавалі падобныя
імёны – "Булек", "Буліш", "Балота".
Верагодна з гэтых імёнаў і паходзіць родавае імя
Булевічаў (правільная форма якога магла быць "Балевічы").
На тэрыторыі Стаўцобскага раёна маюцца гэткія
тапомнімы, на што зрабіў заўвагуМ.І.Ермаловіч
("Па слядах аднаго міфа"). У
І Наўгародскім летапісе занатаваныя імёны двух
літвінскіх князёў Явіда і Ербета, якія ў свой час
служылі пры двары цвярскіх князёў. А ў мараўскім
дакуменце 1294 году ўпамінаецца Ярбуд ("Ербут",
"Gerboton")... У
час князявання Альгерда, у 1365 годзе, у Вільні
здарыліся непрадбачаныя і ганебныя,
паграджальныя для лёсу яго як кіраўніка
гаспадарства і лёсу ўсяго ВКЛ падзеі, што ў
далейшым адчувальна паўплывалі на палітычнае
становішча дзяржавы як знутры, так і звонку.
Супраць Альгерда склалася змова, якую
ўзначальваў яго сын Канстанцін, у кола
змоўшчыкаў уваходзіў таксама Бутаўт Кейстутавіч
(ёсць меркаванне, што да планаў завадатараў быў
далучаны і старэйшы сын Кейстута – Пацірг). Гэтыя
князі ўвайшлі ў таемныя зносіны з Прускім
Ордэнам з мэтаю атрымаць ад крыжакоў дапамогу ў
авалоданні Вільняй і Вялікакняскім пасадам, што
магло адбыцца толькі пасьля забойства гаспадара
ВКЛ Альгерда. Ордэн і інспіраваў гэтыя падзеі ў
Княстве, спадзеючыся авалодаць ім з дапамогаю
князёў-здраднікаў. Пра
падрыхтоўку замаху на вялікага князя неяк
даведаўся віленскі намеснік Дырсун. Ён схапіў
змоўшчыкаў і пасадзіў іх пад варту ў астрог. Але
ім, усё ж, удалося вызваліцца. Разам з
хаўруснікамі Канстанцін і Бутаўт забілі
намесніка і ўцяклі ў Прусію. Альгерд
запатрабаваў ад ордэнскіх кіраўнікоў выдаць яму
перабежчыкаў, якіх урачыста прыймалі ў Прусіі.
Але магістр адмовіўся гэта рабіць. Праўда,
пазней, Канстанцін Альгердавіч усё ж вярнуўся на
радзіму ды памірыўся з бацькам. Бутаўт жа
застаўся ў крыжакоў, прыняўшы каталіцкі хрост... У
тым жа годзе крыжацкія аддзелы рушылі на Вялікае
Княства. Іх прывёў здраднік Бутаўт. Былі
спустошаныя і абрабаваныя значныя абшары краіны
– узятыя Кернаў і Мейшагола, панішчаныя ваколіцы
Вількаміра і Вільні. Маю
ўвагу прыцгнула імя віленскага намесніка
Дырсуна. Яно супадае з імёнамі, зафіксаванымі ў
заходнеславянскіх пісьмовых крыніцах. Так пад 1168
годам у аналах Памераніі згадваецца "Дирсконъ"
(гэта, мабыць, трансфармаваны варыянт
славянскага імя "Дзяржыконъ"). У 1321 годзе
польская актавая грамата засьведчыла імя Dzirkon.
Імя гэтае на лаціне перадавалася яшчэ і ў такіх
формах: "Dirsikonus" (XIII ст.), "Dirskon", "Dirsko"
(1173г.), "Dirskone" (1260г.). Дык вось, я мяркую, што імя
"Дырсун" сваім гучаннем і напісаннем
прыпадабняецца да прыведзеных мною лацінскіх
транскрыпцый. Cудзівой
Валімунтавіч, уплывовы вяльможа часоў Казіміра
Ягайлавіча, безумоўна ж належаў да славянскай
магнатэрыі. Пан Судзівой займаў важныя
дзяржаўныя пасады ў ВКЛ. У 40-х гадах XV cт. ён быў
канцлерам Вялікага княства. Пасля яго прызначылі
намеснікам вялікага князя ў Коўне. А з 50-х гадоў
Судзівой Валімунтавіч стаўся кашталянам
Віленскім. Ягоныя браты зваліся яскравымі
славянскімі імёнамі: Шадзібор ("Шедибор"),
Дабяслаў, Жалібор. Адзін з удзельнікаў
Грунвальдскай бітвы, познаньскі ваявода, які
ачольваў пад час славутай сечы харугвы палякаў,
Судзівой з Астрарогу, як бачым, з'яўляўся цёзкам
літвінскага магната. Пісьмовыя
крыніцы данеслі да нас мноства славянскіх імёнаў
са складнікам "вой" – "Радзівой" (ужо
ўпаміналася мной), "Сулівой", "Прадвой"
("Предвой"), "Градзівой", "Баржывой"
("Борживой", "Боривой"), "Зарывой ("Зоривой"),
"Драгівой" ("Драгивой"), "Воевой",
"Лютавой", "Уладзівой", "Мілівой",
"Любівой", "Русівой", "Гневой", "Гаівой"
("Гоивой"), "Данівой" і г.д. З шэрагаў
гэтых імёнаў вынікае і "Судзівой", а значыць
няма чаго казаць аб балцкіх каранях прыгаданага
імя і да яго падобных. У
лацінскамоўных актах імя "Судзівой"
пісалася "Sangiwoy", "Sandiwogius", "Sudziwoў',
"Sudiwogius", "Zandywoy" (1233г.). Як
бачна з вышэйпададзеных мною фактаў, ліцьвіны
мелі ва ўжытку імёны з розных еўрапеёскіх моваў,
але ў ліцьвінскім анаамастыконе пераважалі
славянскія. Сярэднявечныя летапісцы і храністы
абгрунтавана адносілі літву да ліку славянскіх
народаў, – "Літва – славянская краіна" (біскуп
Хрысціян), "мова народу – славянская" (Эней Сільвій Пікаляміні).
Можна меркаваць, што літва была племем, часткаю
люцічаў-вільцаў, што прыйшла з земляў Паўднёва-Заходняй
Прыбалтыкі ў Верхняе Панямонне. Вялікая
колькасць славянскіх імёнаў літвіноў ёсць
яскравы доказ яе славянскага паходжання. Не
заўважаць відавочных гістарычных сведчанняў у
карысць думкі аб славянскіх каранях літвы можа
толькі той з даследыкаў, хто не хоча іх заўважаць. |