Вось
сымбалі твае, забыты краю родны! 1994
- студзень 1997г.г. Працягваючы
гаворку аб паходжанні імёнаў старажытнай Літвы,
распачатую ў папярэднім маім (гл.А.Корсак "Ягайла
– шумны чалавек", "БМ", №3, 1995г.), трэба
зазначыць, што пытанне этымалогіі і этнічнай
прыналежнасці гэтых імёнаў вельмі складанае і
заблытанае, але яно яшчэ больш ускладняецца
дзякуючы мноству супярэчлівых фактаў, гіпотэзаў,
версіяў... У
даўнейшым сваім матэрыяле я выказаў думку-меркаванне
аб верагодным славянскім паходжанні шэрагу
імёнаў літоўскіх князёў (Ягайлы, Скіргайлы,
Карыгайлы, Войшалка, Віда). А цяпер я хацеў бы
прапанаваць новае , інакшае прачытанне ўжо
згадваных мною некаторых імёнаў, а таксама іншых
антрапонімаў. Імя
князя Войшалка магло быць варыянтам грэчаскага
кананічнага імя "Васіль" ("Васілий"),
якое існавала на Беларусі у розных формах – "Васілька",
"Васілёк", "Васілён", "Васка", "
Вайсюк". Але цалкам дапушчальна, што імя "Войшалк"
чыста славянскае і з'яўляецца вытворным ад імя
"Войслаў", якое мела памяншальную форму "Войша".
Уявім сабе такую трансфармацыю імя: "Войслаў"
– "Войша" – "Войшалк". Але, як ужо пісаў
раней, у некаторых летапісах пададзены іншыя
варыянты княскага імя, у прыватнасці у "хроніцы
літоўскай і жамойцкай" – "Войселк". Цікава
параўнаць летапісныя формы "Войшалк", "Войселк"
з сербскімі імёнамі "Вайсіл"
(Войсил"), "Вайсіла" ("Войсило"), "Войшан".
Паралелі красамоўныя! Гэтаксама
і імя князя полацка-літоўскага Давіла, можа быць
славянскага паходжання, як імя ягонага сына Віда,.
Дарэчы, а ці не Давіл Расціславіч упамінаецца ў
паведамленні Галіцка-Валынскага летапісу пад 1215г.
(у іпацьеўскім летапісе пастаўлена іншая дата –
1219г.) аб мірным пагадненні князёў літвы з галіцка-валынскімі
князямі? У
пераліку валадароў, якія заключылі гэтую дамову (яна
таксама абавязвала літву ваяваць з палякамі –
яскравы прыклад выкарыстання літвы ў якасці
наёмнай сілы), сярод так званых старэйшых князёў,
упомнены нейкі Даўят ("Давъятъ"). Ёсць яшчэ
летапісная форма "Давъялъ"`, якая нагадвае
імя "Давіл". Мажліва гэты загадкавы "Давъятъ"
і ёсць полацка-літоўскі князь Давіл Расціславіч.
Што датычыцца імя брата Давіла, князя Маукольда,
то мажліва яно германскага або нават кельцкага
паходжання (параўнаем з кельцкім "Malcolm"). У
тым жа Галіцка-Валынскім летапісе, у расповядзе
пра гвалтоўную смерць Войшалка, гаворыцца, што
яго, а таксама князёў Льва і Васільку (а Леў і
забіў Войшалка), запрасіў да сябе ў гасціну ва
Ўладзіміры-Валынскім, нейкі немец Маркольт,
якісьці заможны месьціч, ці купец, што
асталяваўся на Валыні. Імя гэтага немца – "Маркольт"
вельмі падобнае на "Маўкольд". Не трэба
здзіўляцца наяўнасці ў літвінаў гэткіх "экзатычных"
імёнаў тыпу "Маўкольд". Славяне (тыя ж
літвіны) маглі запазычваць у суседзяў асабовыя
імёны, як напрыклад рабілі гэта германцы, што
межавалі з заходнеславянскімі плямёнамі. У
якасці прыкладу прывяду шэраг германскіх імёнаў,
запазычаных у славянаў – "Radigast", "Radiges"
("Радагост"), "Leutbald" ("Лютаўлад"),
"Vitiges" ("Вітагост"), "Vielrad" ("Велерад"),
"Vilibart" ("Велебор"), "Viligart" ("Веліград"),
"Vissumar" ("Вышамір"), "Rotemer" ("Рацімір").
Спіс гэтых імёнаў можна доўжыць, але абмяжуюся
вышэйпрыведзенымі. Летувіскія
мовазнаўцы ўсе імёны гістарычных асоб з
кампанентам "від" ("віт") несумненна
адносяць да балцкіх. Але яны свядома
заплюшчваюць вочы на факт існавання ў
старажытнасці і ў наш час цэлага суквецця імёнаў
(напрыклад у сербаў) з такімі складовымі часткамі:
"Драгавіт", "Дражавіт" (сербскае "Дражевит"),
Багавіт (імя гэтае красамоўна сведчыць, што
магнаты-літвіны Багавіціны (Багавіціновічы) былі
славянамі па паходжанні, а не балтамі, да таго ж
дадам, што імя гэтае маецца ў сербаў), "Снавід",
"Пуставід", "Яравід", "Елавіт", "Завід",
"Лютавід", "Лютавіт", "Лелівіт", "Земавіт",
"Вітамір", "Вітадраг", "Вітагорд". А
вось сербскія імёны з фармантам "Від": "Видал",
"Видан", "Видас", "Видин", "Видомир",
"Видун", "Видош", "Видуй". А былі
яшчэ імёны "Відзіслаў", "Відаслаў", "Відзімір",
"Відзіт" ("Видит"). Імя князя Віда можа быць сцягнутай формай-скаротам
ад гэтых імёнаў. Полацкі
князь Воін, насіў славянскае імя, якое знаходзім
і ў сербаў. Вялікі літоўскі князь Лютавер таксама
празрыстае славянскае імя (магло быць змененым
варыянтам славянскага "Лютабор"). Брат Воіна
, вялікі князь Гедымін, меў імя, карані якога
мажліва сягаюць у германскія мовы. Сярод
шматлікіх летапісных формаў княскага імя, у вочы
кідаецца адна, асабліва рэдкая – "Gedimont". Ён
мае падабенсва з нарманскім антрапонімам
"Gudmund" (які быў шырока распаўсюджаны ў
Скандынавіі, сярод кіруючай эліты). Верагодна,
што імя "Гедымін" ("Гедимин") –
трансфармацыя нарманскага "Gudmund". Наконт
этымалогіі і этнічных каранёў імя славутага
князя Літвы Альгерда, існуюць розныя меркаванні.
Хтосці з навукоўцаў лічыць яго балцкім, або
славянскім, іншыя ж залічаюць гэты антрапонім да
германскіх. Летувіскія ж філолагі і гісторыкі
адназначна цвердзяць пра балцкія карані гэтага
імя. Але існуе і яшчэ адзін цікавы погляд. Славяне
(як і германцы) мелі за звычай надаваць імёны
дзецям, у якія, дзеля азначэння крэўнасці,
уваходзіла б частка імя бацькоў. Летапісы кажуць
аб тым, што Гедымін два разы быў жанаты на
русінках (праваслаўных славянках, беларусках)
Волзе ды Еве. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што
Гедымін і назваў сваіх сыноў Альгерда і Яўнута (летапісн.
"Евнутъ", "Евнутий") у гонар іхніх
мяцярок. Мабыць,
што падобная думка не пазбаўлена грунту. Сапраўды, Альгерд мог быць
названы ў гонар сваёй маці. Цалкам мажліва, што
імя "Альгерд" і ўтварылася ад імя "Вольга"
("Ольга"). Форма "Альгерд" ("Ольгерд")
– гэта, мабыць, сцягнутае, відазмененае "Альгірад"
("Ольгирад" – "радасць
Вольгі"). Тут дзеля прыкладу трэба прывесці імя
Альгердвага брата Любарта, якое ў летапісах
зафіксаванае, як "Любордъ", "Любардъ".
Названыя варыянты прыпадабняюцца да славянскага імя "Любарад" ("Люборад").
У дзяржаўных дакументах Памор'я XIII ст. (тады яшчэ
яно было славянскім) пад 1231 годам, упомнены нейкі
нобіль Люборад. Імя гэтага славяніна-памараніна
перадаецца ў гэтых актах на лаціне, як
"Leberadus", "Luibord". Добра бачна, як лацінская
трансфармацыя змяняе славянскае імя. Сын
Гедыміна Любарт, відавочна і насіў вось такое
скажонае імя "Любарад", тым больш, што імёны
літвіна і памараніна падобныя між сабою. А
цяпер я б хацеў прывесці аргументы ў карысць
меркавання аб германскай этымалогіі імя
Альгерда. Я таксама падзяляю гэты пункт
гледжання. У
летапісах і хроніках адлюстравана шмат
варыянтаў гэтага антрапоніма: "Олгердъ", "Олгирдъ",
"Олигорд", "Olgierd", "Olgerth". Многія з
сярэднявечных нарманаў насілі імя "Алегард"
("Ollegard", якое і зараз бытуе у скандынаваў).
Існавала ў германскіх народаў і яшчэ адно
падобнае старажытнае імя "Adalger", "Adalgard".
Названыя імёны, з'zўляюцца протаформамі, ад якіх
відаць і ўтварылася князева імя.
Калі
ісці ўслед за версіяй аб германскай
прыналежнасці згаданага антрапоніма, то адказ на
пытанне знойдзем у сюжэтах паўночнагерманскіх
сагаў пра багоў і герояў. "Ollegard" – cакральнае
імя-тытул, імя-татэм вярхоўнага божышча
скандынаўскага (і агульнагерманскага)
паганскага пантэону – Одына (герм."Odin"). Одын
меў некалькі дзесяткаў імёнаў, якія
падкрэсьлівалі ягоныя вялікія магічныя
здольнасці і найвышэйшую магутнасць, як валадара
сусвету. Одын таксама шанаваўся, як бог вайны і
апякун ваяроў і ратнай справы, вайсковага
ўмельства. Адным з імёнаў Одына менавалася
краіна англаў і саксаў – Англія (лацінская форма
"Anglia", германская (ангельская) назва
"England" ("зямля Одына") ад слова "Ing"). Слова
"Ollegard" нагадвае назву нябеснай сталіцы
багоў-асаў, у якой згодна паданням германцаў,
валадарыць "Бацька Ўсяго" ("Всеотец") і
"Бацька Загінуўшых вояў" (сагі гавораць што
Одын узначальваў нябёсную дружыну з душаў
палеглых у сечах ваяроў) – "Asgarđ" ("Асгард"). Імя-тытул
"Альгерд" ("Ollegard") можна перакласці са
старажытнагерманскай, як "Усясвет" –
"olle" ("ol") – увесь, "gard " – двор,
горад, палац ("чертог"), свет (у шырэйшым
сэнсе). Cтаражытныя
германцы, як і славяне, таксама менавалі дзяцей у
гонар багоў, ці славутых продкаў-героў (асабліва
гэты звычай быў распаўсюджаны сярод
арыстакратыі). Даючы свяшчэннае імя новаму
стварэнню, яны прысвячалі яго свяшчэнным сілам:
германцы верылі ў тое, што нададзенае ў гонар
боства ці першапродка найменнеб мае магічную
сілу і можа ўплываць на далейшы лёс
нованароджанага, спадзяваліся, што магутны
нябесны ахоўнік-апякун абароніць і ахавае жыццё
гэтага чалавека ад усялякага зла і паспрыяе му ва
ўсіх справах і пачынаннях. У
прыклад прыводжу імёны, чые носьбіты
прысвячаліся богу-грамаўніку Тору (аналаг Перуна
і Пяркунаса славян і балтаў): "Tord", "Torodd",
"Torald", "Torvald", "Torvard", "Torberg",
"Torarn", "Torolv", "Tormod", "Torleik",
"Torleiv", "Torir", "Torbjorn"... Можа
і сапраўды Альгерд быў прысвечаны Одыну, што і
прадвызначыла ягоны вялікі лёс? ...Але
ў чым прычына такой выключнай стракатасці ў
анамастыцы літвінаў, што склалася з
рознаэтнічных імёнаў? А калі дапусціць, што
германскія, балцкія, кельцкія імёны літвінаў
толькі даніна тагачаснай модзе? Была ж і тады
мода на штосьці, у прыватнасці на адмысловыя
імёны... А
можа слушна кажа гісторык Вітаўт Чаропка, аб тым,
што літва ня была якімсці асобным народам, а з'яўлялася
супольнасцю ваяроў (накшталт атрадаў вікінгаў,
ці казацкіх аддзелаў). Фармавалася літва, мажліва,
з прадстаўнікоў розных плямёнаў, але колькасную
перавагу і сілу мелі ў гэтым саюзе славяне, якія і
надалі яму славянскі назоў. Верагодна, у дружынах
літвы сабраліся самыя смелыя, энэргічныя,
адчайныя людзі – балты, славяне, нарманы-германцы,
кельты. І ўзначальвалі іх гэткія ж дзёрзкія і
амбітныя правадыры-князі. Зрэшты такая практыка
набору воінаў была ў часы сярэднявечча даволі
распаўсюджанай ў Еўропе. Французкі
манах-храніст Мацвей Парыжскі, апавядаючы ў
сваёй хроніцы пра спусташальныя, крывавыя напады
на Брытанію ў IX-XI cт.cт. вікінгаў "жорсткіх
язычнікаў – данаў, нарвегаў, готаў, шведаў" –
адзначаў, што разам з нарманамі ўдзел у гэтых
набегах прымалі фрызы і вандалы. Фрызы – народ
германскай моўнай групы, краіна іхняя Фрысландыя
знаходзілася на берагах Паўночнага шора, паміж
рэкамі Везер ды Рэйн, суседзіла з землямі
заходніх славянаў. Упамінанне Мацвеем фрызаў і
вандалаў не выпадковае, яно яскрава сведчыць пра
тое, што кантынгент вікінгаўскіх дружынаў быў
шматпляменны. Але
хто былі гэтыя "вандалы" – германцы ці
славяне? Некаторыя еўрапейскія храністы
сярэднявечча (Адам Брэменскі, Гельмольд)
называлі славянаў-венедаў Заходняў Прыбалтыцы
"вандаламі". Значыць гэтыя венеды-вандалы
бралі хаўрус у вайсковых экспедыцыях нарманаў,
ці дзейнічалі аўтаномна. Праўда, Паўла Урбан
сцвярджае, што ў некаторых хроніках пад
этнонімам "вандалы" маглі разумецца літвіны,
але гэта памылковая думка. У паведамленні
французскага храніста гаворка канечне ж зусім
пра іншыя плямёны, што менаваныя "вандаламі".
Бо ж зусім неверагодна, каб па тым часе, літвіны
хаўрусна з германцамі бралі ўдзел у далёкіх
марскіх пірацкіх рэйдах у Англію... "Вандаламі",
якія супольна з вікінгамі нішчылі і рабавалі
мясцовасці ў Брытаніі, былі хутчэй за ўсё люцічы,
абадрыты, руяне з Ругена-Ругіі-Руяны, або Вагры,
што гэтаксама як і скандынавы, піратнічалі на
Балтыцы, вядомыя сваёй лютасцю. У візантыйскіх
аўтараў яны зваліся "варангі", славянскія
пісьмовыя крыніцы ведаюць іх як варагаў. Тыя
ж самыя заходнееўрапейскія хронікі ўтрымліваюць
у сабе іншыя факты – сведчанні сумесных
мілітарных акцыяў венедаў і скандынаваў. Дацкі
конунг Харальд Сінязубы (сын Горма Старога), (+985),
заключыў з бодрыцка-люціцкім князем Мсцівоем
вайсковую дамову, накіраваную супроць
Германскага каралеўства, пабраўшыся шлюбам з
Мсцівоевай дачкою і пэўна ж атрымаў ад
славянскага валадара нейкія дапаможныя атрады. А
паводле хроніцы Адама Брэменскага, выгнаны ў
маладосці з радзімы за прагерманскую,
пракаталіцкую палітыку, князь абадрытаў-бодрычаў
Готшалк, са сваёю дружынаю ўдзельнічаў у
захопніцкіх паходах конунга Даніі Кнута
Магутнага на Англію (XI ст.). Сухаземнымі
вікінгамі, варагамі пушчаў верхняга Панямоння і
была літва, якая гэтак жа наймалася на службу да
крывіцкіх, галіцкіх ды іншых князёў... Гэтаксама,
мабыць, як назва "варагі" ("warangi",
"vaeringi") не была этнічным найменнем, а
азначала прыналежнасць яе носьбітаў да наёмных
ваярскіх дружынаў марскіх піратаў славяна-германскага
паходжання, – так і назва "літва" абазначала
наёмныя вайсковыя калектывы. С.Гедэонаў у сваёй
кнізе "Варяги и русь" (выдадзенай у 1877 годзе
ў Пецярбурзе) пераканаўча даказаў, што слова "вар
гъ"
("вар ги") утварылася ад
старажытнаславянскага "вара" ("wara" –
сеча, бітва). Адпаведна "вар гъ"
– воін, мечнік. У
скандынаваў жа падобныя флібусцерскія аддзелы
менаваліся вікінгамі ("vikja" – cходзіць,
збочваць, "viking " – xалавек, што пакінуў
радзіму і сышоў у мора, стаў піратам). Атрады
вікінгаў складаліся пераважна з германцаў-нарманаў
з невялікім дамешкам іншаземных вояў –
прыбалтыйскіх славянаў, балтаў, фінаў... Імёны,
разгледжаныя ў гэтым матар'яле, толькі мізэрная
кропля ў вялікім, але мала даследаваным моры
літвінскай анамастыцы. І ўсё-такі трэба шчыра
прызнаць – а колькі сваеасаблівых, непаўторных
літвінскіх імёнаў не дайшло да нас таму, што ў
шматлікіх пажарах, войнах, прыродных катаклізмах
гарэлі, знішчаліся, гінулі тысячы рэдкіх тамоў
летапісаў, сотні дзяржаўных дакументаў,
пергаментаў-граматаў,– каштоўныя крыніцы ведаў
аб нашай даўніне, у якіх былі пакінуты нам у
спадчыну, у памяць імёны продкаў-літвінаў,
вялікіх і магутных, простых і сціплых – сведкі
гісторыі гэтага краю, слаўнай і трагічнай. Імёны прашчураў, пракаветчыны, што не зберагліся ў жорсткіх, бязлітасных варунках, няўмольнаша часу – найдаражэйшы скарб нашага народа, яго сівая мінуўшчына... |