"Спадчына" 2\1998 ----------------------------------------------------------------¬ ¦ Ян Станкевiч друкуецца паводле: газэта ¦ ¦ "Бацькаўшчына", 1958, No 26- ¦ ¦ ГIСТОРЫЯ БЕЛАРУСI I 30, Мюнхен ¦ ¦ РАСЕЙСКАЯ ЧОРНАЯ СОТНЯ ¦ L---------------------------------------------------------------- Расейская чорная сотня як спамiж расейскiх манархiстых, так i спамiж расейкiх камунiстых ёсьць найбольшым ворагам беларускага народу. У сваiм ходаньнi супроць беларускага руху чарнасоценцы ня грэбуюць нiякiмi сродкамi. Дарма што яны звычайна самi ня вераць сваiм цьверджаньням, замест iгнараваць iх i iхныя аргумэнты, валей iх пазнаць. Гэтаму й служыць дадзены артыкул. Каб сказаць галаслоўна няпраўду, ня трэба шмат словаў. Але шмат болей трэба сказаць, каб грунтоўна й усебакова паказаць увесь хвальш непраўдзiвага цьверджаньня. Дзеля таго, каб было карацей, я буду часта паклiкацца на iншыя працы, асаблiва на сваю "Савецкае хвальшаваньне гiсторыi Беларусi", у каторай паважаныя чытачы знойдуць таксама iншую лiтаратуру i жаролы. Тэрыторыя Беларусi За тэрыторыю этнаграфiчна-беларускую расейскiя чарнасоценцы прызнаюць толькi тэрыторыю Беларускай ССР, беларускiя землi на ўсход i поўнач БССР яны залiчаюць да расейскiх. У сваёй працы "Савецкае хвальшаваньне гiсторыi Беларусi", апiраючыся вылучна на расейскiя жаролы, я паказаў, што на ўсход i поўнач ад БССР ёсьць яшчэ беларускiя землi вялiчынёй блiзу роўныя цэлай БССР (1). Паходжаньне Паводля чарнасоценцаў, Беларусы, Украiнцы й Ноўгарадцы таго самага паходжаньня, што й Расейцы; выходзiла-б значыцца, што фiнскага зь ценкай славянскай плеўкай. Тымчасам на аснове даных архэалёгii, топонiмiкi (геаграфiчныя назовы) i мовы, у тэй-жа маёй працы (бб. 8-18) даведзена, што Беларусы балцка-славянскага паходжаньня, наймя, што спачатна ўся гiстарычна-этнаграфiчная тэрыторыя беларускага народу была занятая бальшынёю Балтаў, а ў першай палавiне першага тысячагодзьдзя па Хрысту сюды прышла беларуская часьць Славян i зьмяшалася зь iмi. Iзь зьлiцьця беларускiх Балтаў iзь беларускiмi Славянамi i ўтварыўся гiстарычны беларускi народ. Плямя Крывiчы Што да пляменi Крывiчоў, дык чарнасоценцы цьвярдзяць, што Крывiчы былi ня толькi ў Беларусi, але таксама ў Ноўгарадзкай i Суздальскай землях. У менаванай сваёй працы (бб. 87 - 94) я паказаў, што анi ў Ноўгарадчыне, анi ў Суздальшчыне Крывiчоў ня было, Там-жа ў мяне паказана, што, як вынятак, крывiцкiя калянiстыя занялi ў Суздальшчыне малую мясцовасьць ля ракi Сiцi, прытокi Малогi (у был. Яраслаўскай губ.) Гэта -- Сiцькары. Яны й дагэтуль захавалi шмат асаблiвасьцяў беларускiх у сваёй мове i ўсiм чыста розьняцца ад абступаючых iх Расейцаў. Дадам тут, што найвыдатнейшы расейскi гiсторык Прасьнякоў таксама сьцьвярджае, што "Курганныя старавечнасьцi апрычаюць iх (Ноўгарадцаў) ад Крывiчоў (2)". Крывiчы займалi большую часьць гаспадарства Полацкага, блiзу ўсё княства Смаленскае, Пскоўшчыну i беларускую часьць Цьвершчыны, i на ўсiх гэтых землях ёсьць беларуская мова, а калi дзе й зрусiфiкавана, як у некаторых мясцовасьцях Цьвершчыны, дык i там захавалася даволi сьлядоў яе былое беларускасьцi. Прасьнякоў таксама сьцьвярджае, што "Курганныя старавечнасьцi XI стг. наагул пацьвярджаюць культурную суцэльнасьць усiх гэтых (Полацкiх, Смаленскiх i Пскоўскiх) Крывiчоў (3)" Асобныя беларускiя гаспадарствы Чарнасоценцы iгнаруюць, што ў Х -- ХII стагодзьдзях былi незалежныя беларускiя гаспадарствы, найперш Полацкае, крыху пасьлей Северскае, тады Смаленскае, Пскоўскае й Турава-Пiнскае (4). Паводле iх было "единое русское" гаспадарства з цэнтрам у Кiеве. Але даўно даведзена, што ў старавеччу ня было адзiнага гаспадарства народаў славянскiх моваў Усходу Эўропы, ня было анi з цэнтрам у Кiеве, анi ў iншым месцы. Даволi довадаў пра гэта зыбрана ў Прасьнякова. Зь iх прывяду некаторыя. "Лiтаратура гiсторыi рускага права,-- кажа Пасьнякоў,-- не знаходзiць гаспадарствавага выгляду ("обличия") у старавечнай Русi як цэласьцi". "Нашая старавечнасьць,-- чытаем у Сергяевiча,-- ня знае адзiнага гаспадарства Расейскага: яна мае дачыненьне з мноствам адначасна iснуючых невялiчкiх гаспадарстваў" (В. И. Сергеевич. Русские исторические древности, т I, СПб., 1890, б1). Падобна да ўсiх старавечных народаў i ўсходнiя Славяне "вытупаюць у гiсторыi ня ў выглядзе вялiкага гаспадарства, але падзеленыя на ладны лiк малых, з каторых кажнае жыве самастойным жыцьцём, i летапiс помнiць свае апрычоныя княствы ў Палян, Крывiчоў i г.д. (М.Н. Дьяконов. Очерки обшественного государственного сторя древней Руси, 3-яе выд., СПб., 1910, б. 68). . "У гэтым пряменным серадовiшчу вырастаюць месты i ператвараюць ягоную арганiзацыю на новы лад -- у сьцяг земляў-воласьцяў, што цягнуць кажная да свайго месцкага цэнтру... Кажная асобна ўзятая воласьць -- гэта зусiм чыста закончаная сацыяльная цэласьць з усiмi неабходнымi элемэнтамi гаспадарствавасьцi, у яе была i свая азначаная тэрыторыя, i свой народ, i самастойная найвышшая ўлада" (С.А. Корф. История русской государственности, 1908, б. 70, 84). Хорму гэтае гаспадарствавасьцi Сергяевiч азначае, як "мешаную, у каторай два элемэнты: манархiчны -- у васобе князя, i народны -- у васобе веча". (В.И. Сергеевич. Лекции и исследования, 3-яе выд., СПб., 1903, б.130). Слаба зьвязаныя розныя землi i матарыяльнымi iнтарэсамi. У меру ўздыму заходняэўрапэйскага сьвету ў матарыяльным i культурным дабрабыце зь iм цясьней вяжуцца iнтарэсы паўдзённа-заходняй i паўночна-заходняй Русi.. . а з ХII стг. паўночна-ўсходняя ўскарiна апрычаецца ў вапрычоны народна-гаспадарскi раён... "Ня меней цяжка гутарыць, маючы наўвеце ўсю старавечную Русь, як цэласьць, пра адзiную ўладу, стаячую на чале гэтага грамадзкага зьвязу". Каб уратваць прадстаўленьне пра гаспарадствавую суцэльнасьць старавечнае Русi, Кастамараў прабаваў азначыць яе як фэдэрацыю. Але праўнае паймо гэта вымагае "фэдэральнага" ўраду, а гэтакага значэньня гiсторыя права ня можа прызнаць анi за ўладаю вялiкага князя кiеўскага, анi за княскiмi зьездамi (5)". У прыведзеных цытатах сустракаецца назоў "старавечная Русь". Як пабачым нiжэй, такога назову, абыймаючага ўсiх т.зв. усходнiх Славян, ня было, Русьсю звалася толькi Кiеўшчына, а пасьлей i ўся Ўкраiна. Пашырэньне назову "Русь", "рускi" на Беларусь, Ноўгарадчыну ў Суздальшчыну -- штучнае. I Прасьнякоў таксама сьцьвярджае, што ня было аднаго назову ў усяго т.зв. усходняга слявянства (6). Ад расейскiх чаранасоценцаў можна пачуць, што "такiх князёў, каторыя звалiся-б беларускiмi, ня было, але былi князi полацкiя, менскiя i iнш." Ведама,-- скажу я, -- нябыла такiх князёў, якiя звалiся-б беларускiмi, бо й такога назову даўней ня было, але былi князi таго народу, каторы цяпер завецца беларускiм; такiх князёў мы знаем ад Х да канца ХVIII стагодзьдзя. I гэта прызнаюць таксама гiсторыкi расейскiя. Вось, прыкладам, Прасьнякоў кажа: "Полацкая зямля, што склалася ў вапрычонае княства вялiкiх памераў, у часы Старога Яраслава жыла наагул сваiм апрычоным жыцьцём... сьцягваючы да сябе >беларускiя< (падчыркненьне маё. -- Я.С.) землi, полацкi цэнтр, прыродна, i гандлёвымi i палiтычнымi iнтарэсамi глядзеў на захад, далоў па Дзьвiне, каторай вышнявiны былi ў яго" (7). Мянуе ён таксама "Ведамкi пра князёў беларускiх" (8). Беларуская культура Вiдавочна, чарнасоценцам i ў дум ня прыходзiць, што ня толькi ў пары задзiночанага беларускага гаспадарства -- Вялiкага Княства Лiтоўскага беларуская культура была апрычоная й накшая за культуру расейскую, але арычонай i накшай яна была спрадвеку. Ад VI да ХIII стагодзьдзяў у Беларусi была спачатку пазаркая культура беларускiх Балтаў, пасьлей, побач iз упадаючай балцкай, была высокай якасьцi зялезная культура заходняя, яшчэ пасьлей вышшая культура закаўкаска-сырыйская. (9) Адначасна ў Беларусi адбывалася ператварэньне i дальшы развой культуры заходняе й закаўкаска-сырыйскае i iх сынтэза. (10) Задзiночанае гаспадарства Беларускае Наўсуперак таго, што кажуць расейскiя чарнасоценцы, Вялiкае Княства Лiтоўскае было беларускiм гаспадарствам. Довады на гэта я падаў у "Ведзе" з 1951 г. (б. 65-69) i ў "Савецк. хвальшаваньне" (б.111-112). Яшчэ гэтта дадам з агульна прызнаванага ўсiмi гiсторыкамi: "Будынак першае гаспадарствавасьцi Вялiкага Княства Лiтоўскага" быў пастаўлены на гiстарычнай i этнаграфiчнай беларускай тэрыторыi. Ягоны першы цэнтар быў беларускi Ноўгарадак, асновы арганiзацыi, ваеннае справы, культуры, патрэбныя дзеля разьвiцьця культурных заданьняў, былi адзержаныя ад Беларусаў (11). Таксама Ўладзiмiрскi-Буданоў сьцьвярджае, што Вялiкае Княства Лiтоўскае пачалося на землях беларускiх. Дагэнуль "мы анi ня ведаем собска-нацыянальных лятувiскiх гаспадарствавых установаў. Усе расказы пра гэта -- звычайныя байкi, павыдумляныя пасьлей". "Цэнтр усяго Вялiкага Княства, сталiца вялiкага князя, ужо зь першае чэцьверцi ХIII стг. быў у Беларусi ("Чорнай Русi") -- у Ноўгарадку: там жыў Мiндоўг, з часам наступнiкi -- убiўцы, сын ягоны Вайшэлка..." (12) Рада Вялiкага Княства Лiтоўскага генэтычна паходзiла ад Баярскiх Думаў асобных беларускiх гаспадарстваў папярэдняга часу (13). Незалежнасьць Беларускага гаспадарства па Люблiнскай вунii. Таксама наўсуперак расейскiм шавiнiстычным цьверджаньням, задзiночанае беларускае гаспадарства, зн. Вялiкае Княства Лiтоўскае, захавала сваю гаспадарствавую незалежнасьць i па Люблiнскай вунii 1569 г. Пра незалежнасьць Вялiкага Княства Лiтоўскага па Люблiнскай вунii ёсьць даволi довадаў. Асаблiва шырака ў грунтоўна гэта давялi В. Дружчыц i непрыяцель Беларусаў I. Лаппо (14). Сам акт Люблiнскае вунii мае супярэчнасьцi. Адныя ягоныя пункты зусiм прылучаюць беларускае гаспадарства да Польшчы, другiя, наадварот, усё ў iм захоўваюць. Сталася гэта з тае прычын, што Палякi, хочучы супоўнага прылучэньня Вялiкага Княства Лiтоўскага да Польшчы, пасьцераглiся, адылi, надзвычайна перацягаць струны. Яны спадзявалiся на тыя пункты акту вунii, што iм досыць чынiлi, што паводля iх, але не паводля супрацьлежных iм пунктаў у канцы ўсё станецца. Быў таксама пакiнены ўвесь стары фактычны стан у Вялiкiм Княстве, што было зроблена яшчэ й дзеля таго, каб i далей увесь цяжар Маскоўскае вайны (пачалася ў 1558 г., скончылася ў 1582г.) лажыўся на плечы Беларусаў ды каб, аслабленыя гэтай вайной, Беларусы былi падаўчэйшыя да задзiночаньня з Польшчаю. Адна й другая старана спадзявалася на карысныя сабе пункты акту вунii. Беларусы не маглi станаўко паставiцца супроць вунii, як гэтага хацелi, бо, ваюючы тады з Маскоўшчынаю й Швэдамi, не маглi яшчэ ваяваць iз Польшчаю. Але, перамогшы Маскву, Беларусы пастанавiлi адкiнуць шкодныя беларускаму гаспадарству пункты Люблiнскае вунii, каб яны з праўнага гледзiшча не пярэчылi ягонай незалежнасьцi. Гэта дорага каштавала: замест чыста разграмiць Маскоўшчыну i зьвярнуць усе захопленыя ёю беларускiя землi, мусiлi зь ёю замiрыцца на 10 год i паслаць войска на польскую гранiцу. Войска гэтае стаяла гатовае да вайны з Польшчаю датуль, пакуль новы гаспадар, Жыгiмонт IV Ваза, не зацьвердiў Статуту Лiтоўскага 1588 г. i зьмешчанай у iм Канстытуцыi Вялiкага Княства Лiтоўскага, каторай Люблiнская вунiя была ператворана ў зьвяз двух раўнапраўных незалежных гаспадарстваў. Праф. В. Дружчыц, разгедзiўшы грунтоўна праўны й фактычны стан беларускага гаспадарства пасьля Лблiнскай вунii, зрабiў наступныя вывады: "На аснове Люблiнаскага прывiлею Трэйцяга Статуту Лiтоўскага i соймавых канстытуцыяў, -- кажа В. Дружчыц,-- можна ўважаць за ўстаноўленае, што Вялiкае Княства Лiтоўска-Беларускае па 1569 г. мае сваю тэрыторыю iз строга азначанымi гранiцамi. Гранiцы Вялiкага Княства баронiць адумысовая старожа, праводзiцца разгранiчэньне краю лiтоўска-беларускага ад польскага. Войска польскае ня ме права пераходзiць у гранiцы Вялiкага Княства, як i войска лiтоўска-беларускае да краю Польшчы пад страхам вялiкае кары. Люднасьць Вялiкага Княства Лiтоўска-Беларускага карыстаецца собскiмi й апрычонымi правамi, зафiксаванымi ў Статуце... Люднасьць Вялiкага Княства мае свой кодэкс права -- Статут Лiтоўскi, свой собскi суд, сваю гаспадарствавую мову... Па вунii Вялiкае Княства Лiтоўска-Беларускае захавала свой собскi цэнтральны ўрад. Маршалкi земскi й дворны, канцлер, падскарбi, гэтман --урады, што былi й да вунii. З урадамi былi зьвязаныя i адпаведныя ўстановы. Маршалка земскi, як мiнiстар вялiкага князя з усiмi атрыбутамi свае ўлады, сьветчыць пра тое, што вярхоўная ўлада князя ня зьлiваецца з уладаю караля. Дарма што адна асоба займае гэтае месца, але сядзiць на двух пасадах iз рознай уладаю на аснове законаў кажнага гаспадарства. Канцлер iз гаспарадствавай канцылярыяй Вялiкага Княства Лiтоўскага, у каторай вялi ўсе справы Княства, меўшы ў сваiх руках гаспадарствавую пячаць, безь якое нiводзiн загад ня меў сiлы, быў уставiчным абароньнiкам гаспадарствавай самастойнасьцi Вялiкага Княства Лiтоўска-Беларускага. Падскарбi земскi -- мiнiстар фiнансаў Вялiкага Княства. Згодна з умоваю Люблiнскае вунii ўводзiлася толькi аднолькавая вагою й хормаю манэта. Апрычонасьць фiнансаў i скарбу ў Польшчы i ў Вялiкiм Княстве Лiтоўска-Беларускiм захавалася поўная. Вялiкае Княства мае i сваю мынцу, дзе б'юць манэту на собскiя патрэбы. Кажнае гаспадарства мае свой бюджэт, i даўгi аднаго строга спаганяюцца з другога. Гэтаман найвышшы iз сваiм намесьнiкам гэтманам пальным быў вайсковым мiнiстрам i галоўнакамандуючым лiтоўска-беларускiм войскам. Па Люблiнскай вунii войска, як i да вунii, засталося ў Лiтоўска-Беларускiм гаспадарстве собскае... Вялiкае Княства Лiтоўска-Беларускае, маючае сваю собскую тэрыторыю, урад, войска, мае й свой тытул, гаспадарствавы гэрб i гаспадарствавую пячаць, як сымболь свае гаспадарствавае самастойнасьцi i захоўвае iх да самага падзелу Рэчы Паспалiтае. Супольны з Польшчай ёсьць вялiкi вальны сойм. Характар яго арганiзацыi, адылi, перашкаджае яму зьлiцца ў ваднароднае суцэльнае цела. Супольныя паседжаньнi Палякоў iзь Лятувiсамi й Беларусамi на сойме не памаглi арганiчнаму зрастаньню двух народаў i гаспадарстваў. Двугаспадарствавасьць Рэчы Паспалiтай захоўваецца на працягу ўсяго пэрыяду сумеснага быцьця i выразьлiва адбiваецца на пастановах вялiкага вальнага сойму, каторы прымушаны выносiць асобныя канстытуцыi для Польшчы й асобныя для Вялiкага Княства Лiтоўска-Беларускага. У некаторых прыпадках адбываюцца i асобныя паседжаньнi як Рады Вялiкага Княства, так i польскага "кола" (15). Дзеля таго, што ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм былi заўсёды й Лятувiсы, В. Дружчыц завець яго Лiтоўска-Беларускiм. Але нацыянальны характар Вялiкага Княства Лiтоўскага быў толькi беларускi. Iншая рэч, што наш народ тады ня зваўся Беларусамi, але Лiцьвiнамi, Лiтвою. Палякi й пасьля Люблiнскае вунii былi ўважаныя ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм за чужаземцаў-загранiчнiкаў. Яны ня мелi права займаць урадаў i не маглi нажываць зямлi ў Вялiкiм Княстве. Гэта сьцьвярджаюць усе чыста гiсторыкi. "Ужо ў прывiлею В. Кн. Казiмера з 2-га мая 1447 г. ёсьць урачыстае абяцаньне (што было адначасна й забавязаньнем. -- Я. С.) раздаваць землi й урады толькi адным тубыльцам. Аналягiчны артыкул ёсьць i ў прывiлеях 1492 г. В. Кн. Аляксандры, i ў прывiлею 1506 г. В. Кн. Жыгiмонта". Статут 1529г. "пазбаўляе права на ляжачую маемасьць кажную жанчыну, каторая пашла (замуж) да чужое зямлi, да Польшчы, або да Мазоўш, або да каторае-кольвек зямлi, маючы iменя айчызныя, i мацярыстыя ў пансьцьве нашым Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм". У такiм прыпадку "жанчына, што вышла замуж за чужаземца, трацiць сваё права на айчызныя i мацярыстыя землi, каторыя тады пераходзяць на родных дзядзькоў; а калi таковых няма -- на ейных блiзкiх. Пры гэтым спадкаемцы не абавязаныя даваць такой дзяўчыне нiякае пасагi" (16). Гэткiм парадкам Беларусы самi былi гаспадарамi ў сваiм гаспадарстве, i ўсё, што ў iм дзеялася, было iхным дзеяньнем, а ня польскiм, як гэта цьвердзяць расейскiя чарнасоценцы. Нацыянальны назоў Ад расейскiх чарнасоценцаў абярняся чуем: "У каранi слова "буларус" чуецца слова "русский", зн. ужо гэта сьветча, што Беларусы -- Расейцы ("русские"). Нiчагусенькi падобнага! Сэрбы -- два лужыцкiя народы i адзiн балканскi. Ёсьць Славакi й Славенцы (розьнiца ў назове такая, як "кругляк" i "круглец" -- два беларускiя назовы аднае й тае ж балотнае травы). Паляне ўкраiнскiя ля Дняпра i Паляне -- Палякi. I г.д., i г.д. Але каб розныя чарнасоценцы ня спэкулявалi з прычыны аднолькавасьцi або падобнасьцi нацыянальных назоваў, дык валей зьмянiць, як зрабiлi ўкраiнцы. Беларусы нiколi ня звалiся Русьсю анi ў значэньню нацыянальным, анi ў значэньню палiтычным гэтага слова. Дзе была "Русь", "Руская зямля", глянь у "Ведзе" 1951г., б. 49, i ў "Савецк. хвальшаваньне", б.106. Да таго, што там сказана, я дадам гэтта толькi два прыклады. Прасьнякоў кажа: "Тое, што мы вельмi часта завем "Кiеўскай зямлёю", было ў старыну складаным камплексам, у каторы ўходзiла невялiкае Кiеўскае княства ("Руская зямля" ў вузкiм сэнсе слова) i "кiеўскiя воласьцi". Гэтую палiтычную цэласьць звалi Кiяўляне, як "Руская зямля" плюс "кiеўскiя воласьцi" (17). Вось-жа нат забраныя Кiевам некаторыя беларускiя землi (Дзераўская зямля i часьць дрыгвiцкае прасторы) ня былi Русьсю нат з гледзiшча палiтычнага, але былi "кiеўскiмi воласьцямi", зн. землямi, каторыя дзяржаў Кiеў. Галубiцкi падае: "У 1135 г. Нiфонт (бiскуп Вялiкага Ноўгараду) хадзiў да Русi -- да Кiева гадзiць Кiяўлян iз Чарнiгаўцамi" (18). У дачыненьнi да Беларусаў словы "Русь", "Русiн" i прыметнiк "рускi" азначалi хрысьцiян усходняга абраду з прычыны агульнага прыйма хрысьцiянсва пасярэднiцтвам Кiева -- Русi. Пра гэта гл. у "Ведзе", 1951 г., б.49-50. Ня зваўся ў мiнуласьцi наш народ i Беларусамi. Самi сябе нашыя людзi ў мiнуласьцi Беларусамi нiколi ня звалi, i -- да XVII стг. -- iх адно колькi разоў прыпадкам называлi гэтак чужнiкi. У сярэдзiне XVII стг. пачаў зваць наш народ Беларусамi маскоўскi пасольскi прыказ (але не народ). Першым агульна-нацыянальным назовам народу нашага быў назоў "Крывiчы". На гэта ёсьць досыць довадаў. Часьць iх падана ў "Ведзе" (1951, б.47). Гэтта прывяду адно два: Крыжацкi хронiкар Пётра Дусбург кажа пад 1314 г.: "Брат Гэнрык Маршалка... прыйшоў да Крывiцкае зямлi i места ейнае, што Ноўгарадкам завецца, узяў". Як ведама, Ноўгарадак быў на прасторы пляменна-дрыгвiцкай; з гэтага вiдаць, што назоў "Крывiчы" быў назовам агульнанацыянальным. Гасьцiнец, што вядзе з Палесься на Валынь, завецца крывiцкiм дагэтуль. У ХIII стг. побач iз назовам "Крывiчы" пачынае ўжывацца назоў "Лiтва". Да палавiны ХIV стг. перважае назоў "Крывiчы", пасьлей -- "Лiтва". З XV стг. i блiзу да канца ХIХ стг. ёсьць толькi "Лiтва". Пра нозоў "Лiтва" гл. "Веду", 1951., б. 47-48 i 51-52. Мова Маскоўскiя чарнасоценцы не прызнаюць беларускае мовы. Завуць яны яе нарэччам. Дый паводля iх паўстала яно неяк надта-ж нядаўна, у стагодзьдзю ХIХ, а то й пасьлей. А да ХII стг. i ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм быў, паводля iх, "русский язык". Яны любяць паклiкацца на Статут Лiтоўскi, дзе кажацца, што "пiсар земскi маець паруску ўсе лiсты, выпiсы i позвы пiсацi..." Скарына -- кажуць -- перакладаў Бiблiю на рускую мову, Iван Фёдараў друкаваў у Маскве i ў Беларусi тэй самай маваю, а Сымон Полацкi тварыў ёю вершы ў Полацку i ў Маскве. Анi Статут Лiтоўскi, анi менаваныя i iншыя дзеячы,-- паводля чарнасоценцаў, -- ня зналi беларускае мовы, бо яе ня было. А запраўды было й ёсьць гэтак. Найстаршыя асаблiвасьцi беларускае мовы, як i iншых маваў, даведваюцца лiнгвiстыя, моваведы прыраўнальна-лiнгвiстычнай мэтодаю. Такiя асаблiвасьцi паўсталi ў пару дагiстарычную, i яны сьветчаць, што ўжо тады была апрычоная беларуская мова. У часе агульнага прыйма хрысьцiянства ў канцы Х стг. была, ведама, у поўнай сiле разьвiўшыся беларуская мова. Але ў ёй тады ня пiсалi, бо з хрысьцiянствам прышла лiтаратура ў мове старабаўгарскай, каторую дзеля яе ўжываньня ў царкве пачалi зваць царкоўна-славянскай. Але ў кнiгах, пiсаных Беларусамi царкоўна-славянскай моваю, выразьлiва й багата прабiвалiся рысы беларускае мовы. Было гэта ўжо з ХI стг., зн. у найпершых памятках. Не пасьлей як з пачатку ХIII стг. чыстай беларускай моваю пiсалi творы практычнага характару. З пачатку ХV стг. маем ужо лiтаратурную беларускую мову. У ХV стг. у гэтай мове ёсьць багатая лiтаратура. Ад самага пачатку Вялiкага Княства Лiтоўскага мова беларуская, спачатку народная, а потым лiтаратурная ёсьць у iм моваю гаспадарствавай. Гэта вiдаць iз мноства проста мiльёнаў памяткаў, засталых ад Вялiкага Княства Лiтоўскага. Кажны, хто хоць крыху знаецца на моваведзе гэтае прызнае. Ня цяжка гэта прызнаць i не моваведу (19), трэба толькi мець вочы, незацемненыя тэндэнцыяй. Як ужо было сказана вышэй, дзеля таго, што агульнае прыймо хрысьцiянства сталася пасярэднiцтвам Кiева-Русi хрысьцiян усходняга абраду як праваслаўных, так i вунiятаў, у Беларусi звалi Русiнамi, а iхную веру -- рускай. Разам iз "рускай вераю" прышло "рускае пiсьмо" i "рускiя кнiгi", дзеля таго й мову гэтых кнiгаў Беларусы пачалi зваць рускай, дарма, што спачатку яны была царкоўна-славянская, а пасьлей -- беларуская. З мовы кнiжнае гэты назоў быў перанесены на беларускую мову народную. Значыцца, у Беларусаў было так, як старых Рымлян, дзе быў populus Romanus, але lingua latina, як ёсьць у Гiшпанцаў, каторыя сябе завуць Гiшпанцамi, а сваю мову кастыльскай, як ёсьць у Амэрыканцаў. Што да суседзяў, то Палякi спачатку звалi беларускую мову "лiтоўскай", а пасьлей, стыкаючыся зь Беларусамi, усё болей i болей пачалi зваць яе так, як гэтыя, значыцца "рускай". Украiнцы, будучы наагул палiтычна й iдэялягiчна асымiляваныя Беларусамi ў пэрыяд Вялiкага Княства Лiтоўскага, старабеларускую лiтаратурную мову ўважалi за сваю i звалi яе "рускай". Наколькi дазваляў правапiс гэтае мовы, Украiнцы й вымаўлялi яе пасвойму. Народную беларускую мову Ўкраiнцы заўсёды звалi "лiтоўскай". Што да Маскоўцаў, дык яны звалi "лiтоўскай" як лiтаратурную, так i народную беларускую мову. Уся iнтэлiгенцыя Вялiкага Княства Лiтоўскага як беларускага, так i лятувiска-жмуйдзкага й украiнскага паходжаньня гаварыла тагачаснай беларускай лiтаратурнай моваю. На гэтую-ж мову пераклаў Бiблiю ў 1517 г. др. Пранцiш Скарына. Сымон Полацкi, пакуль заставаўся ў Беларусi, пiсаў у гэтай мове свае вершы, а пераехаўшы да Масквы, пiсаў там вершы ў мове царкоўна-славянскай. Iван Фёдараў, або Федаровiч, друкаваў толькi пацаркоўна-славянску ў Маскве i ў Беларусi. Разгледзiм цяпер проказь, часта прыводжаную iз Статуту Лiтоўскага: "А писар земский маеть поруску, рускими литерами и словы вси листы, выписы и позвы писати, а не иншим езыком и словы; а присегнути маеть на врад свой". Дзеля таго, што мова беларуская названа рускай, маскоўскiя чарнасоценцы кажуць, што мова Статуту Лiтоўскага -- расейская. Але гэтак сказаць можна толькi заткнуўшы вочы й вушы на праўду. У прыведзенай проказi няма нiводнага вылучна расейскага слова. А словы беларускiя такiя, якiх няма ў мове расейскай, ёсьць у ёй гэтакiя: 1. двойчы ўжыта "маеть", парасейску сказалi-б "должен", "обязан"; 2. "литерами", парасейску было-б "буквами"; 3. "листы", парасейску было б "документы", "отношения"; 4. "выписы", парасейску "копии"; 5. "позвы", парасейску "обвинительный акт"; 6. "присегнути", парасейску ў тым часе заместа гэтага слова казалi "целовать крест"; 7."врад", прасейску "учереждение", "должность". Значыцца ў ваднэй складанай проказi ўжыта сем такiх словаў беларускiх, якiх ня было ў мове расейскай. У гэтай-жа проказi нiводнае слова ня лучыла такое, якога-б ня было ў мове беларускай. Але мова -- гэта ня толькi словы, але яшчэ хормы й гукi. Зь беларускiх хормаў, якiх няма ў расейскай мове, у разгледжанай проказi ёсьць гэткiя: "маеть" двойчы ўжытае (парас "имеет"); "поруску" (парас. "порусски"); "вси", гэта хорма паўночна-ўсходняга дыялекту i сярэдняй i ўсходняй часьцi сярэдняга дыялекту беларускае мовы. Яна-ж была нормаю ў старабеларускай мове лiтаратурнай. У мове расейскай была й ёсьць хорма "все". Гэта-ж хорма "ўсе" найчасьцей ужываецца ў беларускай кнiжнай мове цяпер, хоць пяршынство належыцца хорме "ўсi", бо яна 1) пануе на дзьвюх трэйцiх часьцях прасторы дыялекту, што лёг у васнову новае беларускае лiтаратурнае мовы; 2) была нормаю ў старабеларускай лiтаратурнай мове; "иншим" (парас. "иным", "другiм"). Зацемлю, што ў 3 ас. дзеясловаў канчатак быў мяккi; дзеля таго пiслi на канцу мяккi знак ("маеть"). Але здаралася, што гук выносiлi над радок, i тады мяккага знаку па iм ня ставiлi. Ведама, што i ў такiм прыпадку вымаўлялi мякка. Але Расейцы, пад уплывам свае вымовы, зносячы сугук у радок, звычайна ставяць па iм не мяккi, але цьвёрды знак ("мает"). Калi зьвернемся да гукаў, дык iзноў пабачым вялiкую розьнiцу ад мовы расейскае. Як даведзена моваведаю, р было зацьвярдзеўшы, зн. у разгледжанай проказi было ў словах "писар", "прысегнути", "врад" р цьвярдое. У мове расейскай у такiм палажэньню р мяккае. "Земский" вымаўлялася "земскi" (без й на канцы). Мяккае т было перайшоўшы ў ць, дык вымаўлялася "маець", "пiсацi", "прысягнуцi". В парад сугукам пераходзiла ў й. Паводля вымовы разгледжаную проказь трэба перадаць гэтак: "пiсар земскi маець паруску, рускiмi лiтарамi й словы ўсi лiсты, выпiсы й позвы пiсацi, а не iншым языком i словы; а прысягнуцi маець на ўрад свой." Як бачым, гэта чыстая беларуская мова. Яшчэ ад чарнасоценцаў чуем: "У Беларусi пiсалi дал, был (з л), зн. парасейску". Але! Пiсалi л: дал, был, волк i г.д., але вымаўлялi ў: даў, быў, воўк. I цяпер Славенцы ў такiм палажэньню пiшуць л, але вымаўляюць ў. Правапiс рэч умоўная, важна вымова. Што такая была беларуская вымова, даведзена моваведаю. Што да XV-XVII стагодзьдзяў, дык беларускую вымову гэтае пары можна наагул даведацца i без моваведы. Гэта дзякуючы беларуска-мусульманскай лiтаратуры, у каторай пiсалi наагул так, як вымаўлялi. Вось прыклад: "На землi, што розные рэчы ест, усiх тых лiджбу ён ведае. Пашоў адтуль, гуляў па вежах, разгледаў усе звезды, кажнае так сафамi, сафамi (20) завешана, кажнае за сегосьветную гару большае. Там-жэ вiдзеў адзiн анел вельмi дзiўный з моцы сваей стварыў его Панбог: палавiца iз сьнегу палавiца iз агню..." (21) Дачыненьнi да праваслаўных Маскоўская чорная сотня ў надзвычайна чорных хварбах стараецца паказаць палажэньне праваслаўных у Задзiночаным Беларускiм Гаспадарстве. Пра рэлiгiйныя дачыненьнi я напiсаў у "Савецк. хвальшаваньне" (б. 122 - 126 i зацемкi 323-338). Гэтта дадам да паданага тамака. У горадзельскiм прывiлею 1413 г. ёсьць некаторае абмежаньне правоў праваслаўнае арыстакратыi, наймя гэты прывiлей забараняў даваць у собскай Лiтве праваслаўным магнатам найвышшыя ўрады, з каторымi было завязана сяброўства ў Гаспарадскай Радзе. Паводля чарнасоценцаў гэты прывiлей прывёў да таго, што "ўсё лiтоўскае й рускае панства апалячылася i пачало ўцiскаць свой рускi народ" (гэтак яны завуць Беларусаў). Запраўды-ж абмежаваньне гэтым прывiлеем правоў праваслаўных магнатаў не тарнавалася на практыцы. Гэта сьцьвярджаюць М. Доўнар-Запольскi, М. Любаўскi, Вал.Пiчэта, М. Пакроўскi i iнш. (22) Таксама расейскi гiсторык Н. Ражкоў кажа: "Прывiлей Ягайлаў i Вiтаўтаў, даны Лiтве i Заходняй Русi ў Горадле 1413г., не дапушчаў у (Гаспадарскую) Раду асобы грэцкае праваслаўнае веры. Але хоць гэтая пастанова Горадзельскага прывiлею неаднойчы пацьвярджалася пасьлей, яна заставалася, адылi, увесь час юрыдычнай фiкцыяй: праваслаўныя арыстакраты ўвесь час пранiклаi ў Гаспадарскую Раду" (23). Iншыя дасьледавальнiкi ўважаюць, што гэтая пастанова ня была паўторана, але што ейнае паўтарэнне было схвальшаванае езуiтамi Зьяўляецца пытаньне: нашто было рабiць пастанову, калi яе не спаўнялi? Адказ на гэтае пытаньне дае Прасьнякоў. Ён добра выясьняе, што пасьля Грунвальдзкае бiтвы 1410г. крыжацкi ордэн разьвiў у Эўропе шалёную прапаганду супроць Лiтвы й Польшчы, вiнавацячы iх у вабароне паганства i варожасьцi да хрысьцiянскага сьвету. Узьнiкала небясьпечнасьць вайны з усёй Заходняй Эўропаю, тым больш што Жыгiмонт, цэсар Сьвятога Рымскага Цэсарства Нямецкага Народу, стаў на бок Ордэну i, прызнаны за арбiтру, прысудзiў супярэчныя землi, у тым лiку Жмудзь, Ордэну. "Каталiцкi дух Горадзельскай вунii адказвае ў даную часiну iнтарэсам Вiтаўтавым. Гэта дарога, каб паралiжаваць падзьдзяржаньне Ордэну Заходняй Эўропаю, дарога здабыцьця сымпатыяў на Заходзе. На Канстанцкiм саборы польскiя й лiтоўскiя паслы дабiваюцца ўстанаўленьня катэдры i апрычонага бiскупства на Жмудзi, вядуць перамовы пра вайну з Туркамi, просяць навукi й помачы ў справе прылучэньня да адзiнае каталiцкае царквы праваслаўных схiзматыкаў. Польшча i Лiтва выступаюць перад заходня-эўрапейскiм сьветам у новым сьвятле. Гэта пярэдняя стань заходняе культуры, апора заходняга сьвету супроць варожага мусульманскага й схiзматычнага Ўсходу... Вялiкiя князi (Вiтаўт i Ягайла) вядуць дружна дыпляматычны паход, каб вырваць меч iз рук Ордэну Крыжакоў i дзеля зьвязкаў памiж двума варагамi -- Ордэнам i цэсарам Жыгiмонтам шукаюць апiрышча ў папежа як сiлы, здольнай пралiжаваць i скампрамiтаваць варожую палiтыку галавы Сьвятога Рымскага Цэсарства й Тэўтонаў. Вiтаўт дабiваецца нат пратэктарату над Дэрпцкiм бiскупствам" (24). Што рэлiгiйныя абмежаваньнi Горадзельскага прывiлею мелi вылучна дыпляматычныя заданьнi, вiдаць таскама з таго, што неўзабаве пасьля Горадзельскага акту Вiтаўт прыняў iз рук гусiтаў чэскую карону i паслаў да Чэх за свайго намесьнiка Жыгiмонта Карыбутавiча. Расейскiя русыфiкацыйныя выданьнi стараюцца даць "змове" князёў 1481 г. -- Iвана Гальшанскага, Мiхала Алелькавiча i ягонага сваяка Хведара Бельскага -- характар рэакцыi на перасьледваньнi "рускага элемэнту ў Лiтве" або праваслаўных. Змова была выкрытая, два першыя змоўнiкi былi пакараныя сьмерцяй, а "Бельскi ўсьпеў уцячы да Масквы i тут хiба даваў землi "Па Бярэзiну"(25). Прасьнякоў прыходзiць да вываду, што гэта была "змова князёў" "дынастычна-радовая". Мы ведаем iмёны адно трох удзельнiкаў. На "землi" яны не апiралiся. Кiеўскiя баяры зрадзiлi Алелькавiчам i пры сваёй зрадзе й засталiся. Ня болей пераконваючая спроба зьвязаць "змову князёў" 1481 г. з пытаньнямi царкоўнага жыцьця. "Палiтыка князёў сваеасаблiва асьвятляецца подпiсамi Мiхала Алелькавiча, Хведара Бельскага, Змiтры Вяземскага пад лiстом Мiсаiла мiтрапалiта 1476 г. да папежа з выказаньнем пажаданьняў пра ўзнаўленьне перамоваў пра вунiю дзеля таго, каб прывесьцi ў любоў i пагадзiць абедзьве царквы iз захаваньнем абрадаў i наагул царкоўнае практыкi абедзьвюх; пры гэтым лiст адначасна падчырквае i прызнаньне папежа за найстаршага сьветнага ўсеначэльнейшага пастыра (як на Флёрэнцкiм саборы)... Пры такiх умовах цяжка казаць пра рэлiгiйныя матывы" (змовы). Палiтычна-дынастычныя матывы "змовы князёў" 1481 г. выступаюць даволi выразьлiва. Пра рэлiгiйныя матывы сучасныя ведамкi не гавораць... А найважней -- небыцьцё подаў на прызнаньня, каб за гэтай змоваю стаяў якi-колечы цямкi грамадзкi рух"(26). Таксама паўстаньне М. Глiнскага 1506 г. ня мела нiчагусенькi супольнага з праваслаўем. Глiнскi быў каталiк, заставаўся ён каталiком i апынуўшыся ў Маскве пасьля паўстаньня. I толькi, калi, пераканаўшыся ў сваёй абмыле, варочаўся да Беларусi, быў злоўлены Маскалямi i пасаджаны ў турму, тады, каб вызвалiцца з турмы, перайшоў з каталiцтва на праваслаўе. Прычына "змовы князёў" 1481 г. i паўстаньня Глiнскага была ў iмкненьнi Мiхала Алелькавiча ў першым прыпадку i Мiхала Глiнскага ў другiм самому стацца вялiкiм князем Лiтвы. Хочучы ў найгоршым сьвятле паказаць палажэньне праваслаўнае царквы ў беларускiм гаспадарстве, чарнасоценцы, ня лiчачыся з праўдаю, галаслоўна пералiчваюць прыпадкi перасьледаваньня праваслаўных. Гэтак яны, бывае кажуць, што ў 1764 г. была ўстаноўлена кара сьмерцi тым, хто пераходзiў з рымскага каталiцтва на праваслаўе. У Беларусi ня было гэтага. Нашто было-б такое права? Рымскiмi каталiкамi былi толькi паны (ня ўсе) i часьць шляхты. Мы ня ведаем прыкладаў, каб хто зь iх хацеў пераходзiць iз каталiцкае на праваслаўную веру. "У 1699 - 1795 гг., -- цьвердзяць чарнасоценцы,-- у нiводнай епархii не дапусьцiлi праваслаўнага япiскапа". Яўная няпраўда! Успомнiм хоць-бы магiлеўскага япiскапа Канiскага. Зрэшты, ад расейскае чорнае сотнi i спадзявацца нiчога iншага нельга, заданьнем iх ёсьцека, ня перабiраючы ў сяродках, ходацца супроць вызвольных iмкненьняў паняволеных Расеяй народаў. На тое, як запраўды было, я прывяду сьцьвярджэньнi вучоных дасьледавальнiкаў. Гэтак праф. А.Савiч кажа: (У XV стг.) "землi праваслаўных цэркваў i манастыроў адзержылi тыя палёгкi, каторымi карысталiся каталiцкiя цэрквы й манастыры" (27). Праф. Уладзiмер Пiчэта: "Вялiкакняскi прывiлей з 26-га сьнежня 1609 г., выданы на iмя Полацкага ўладыкi, вызваляў царкву i царкоўнае жыхарства ад падсуднасьцi сьвецкiх ураднiкаў. У iстоце гэты прывiлей не ствараў нiякiх новых праўных нормаў, адно пацьвердзiў тыя правы, каторымi фактычна карысталася праваслаўная царква (гл. Довнар-Запольский. Акты Литовско-русского государства, NoNo 4 i 5; Леонтович. Акты, 679; Сапунов. Витебская старина, No 17). Лiсты ўдзельных князёў, выдаваныя праваслаўным цэрквам, зьмяшчалi палёгкi такога-ж роду, i вялiкакняскi ўрад (Лiтвы) лiчыўся з гэнымi лiстамi i прызнаваў iх праўную сiлу i значэньне (Акты Зап.России, I, No 77; Леонтович. Акты, NoNo49, 28)"(28). Пiшучы пра царкоўнае земляное права, Ул. Пiчэта кажа: "Земляное права праваслаўнае царквы разьвiвалася аналягiчным парадкам (як каталiцкае царквы)... У гэтым дачыненьнi праўнае палажэньне каталiцкае й праваслаўнае цэркваў было зусiм чыста аднолькавае. Маемасьць абедзьвюх цэркваў была вольная ад вайсковай павiннасьцi, i абедзьве цэрквы мелi поўны iмунiтэт што да люднасьцi, каторая жыла на iхных землях" (29). Праф. В.Дружчыц: (У Вiльнi, як i ў iншых местах беларускiх, апрача мяшчан, жыло духавенства, паны й шляхта). "З гэтае прычыны ўтвараюцца й розныя ўлады i прысуды (юрыдыкцыi), якiм падлягае кажны стан. Паны падлягаюць вайводзе або беспасярэдна ўладзе вялiкага князя, шляхта -- замковаму прысуду (на чале яго стаяў вайвода), духавенства мае свой прысуд: бiскуп каталiцкi -- адзiн, мiтрапалiт праваслаўны -- другi, а з утварэньнем вунiяцкае царквы зьяўляецца прысуд i вунiяцкага мiтрапалiта" (30). "Блiзка 1589 г. Жыгiмонт III выдае прывiлей, каторы забясьпечвае як царкоўную маемасьць, так i самае праваслаўнае духавенства. У iм кароль кажа, што, "будучы фундатарам i найвышшым абароньнiкам цэркваў Божых i наданьня iх, стан духоўны закону Грэцкага, нi ў чым ня ўзрушаючы, у цэласьцi i пры зупоўнай моцы i ўладнасьцi, у зацнасьцi i дастаенстве, яка i духавенства закону Рымскага заставуема" (31). Гэты прывiлей быў выданы як абарона ад дамаганьня шляхты (правасалаўнае й каталiцкае), каб людзi, жывучыя на касьцельных або царкоўных землях, адбывалi гаспадарствавыя павiннасьцi. Згодна зь менаваным, i духавенства праваслаўнае дзейна прыяла Беларускаму гаспадарству, што асаблiва праяўлялася ў часе войнаў Беларусi з Маскоўшчынаю. Гэтак, прыкладам, у 1514 г. уладыка смаленскi Варсанов праявiў вялiкую дзеяльнасьць, каб зьвярнуць Смаленск назад Беларускаму гаспадарству (32), за што быў пакарны маскоўскiм акупантам. Ад канца XVI стг. i блiзу ўсю першую чэцьверць XVII стг. смаленскае духавенства (ведама, праваслаўнае) разам зь iншымi Смальнянамi вельмi дзеяла на карысьць Беларускага гаспадарства ("Лiтвы") (33). Палажэньне сялян Расейскiя чарнасоценцы цьвердзяць, што ў Беларускiм гаспадарстве быў страшны ўцiск сялянства. За забiўства селянiна быццам трэба было заплацiць толькi 3 рублi 25 капеек. Шляхцiч мог жартуючы застрэлiць селянiна. Вось выяжджае на паляваньне, хоча папрабаваць, цi добра б'е стрэльба, i страляе ў селянiна. Зацемлю, што ў Беларускiм гаспадарстве капеяк ня было. Але ня ў гэтым справа, а ў тым, што ўсё гэтае цьверджаньне -- чыстая мана. Статут Лiтоўскi вуча, што чалавек простага стану ёсьць "Божае стварэньне" i, апрача галаўшчыны, вызначае шляхцiчу кару сьмерцю за ўбiўства селянiна. Вось вынятак зь 1-га артыкулу ХII разьдзелу Статуту 1588г. "Паўсьцягаючы мы, гаспадар, сваволенства й зуфальства людзкiя, каторыя ся ад часу ў людзях няўзьдзержлiвых, без усякае баязьнi Божае, аказуюць, з таго й кроў нявiнную людзкую бяссорамна й нявiнна... разьлiваюць, i тым ня менш Пана Бога ку гнуву на рэч паспалiтую пабужаюць, уставуем: есьлiбы каторы шляхцiч, легца паважаючы права паспалiтае а зьдзекуючыся над стварэньнем Божым, чалавека простага стану, ня шляхцiча забiў, таковы шляхцiч...маець быць горлам каран, кром галаўшчыны". Дачыненьнi да Жыдоў Супроць усякага розуму часьць Жыдоў паддзержвае расейскi iмпэрыялiзм. Каб паказаць iм, што Расейцы бароняць Жыдоў i наладзiць iх супроць Беларусаў, чарнасоценцы маняць, што яшчэ гарэй шляхта ў Беларусi зьдзекавалася над Жыдамi, чымся над сялянамi. Тымчасам у Беларусi "Асоба Жыда ўважалася за незачэпную. Забiўцу Жыда каралi сьмерцяй iз забраньнем ягонае маемасьцi. Рэлiгiйныя перакананьнi Жыдоў баранiла права. Права забараняла клiкаць Жыдоў да адказу i прынукаць iх плацiць даўгi ў жыдоўскiя сьвяты" (34). "Свабода месцкага жыцьця i прывiлеi, даваныя вялiкiм князем i магнатамi, прынадзiлi да Вялiкага Княства Лiтоўскага вялiкую колькасьць Жыдоў. Яны мелi магчымасьць свабодна спаўняць свой рэлiгiйны культ, весьцi гандаль i займацца рамёсламi" (35). Дачыненьнi Беларусаў да Маскоўшчыны-Расеi Як камунiстычны Крэмль пры цяперашнiм яго шавiнiстычна-расейскiм курсе, так i чарнасоценцы цьвердзяць, што Беларусы свайго Беларускага гаспадарства адно толькi й думалi, каб задзiночыцца з Масквою-Расеяй i ня крыўды, але адно дабро дазнавалi ад гэтае. Але гiстарычныя факты й дакумэнты сьветчаць пра адваротнае. Адсылаю да таго, што падана ў мяне пра гэта ў "Савецк. хвальшаваньне" (б. 127-128), а тут адно пакажу, што зрабiлi Маскоўцы зь Беларусяй у вайну 1654-1667 г. Бяру з "Нарысу гiсторыi Беларусi", т. I, В.Шчарбакова. Зацемлю, што Шчарбакоў зусiм ня беларускi iдэялёг. "Маскоўцы,-- кажа Шчарбакоў,-- нiшчылi ўсё чыста ў Беларусi. Надзвычай пацярпелi ў часе гэтае вайны: Ворша, Магiлёў, Бабруйск, Мазыр, Быхаў, Iмсьцiслаў, Пiнск, Тураў, Петрыкаў, Вiльня i сьцяг iншых местаў. Ворша была блiзу ўся выпалена ў першым годзе вайны. Вялiзарная часьць Магiлева была таксама выпалена й разгромлена ў студнi-лютым 1655 г. Iмсьцiслаў быў падпалены i ўвесь згарэў iз пажыткамi ў iм. Выпалены быў да званьня Пiнск i акольныя сёлы... Вялiзарная колькасьць войтаўстваў i цэлых паветаў у рэзультаце гэтае вайны былi ператвораныя ў пустынi. Iструбецкае, прыкладам, войтаўства Магiлёўскага павету, паводля паведамленьня самога маскоўскага вайводы ў Магiлеве, "мало не все пусто" сталася. Блiзу цалком быў разгромлены Пiнскi павет. У Асабецкiм, прыкладам, войтаўстве Магiлеўскага павету, да вайны сялян было 7000, "а ныне пусто", пiсаў той-жа вайвода. Пры адступленьнi маскоўскiх войскаў на iхнай дарозе нiшчылася ўсё -- дамы спальвалiся, уся люднасьць уводзiлася ў палон, пошар, што заставаўся, нiшчыўся. У верасьнi 1660г. быў пасланы ўказ Даўгарукаму "паслаць ваенных людзей у паветы Дурбовенскi, Аршанскi, Капыльскi, Шклоўскi, Магiлёўскi, Крычаўскi з тым, каб яны забралi ў жыхароў збожжа, жывёлу, а сена й салому палiлi без астачы"... "Ваенныя людзi спаўнялi ахвотна гэты царскi ўказ, спадзяючыся ўзбагацiцца здабычай". Гэтак пiсаў буржуазны гiсторык Расii Салаўёў". Усё гэта прывяло да таго, што ўжо ў часе самае вайны ў шмат якiх мясцох ня толькi не заставалася нiякiх запасаў люднасьцi, але й ня было чым кармiць (маскоўскую) армiю. "У Быхаве емiны няма, ваенныя людзi ядуць траву й конi" (б. 208 -- 209). Шчарбакоў падае жудасны абраз нiшчэньня Маскоўцамi беларускага сялянства: "Сяляне Аршанскага пав. у ваднэй iз сваiх просьбаў (цару) пiсалi ў гэтым часе: "Цяпер у нас, сiротаў тваiх, жанкi й дзеткi ўсi бязь весьцi згiнулi, бо пабралi твае гасударовы вайсковыя людзi i разьвялi па розных палкох i да цябе, гасудару, пад Смаленск, i маемасьць, статкi ўсе ў нас, i жывёлу, i збожжа пабралi, i дамкi папалiлi, туляемся па лясох голыя й босыя, сядзiм на пажарышчу, iзь сьцюжы, голаду чыста згiнулi, зруйнаваныя да апошняга, а тых сваiх жоначак i дзетак iскаць ня сьмелi, усюды нас б'юць. Усюдых сярод сялянскае люднасьцi была маса вымерлых i забiтых. Шмат сялян бадзялася па лясох i хавалася ў балотах i гушчарох... Калi ў сьцязе раёнаў i захавалася яшчэ сялянскае жыхарства, то ў яго "не было ни лошадей, ни животины, а у многих ... и хлеба нет, бродят по миру". Капiтан царскiх войскаў паведамляў маскоўскаму вайводзе ў Менску, што "в Минском уезде во многих местах и селах и деревнях ржи и ярового хлеба у крестян нет". А тымчасам царскiя вайводы...вымагалi ад сялян бязупыннай даставы збожжа, пошару, жывёлы й конi. Побач з гэтым адбывалiся бязупынныя грабяжы сялянства... Асаблiва ў цяжкiм палажэньню апынулася сялянская люднасьць у мамэнт адступленьня маскоўскiх войскаў... Апынуўшыся ў цяжкiм палажэньню, маскоўскiя войскi пры сваiм адступленьню не шчадзiлi ўжо нiчога. За найважнейшую прычыну вайго паражэньня яны ўважалi зраду ўкраiнскiх казакоў i сялянскiя непарадкi (запраўды -- сялянскую партызанскую вайну супроць Маскоўцаў, але гэтага аўтар пабаяўся сказаць. -- Я.С.). Дзеля таго яны пры сваiм адступленьню, як азьвярэлыя, накiдаюцца на сялянскую люднасьць, грамяць i паляць сёлы i нiшчаць на сваёй дарозе ўсё, што сустрэнецца" (б. 197 - 199) (35а). Цi была забарона пiсаць у ўрадах пабеларуску У расейскай i польскай лiтаратуры пашырана цьверджаньне, што ў 1696 г. было забаронена пiсаць у ўрадах пабеларуску i загадана пiсаць папольску. Аказваецца, адылi, што гэтак ня было. На канфэрэнцыi ў Варшаве 29-га жнiўня 1696 г. разглядалiся, мiж iншага, справы, датыкаючыя судовых трыбуналаў, i была зроблена гэткая пастанова: "Пiсар, адылi, земскага вайводзкага суду, дзе будуць адбывацца Галоўныя трыбунальскiя суды, зрабiўшы судовы запiс, застанецца на месцу, але галасаваць ня мае ў справах, належачых да суду. Ён мае толькi справы, разгляданыя ў коле (судзьдзяў) i разьвязаныя бальшынёй галасоў, запiсаваць папольску, а не паруску" (36). Вось-жа пастанова гэтая датыкаецца толькi трыбунальскiх судоў, а ня ўрадаў наагул. Апрача того, у "Пактах канвэнтах" новаабраны кароль Фрыдрых Аўгуст заявiў: "У справах i пасольствах ад Рэчы Паспалiтай мы, згодна з даўнымi законамi, ня будзем карыстацца сваей пакаёвай пячаткаю або сыгнэтам i абяцаем выдаваць усе лiсты, справы i публiчныя легацыi толькi ў мове польскай i лацiнскай, а ня iншай" (37). Гэтае абавязаньне караля датыкаецца справаў дыпляматычных i iншых, выходзячых ад самога караля, але ў iм няма мовы пра ўрады Лiтвы. Апрача гэтага, дзеля таго, што ў вабодвых прыпадках не названа Вялiкае Княства Лiтоўскае, можна думаць , што пастанова й абавязаньне мелi наўвеце толькi ўкраiнскiя землi Польшчы. Гэтта на месцы будзе зацемiць i пра палянiзацыю наагул. Як ведама, у 2-ой палавiне ХVII стг. i асаблiва ў стагодзьдзю XVIII таварыскай i хатняй моваю беларускага вялiкага панства сталася мова польская, але патрыётамi свайго народу i свайго гаспадарства яны заставалiся. Маем тут дачыненьне ня з утратаю нацыянальнага сьвядом'я, але з утратаю сьвядом'я моўнага, як гэта сталася з Жыдамi яшчэ да Хрыста i шмат пасьлей зь iрляндцамi. Як ведама, толькi малы працэнт iрляндцаў знае iрляндзкую мову, а ўсе iншыя гавораць паангельску, але ўсе -- iрляндзкiя патрыёты. Што да драбнейшага панства i засьценкавае шляхты, дык яны заставалiся пры сваей моўнай беларушчыне i палячылiся за расейскага часу ў XIX i ХХ стагодзьдзях з прычыны галоўна тых умоваў, каторыя стварыла ў Беларусi Расея. Беларусь пад Расеяй Расейскiя чарнасоцены цьведзяць, што ў Беларусi прылучанай у канцы ХVIII -- пачатку ХIХ стг. да Расеi настала шмат лепшае жыцьцё, чымся было дагэнуль. Якое гэта было паляпшэньне, я паказаў у "Савецк. хвальшаваньне" (б. 134 - 142). Гэтта крышку дадам. Разглядаючы, ад даўных часоў, дачыненьнi памiж клясаю ралейнiкаў i клясаю землясобсьнiкаў у Беларусi, праф. В. Пiчэта сьцьвярджае, што "Гэтыя клясавыя супярэчнасьцi неаднойчы прыводзiлi да стырчкi абедзьвюх клясаў на фоне земляных дачыненьняў, да тае стырчкi, што праявiлася асаблiва войстра спачатку ў пару 1861 г., потым у пару рэвалюцыi 1905 г. i, наапошку, у пару лютаўскае рэвалюцыi" (38). Вось-жа найцяжэй беларускаму сялянству жылося пад Расеяй. Я зьвярну ўвагу на адно вельмi характарыстычнае сьветчаньне мовы пра страшнае пагаршэнье долi беларускага сялянства, калi Беларусь забрала Расея. Мова рэдчас бывае гiстарычнай сьветкаю i тады ёсьць сьветкаю найаб'ектыўнейшай. Я маю наўвеце зьмену ў значэньню слова "старац". За незалежнага беларускага гаспадарства "сялянскi самаўрад у Беларусi займаў выдатнае месца". Воласьць была найвышшай тэрытарыяльнай i адмiнiстрацыйна-фiнансавай адзiнкаю ў самаўрадовым жыцьцi сялянства Беларусi. На гэтай тэрыторыi жылi сяляне, мяшчане i баяры. На чале гэтай "самаўрадовай" адзiнкi ўставiчным прадстаўнiком i "ахоўнiкам iнтарэсаў валаснога самаўраду " быў галава яе -- старац. "Выбары старца рабiлiся прадстаўнiкамi сёлаў -- старшымi мужамi, добрымi людзьмi, каторыя зьбiралiся на валасны сход, веча i выносiлi там рассудак пра абраньне старца." (39) Але ў ХIХ стг. старцамi ў Беларусi ўжо звалi ўбогiх. Гэтак з упадкам палажэньня беларускага сялянства ўпала i значэньне назову ягоных лепшых прадстаўнiкоў. Цяпер старыя сяляне часта ня мелi з чаго жыць i мусiлi з хатулём на плячох хадзiць прасiць лусты хлеба -- "старцаваць". Агульна ведама, што ў 1864 г. расейскi ўрад забаранiў беларускi друк. З гэтым згадджаюцца нат савецкiя аўтары (40). Але расейская чорная сотня гэтаму пярэчыць. Яны заяўляюць, што быў забаронены толькi беларускi друк лацiнiцаю i што гэта было зроблена добра. Гэтаму пярэчаць такiя факты, як той, што ў 1902 г. "Вязанка" Iв. Няслухоўскага прайшла ў Пецярбурзе цэнзуру, як баўгарскi зборнiк вершаў. Расейскiя чарнасоценцы цьвердзяць, што "Палякi апекавалiся беларускiм нацыянальным рухам". Як довад яны прыводзяць, што, да 1905 г., бальшыня беларускiх кнiжак друкавалая ў Кракаве. Ведама, -- адкажам,-- бо да першае сьветнае вайны гэта была блiжшая, а тым самым таншая загранiца. Але друкавалi i ў Лёндане. Гэтак, у тымжа 1902 г. у Лёндане Беларусы выдалi зборнiк твораў Пранцiша Багушэвiча на папяроснай паперы пад назовам "Песни" i з надпiсам на вокладцы "С разрешения Синодальной типографии". Вось-жа й тут беларуская кнiжка кiрылiцаю была друкавана загранiцаю, чаго ня было-б, калi-б беларускi друк ня быў забаронены наагул, бяз розьнiцы пiсьма. Цьверджаньне чарнасоценчаў, што на пачатку белаускага адраджэньня Беларусы, будучы на эмiграцыi ў расейскiх местах, барзьдзей нацыянальна актывiзавалiся, чымся ў самой Беларусi, да некаторае меры правiльнае: стыкаючыся з Расейцамi, Беларусы барзьдзей усьведамлялi сваю нацыянальную апрычонасьць. Што з рэвалюцыяй ў лютым 1917 г. Беларусы ў Бацькаўшчыне ня ўсюдых пры выбарах маглi праявiць сябе так, як гэтага можна было спадзявацца, выясьняецца тым, што тады ўся Беларусь была наводненая расейскiм войскам, а Беларусы вайскоўцы былi разасланыя на франты паўднявы, румынскi й каўкаскi. Пекла, створанае бальшавiкамi ў Беларусi, чарнасоценцы завуць "шчасьлiвым жыцьцём пад бальшавiцкай уладаю". Гэтае шчасьце Беларусы заўдзячаюць Маскве. Усе чыста, свае й чужыя, назiральнiкi Беларусi згаджаюцца з тым, што калi-б Беларусь ня была пад Расеяй, дык Беларусы не зазналi-б бальшавiцкага раю. Заўвагi (1) Я. Станкевiч. Савецкае хвальшаваньне гiсторыi Беларусi. Iнстытут для вывучэньня СССР.-- Мюнхэн, 1956.-- Б. 6-8. Далей цытуецца як "Саыецк. хвальшаваньне". Да лiтаратуры, на якую тут паклiкаюся, мажна дадаць яшчэ: Б. Архангельский у час. "Соцыялiстычнае будаўнiцтва".-- Менск, 1926. Х., б.201 i картаграма на б. 212. (2) А. Пресняков. Лекции по русской истории. т. I.1938. -- Б.33. (3) Там-жа (4) Гл. "Савецк. хвальшаваньне, б. 98-100 (5) А. Пресняков, там-жа.-- Б. 54-156 (6) Там-жа. (7) А. Пресняков. Лекции по русской истории, II - 1. -- Масква, 1939. (8) Там-жа.-- Б.46. (9) Гл. Савецк. хвальшаваньне", б.94-97 i 107, а пра беларускую культуру пары Вялiкага Княства Лiтоўскага гл. там-жа, б. 117-122. (10) Гл. там-жа.-- Б. 108-110. (11) А. Пресняков. Лекции по русской истории, II-1, б.53. (12) Проф. Владимирский-Буданов. Рада Великого Князiвства (13) Проф. Владимирский-Буданов. Рада Великого Князiвства Литовського, б. 214 (Записки Соцiяльно-Економiчного вiддiлу Української Академїi Наук. т.IV. -- Кiеу, 1926). (14) И. Лаппо. Литовский Статут 1588 г. Исследование, I-1, б. 278-279; I-2, б. 101, 117 i наст., 143-144. (15) В. Дружчыц. Палажэньне Лiтоўска-Беларускае дзяржавы па Люблiнскай вунii, б.250-251 ("Працы Беларускага Дзяржаўнага ўнiвэрсытэту".-- Менск, 1925. No 6-7). (16) Проф. В. Пичета. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии, I (до конца XVI в.).-- Менск, 1928. -- Б. 126-127. (17) А. Пресняков. Лекции по русской ист., I, б. 96. (18) Голубицкий. История русской церкви, I, б. 673. (19) Шырэй пра старабеларускую мову лiтаратурную чытач знойдзе ў маёй кнiжцы "Доля мовы беларускае (яе вонкашняя гiсторыя) у розныя пэрыяды гiсторыi Беларусi". -- Нью Ёрк, 1954; а таксама ў "Ведзе" з 1954 г. Там жа ёсьць повесьць у старабеларускай лiтаратурнай мове. (20) саф -- рад, арабiзм. (21) "Аль Кiтаб" Беларускага Музэю Iвана Луцкевiча ў Вiльнi, б. 116 (Гл. Slavia, ХII, 3-4, б. 379). (22) Гл. лiтаратуру ў "Савецк. хвальшаваньне", зацемка 324. (23) Н. Рожков. Русская история в сравнительно-историческом освешении (Основы социалистической экономики), т.11, Феодализм. -- Масква, 1922.-- Б. 124. (24) А. Пресняков. Лекции по русской истории, II-1, б.97. (25) Там-жа.-- Б.155. (26) Там-жа.-- Б.155-157. (27) А. Савич. Нариси з iсторii культурних рухiв на Украiнi та Бiлорусi в XVI--XVIII в., б.25. (28) В. Пичета. История сельского хозяйства и землеваладения в Белоруссии, 1928.-- Б.80. (29) Там-жа.-- Б.117. (30) В. Дружчыц. Места Вiльня ў першай палове XVI стг. (б. 123, Чатырохсотлецьце беларускага друку.-- Менск, 1926). (31) А. Савiч, там-жа.-- Б.28. (32) М.Любавский. Очерки истории Литовско-Русского государства, б. 192. (33) Голубцов. "Измена" Смольнян при Б. Годунове и "Извет" Варлаама, б. 222-231 (Рос. ассоциация научно-исследовательских институтов обшественных наук. Институт истории. Ученые записки, т.V. -- Масква, 1929). Прыр. В. Мальцев. Борьба за Смоленск (XVI--XVII вв.) -- Смаленск, 1940.-- Б.246-247, 275, 283, 308. (34) В. Пичета. История сельск. хоз. и землевладения... б.75. (35) В. Шчарбакоў. "Нарыс гiсторыi Беларусi", т.I. (36) Vol. legum, V, б.417-418. (37) Vol. legum, V, б.40 (38) Проф. В.Пичета. История сельск. хоз. и землевладения в Белоруссии, б. 6. (39) Усе цытаты ўзятыя з "Нарысу гiсторыi Беларусi", т.I, В. Шчарбакова. (40) Прыкл., Ивашын кажа: (пасьля паўстаньня 1863г.) "друк кнiкаў у беларускай мове быў забаронены" ("Очерк ист. белор. сов. литературы", 1954, б.13). Файл падрыхтаваны Раманам Салаўянам.