Др. Я. СТАНКЕВIЧ ГIСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАГА ЯЗЫКА Вiльня 1939 - 1 - ГIСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАГА ЯЗЫКА. Нутраной гiсторыяй языка ё развой ягоных гукаў, морфолёгiчных i сынтаксычных хормаў ды слоўнiка. Да гiсторыi вонкавай языка належыць пашырэньне цi звужэньне данага языковага прастору, мамэнт лiтаратурнасьцi, папасьледак грамадзкое значэньне языка ў розныя поры гiсторыi народу. У гэтым артыкуле будзе мова аб вонкавай гiсторыi языка беларускага. Вонкавая гiсторыя кажнага языка балей альбо меней цесна зьвязана зь гiсторыяй культурнай i палiтычнай данага народу. Як пабачым нiжэй, гэта ў сту працэнтах адносiцца да вонкавае гiсторыi языка беларускага. Беларуская мова ў пару праславянскую ------------------------------------ Да свайго выдзяленьня ў вапрычоны язык беларуская мова была нарэччам языка праславянскага. Ужо тады яна мусiла займаць ладны прастор у паўднявой часьцi цяперашняй Беларусi этнографiчнай, даходзячы на поўначы найвышэй да Смаленска. Як выходзiць iз старых асаблiвасьцеў языковых, супольных у беларускага языка зь iншымi языкамi славянскiмi(1) беларускае нарэчча гранiчыла ў пару праславянскую на паўднявым заходзе -- iз славенскiм(2), на заходзе -- з польскiм, на паўночным заходзе -- з кашубскiм, а на паўночным усходзе -- з расейскiм. Ведама, што ўжываю назоваў пазьнейшых. Апрача таго ўжо ў гэную пару беларуская мова гранiчыла на поўначы з нарэччамi балтыцкiмi. Тыя самыя асаблiвасьцi языковыя, супольныя ў Беларусаў iзь iншымi Славянамi, сьведчаць, што беларускi язык беспасярэдне выдзялiўся зь языка праславянскага, значыцца, што ня было пары прамежнай памiж праславянскай i беларускай(3) ------------------------------ (1) Станкевiч Я., Месца беларускага языка сярод iншых славянскiх языкоў i час яго ўзьнiку ("Родная мова No. 5, бач. 97-109) (2) Супольна iз славенскiм беларускi язык мае пераход "л" у "ў" i такую важную асаблiвасьць як аканьне, вылучна iм дваiм супольную (3) Станкевiч Я. ibid, прыр. так жа Hujer O., Uwod do dejin jaz. ces., каторы памiж iншым кажа на бач. 80: "Вiдаць, што нельга языкi славянскiя з нутраных якiх довадаў дзялiць на заходнеславянскiя, паўднёваславянскiя й усходнеславянскiя. Навуковая клясыфiкаца языкоў славянскiх здаваляецца iх вылiчэньнем i констатованьнем старых супольных рысаў. - 2 - Пара гiсторыi апрычонага беларускага ------------------------------------ языка ад пачатку да ХIII стаг. ------------------------------ Выдзяленьне беларускага языка з праславянскага настала не пазьней як у V стаг. па Хрысту(1) Выдзяленьне асобных языкоў славянскiх iшло побач iз расьсяленьнем розных часьцеў Славян на балей або меней новых прасторах. Дзеля таго што жыцьцё новых народнасьцяў славянскiх было дэцэнтралiзаванае, па якiмсь часе настала iх дыфэрэнцыяца на асобныя плямёны з пачаткамi новых нарэччаў. У той час прастор беларускага языка зыходзiўся з прасторам займаным усiмi беларускiмi плямёнамi. Быў гэта прастор вялiзарны. У IХ - ХV стаг. гранiцы беларускага языка былi гэткiя: мяжа з мовай польскай праходзiла крыху далей на заходзе як цяперака(2), а на ўсходзе цягнулася далёка за Аку, абыймаючы Арол, Курск, Калугу i ладную часьць краю Разанскага. Басэйн ракi Акi займалi беларускiя Вяцiчы(3). Гранiца зь языком украiнскiм праходзiла на паўднi ад Прыпяцi. На паўдзённым усходзе ўвесь басэйн Дзясны быў заняты беларускiмi Севяранамi(4). На поўначы Беларусы (племя Крывiчы) займалi ўсю гiстарычную Пскоўшчыну ўлучна з возерам Пскоўскiм ды ладную часьць Цьверскага княства(3). --------------------------- (1) Прыр. проф. Hujer, ibid. (2) Цяперашняя гранiца беларускага языка з польскiм праходзiць ад вусьця р. Супрасьлi ў Нарву ў простым балей меней кiрунку на паўдня ( на паўднi Бельскага пав. ськiровуецца выразна на ўсход у кiрунку Берасьця) i на поўнач. Глянь "Mapa dialektow bialoruskich" ("Balticoslavica" II, 399). (3) Аб беларушчыне Вяцiчаў i Крывiчоў гл. мой артыкул "Беларускiя плямёны i iхняе расьсяленьне" (Родная мова No.2, бач. 5-14 i No.3-4, бач. 49-59). Там-жа паказана лiтаратура. У гэным артыкуле я ўважаў, што Вяцiчы й Радзiмiчы на свае гiстарычныя сялiбы прыйшлi iз заходняга прастору беларускага. Такi пагляд быў выклiканы станам веданьня аб беларускiх дыялектах у часе пiсаньня артыкулу (1925 г.), пайменна, як Карскi, так i Маскоўская Дыялектная Камiсiя азначылi беларускi дыялект у Чарнiгаўшчыне як дысымiляцыйны (вымова "выда", "ныга" i пад.) Гэткiм парадкам недысымiляцыйнае аканьне вяцiцкае (вымова "вада", "нага" i пад.) - 3 - Беларускi язык гаспадарсьцьвены й лiтаратурны ў Вялiкiм Княстве --------------------------------------------------------------- Лiтоўскiм. Слаўная пара беларускага языка (стаг. ХIII-ХVI) ---------------------------------------------------------- Стаўшыся апрычоным, беларускi язык, падобна як i iншыя языкi, быў даўгi час адно языком народным, гэта значыцца, што ня было ў iм лiтаратуры. Прыймо хрысьцянства ў канцы Х стагодзьдзя спачатку мала зьмянiла ў гэтай справе, бо, як i ў iншых народаў, языком лiтаратурным стаўся язык багаслужэбны, каторым у Беларусi быў язык царкоўна-славянскi або накш кажучы старабаўгарскi. Адно з ХIII стаг. захавалася шмат памяткаў, пiсаных у мове беларускай. Паходзяць яны галоўна iзь земляў Полацкай i Смаленскай. Буйное й дэмократычнае грамадзкае й полiтычнае жыцьцё ў гэтых гаспадарствах прыяла iх раньняму вызваленьню ад царкоўна-славянскiх уплываў у языцэ. А даўгая пара культурнай працы ў беларускiм языццэ народным паслужыла прыгатоваю да таго, каб у стаг. ХIV ён стаў языком лiтаратурным i гаспадарсьцьвеным у новым задзiночаным гаспадарстве беларускiм, ведамым у гiсторыi пад назовам Вялiкага Княства Лiтоўскага. Асноваю даўнейшага беларускага языка лiтаратурнага сталiся гаворкi паўднёва-полацкiя, будучыя адначасна гаворкамi ўсходнiмi ў цэнтральным дыялекце --------------------------- было адлучана ад такога-ж аканьня заходне-беларускага аканьнем дысымiляцыйным. Але аднолькавасьць першых двух аканьняў можна было выясьнiць толькi iх аднолькавым паходжаньням, што ўсувязi зь весьцяй кiеўскага летапiсца прынукала Вяцiчаў, а за iмi й Радзiмiчаў выводзiць iз заходу Беларусi. А калi у 1927г. П. Растаргуеў у сваёй монографii "Северско-белорусский говор" паказаў, што северскае аканьне недысымiляцыйнае, дык менаваная перагародка памiж аднолькавым беларускiм аканьнем шчэзла i няма жаднай прычыны Вяцiчаў i Радзiмiчаў ня лiчыць спачатным насяленьням на iх гiстарычных сялiбах. Згодна з такiм раскладам аканьня трэ' было-б з гледзiшча гiстарычнага беларускую мову дзялiць на нарэчча паўночнае (дысымiляцыйнае, крывiцкае) i на паўднявое (недысымiляцыйнае, паходзячае ад усiх iншых беларускiх плямёнаў). (4) Растаргуеў П., Северско-белоруский говор. Пецярбург 1927. У гэнай працы Растаргуеў канчальна давёў, што Севяране былi беларускiм племянем. Гэную працу я зрэфэраваў у варт. "Севяране-беларускае плямя" ("Калосьсе". Вiльня 1935). - 4 - беларускiм.(1) Гэта цяпер гворкi паветаў Дзiсенскага, Браслаўскага, Лепельскага, Дрысенскага, часткава Полацкага, Сянскога, часткава Аршанскага i часьцi паветаў iншых. Старабеларускi язык лiтаратурны быў вельмi скрысталiзаваны, ён меў ладную колькасьць граматычных а на'т слоўных нормаў. Нягледзячы на гэта ў дальшай сваёй гiсторыi ён паддаваўся ўплыву асобных беларускiх дыялектаў народных, што адбiвалася на яго часьцех незнормалiзаваных. Гэтак у канцы стаг. ХV i ў першай палавiне XVI робяць на яго ўплыў беларускiя гаворкi паўночна-ўсходнiя(2). А калi у II-й палавiне XVI стаг. Маскоўшчына пустошыць паўночна-ўсходнюю Беларусь, на лiтаратурны язык пачынаюць уплываць гаворкi заходнiя цэнтральнага беларускага дыялекту(3). У пазьнейшыя часы ня вылучаны ўплыў беларускiх гаворкаў паўднёва-заходнiх (Слонiм, Ваўкавыск, Горадзен)(4). Старабеларускi лiтаратурны язык быў языком гаспадарсьцьвеным на прасторы ўсяго Вялiкага Княства Лiтоўскага. Значыцца ў ведамую пару (канец стаг. XIV i першая палавiна XV) ад мора Балтыцкага да Чорнага, ужываўся як абавязкавы ў усiх урадах, судох, у законадаўстве ды панаваў на двары вялiкiх князёў. Быў ён адначасна моваю асьвячоных клясаў бяз розьнiцы нацыянальнасьцi, значыцца не адно беларускiх, але такжа лiтоўскiх i ўкраiнскiх. Мала гэта, ён перайшоў гаспадарсьцьвеныя гранiцы, бо ўжываўся ў Галiччыне i нат на дварох гаспадароў малдаўскага й Валоскага. Дык няма дзiва, што ён стаўся моваю дыплёматычнай на ўсходзе Эўропы. Быў багаты i ўсебакова выраблены. Варта зацемiць, што нячысьленыя беларускiя мусульмане, спачатна рознага паходжаньня, пазьней этнаграфiчна й этнолёгiчна засымiляваныя Беларусамi ня толькi гаманiлi мiж собку пабеларуску, але такжа ўжывалi беларускi язык як богаслужэбны ў сваiм царкоўным жыцьцi (у мэчыцех). Асталася з гэных часоў ладная рэлiгiйная ---------------------------- (1) Глянь у "Balticoslavica II., бач. 389 мая рэцэнзя працы Станглавай (Stang Chr. S.) "Die westrussische Kanzleisprache des Grossfurtentums Litauen". (2) Там жа, бач. 390 (3) Там жа, бач. 392 (4) Там жа, бач. 293 - 5 - лiтаратура мусульманская ў языццэ беларускiм, але не ў лiтаратурным, а ў народным(1). Жыды спачатна прыбывалi ў Беларусь з Усходу i мусiлi гукаць языкамi краёў, з каторых эмiгравалi. А далей яны прынялi язык беларускi. Яны пiсалi ў языццэ беларускiм лiтаратурным. Захавалiся пераклады зь XV стаг. на беларускi язык Сьвятога пiсьма старога дэстамэнту, зробленыя Жыдамi i прытарнаваныя да ўжываньня ў сынагогах ды iншыя творы, прыкладам ладне жыдоўскiх песьняў набожных.(2) Правапiс. У стара-беларускiм языццэ лiтаратурным быў правапiс царкоўна-славянскi, гэта зн., што ў словах i хормах беларускiх беларускiя гукi перадавалi так, як у языццэ царкоўна-славянскiм. Прыкладам: замест беларускiх дз, ц, ў пiсалi д, т, л (дети, волкь), а вымаўлялi дз, ц, ў (дзецi, воўк); замест "а", паўсталага з "о" пiсалi "о" (голова), а вымаўлялi "а" (галава) i да г.пад.(3). Гэты правапiс дастаў беларускi язык у спадку ад пары папярэдняй, калi Беларусы пiсалi адно пацаркоўна-славянску. Памалу гэты правапiс мяняўся, тарнуючыся ў ладнай меры да вымовы беларускай. У II пал. XVI стаг. ня пiсалi <...>, вельмi часта па р, ж, ч, ш, шч, ц пiсалi ы, гук g (лацiнская лiтара) перадавалi праз кг i г (грунт), "а" па мяккiх сугуках перадавалi пераз "е" (паметь, месец), ведама, пiсалi "у" замест царкоўна-славянскага вялiкага юса; ня пiсалi, ведама, такжа <цьвёрды знак, ь> там, дзе яны перайшлi ў "о", "е". Просьле гэтулькiх зьменаў правапiс запраўды стаўся ўжо беларускiм, хоць вельмi недасканальным, паўсталым на грунце правапiсу царкоўна-славянскага. Назоў старабеларускага языка лiтаратурнага розьнiўся ад цяперашняга, а вымова ня была аднолькавая на ўсiм прастору ягонага пашырэньня. Беларусы звалi яго заўсёды "рускiм". Украiнцы таксама беларускi язык лiтаратурны ------------------------- (1) Станкевiч Я. - Беларускiя мусульмане i беларуская лiтаратура арабскiм пiсьмом. Вiльня 1933. (2) Глянь такжа маю зацемку "Жыдоўскiя рэлiгiйныя песьнi пабеларуску" ("Гадавiк Беларукага Навуковага Т-ва" кн. I Вiльня 1933, бач.185). (3) Цiкава, што Славенцы й цяперка пiшуць noga, byl, хоць вымаўляюць naga, byl i пад. - 6 - звалi "рускiм" i уважалi яго за свой собскi. У гэтым праяўляўся беларускi асымiляцыйны ўплыў. Тое самае трэба сказаць аб асьвячонай клясе лiтоўскай. Лiтоўская iнтэлiгенцыя, чытаючы пабеларуску, вымаўляла зумiм так, як Беларусы. Украiнцы часткава вымаўлялi пабеларуску, часткава паўкраiнску. Дзеля таго Ўкраiнцу народны язык беларускi i лiтаратурны "рускi" ня быў тым самым. Народны язык беларускi Ўкраiнцы звалi лiтоўскiм. Палякi звычайна беларускi язык - лiтаратурны й народны - звалi рускiм i адно напару лiтоўскiм. Затое ў Маскоўшчыне беларускi язык, як лiтаратурны, так i народны звалi лiтоўскiм. Трэба зацемiць, што з гледзiшча нацыянальнага Беларусы ў гэную пару звалi сябе Лiцьвiнамi, гэтак жа нас звалi ўсе нашыя суседзi, але з гледзiшча рэлiгiйнага Беларусы ўсходняга абраду заўсёды звалiся Русiнамi. Беларускiя мусульмане пiсалi свае рэлiгiйныя кнiгi альфабэтам арабскiм, а пiшучы беларускай моваю народнай, вырабленага правапiсу ня мелi, але пiсалi фонэтычна подле мясцовай вымовы асобных аўтараў. Як i Беларусы, хрысьцiяне, ужываны iмi язык звалi рускiм. Упадак старабеларускага языка ----------------------------- лiтаратурнага (стаг. ХVII-ХVIII). --------------------------------- Старабеларускi язык лiтаратурны быў гаспадарсьцьвеным у Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм да канца ХVII стаг. (да 1697 г.), а лiтаратурным астаўся такжа ў стаг. ХVIII. Але ўпадак яго пачаўся ўжо ў канцы стаг. ХVI. Наўперад ён запсаваўся на прастору ўкраiнскiм па Люблiнскай вунii, бо, як Украiна адыйшла да Польшчы, апынуўся ён на землях украiнскiх адарваным ад свайго матчынага пня ў Беларусi. У стане яшчэ горшага ўпадку быў ён на Ўкраiне ў наступным стагодзьдзю, у той час як на прасторы Вялiкага Княства Лiтоўскага, хоць упадаў, але быў яшчэ нiшто сабе, асаблiва ў творах арыгiнальных. Аднак у стаг. ХVIII. таксама ў сваёй бацькаўшчыне наш лiтаратурны язык чыста ўпаў. Сталася гэта з прычыны полiтычнага й культурнага ўпадку народу беларускага. - 7 - Беларускi народны язык у стаг. ХVI-XVIII. ----------------------------------------- Якая ж была доля ў гэтую пару беларускага языка народнага? I тут доля языка была аднолькавая з доляю народу i дзеля таго падобная да долi языка лiтаратурнага. Мы бачылi якi вялiзарны прастор займаў беларускi народны язык у IХ-XV стаг. Вялiкi князь Альгерд (1345-1377) просьля свайго паходу на Маскву ўстанавiў iз Маскоўшчынаю гранiцу, каторая абыймала на ўсходзе ўсе беларускiя землi. За вялiкага Князя Вiтаўта (1392-1430) ўвесь прастор беларускага языка быў у вадным беларускiм гаспадарстве, каторым было Вялiкае Княства Лiтоўскае, бо тады навет Пскоўшчына й Цьвершчына прызнавалi над сабой уладу беларускага валадара. Але за якiсь час па Вiтаўту Пскоўшчына была ўтрачана i адгэнуль падпала пад асымлiляцыйны ўплыў спачатку Вялiкага Ноўгараду, а пасьлей Масквы. Ягайлавiчы, уцягуўшыся ў полiтыку на заходзе, недаволi зварочавалi ўвагi на ўсходнiя гранiцы свайго бацькаўскага гаспадарства. I гэта дало магчымасьць Маскве памалу, але сыстэматычна адрываць ад беларускага гаспадарства спачатку землi вяцiцкiя, пасьлей i часьць крывiцкiх на ўсходзе. (Гжацк, Вязьма i iнш), а на'т северскiх (Пуцiўль, Трубчэўск). Адрываныя гэтыя землi пад цэнтралiстычным уплывам Масквы маскалiлiся. У ХIХ стаг. вяцiцкiя землi былi ўжо чыста змаскалены, адно асталiся чысьленыя сьляды ў мове, сьведчачыя аб яе спачатнай беларушчыне. Усходнiя часьцi крывiцкiх i северскiх гаворкаў захавалi праўда свой характар беларускi, але паддалiся наслаеньню мовы маскоўскай, творачы гэткiм спосабам, як завуць расейскiя фiлёлёгi, гаворкi пераходныя на аснове беларускай i пазьнейшым наслаеньням маскоўскiм. Гранiца гэтых гаворкаў i гаворкамi маскоўскiмi цяпер праходзiць па ўсходняй гранiцы былой губэрнi Смаленскай ды адразае ад беларускага прастору большую часьць б. губернi Калускай. У гэткiм жа стане ёьць гаворкi Пскоўшчыны i часьцi Цьвершчыны. На заходзе па Люблiнскай вунii (1569) адыйшла да Польшчы невялiкая часьць беларускiх земляў. Дзеля таго пад уплывам польскiм гранiца беларускага языка там адсунулася крыху на ўсход, а на асталых беларускiх землях Польшчы ("Кароны") беларуская мова падпала пад некаторы ўплыў мовы польскай (у пав. Аўгустоўскiм i Беластоцкiм), а у пав. Бельскiм яшчэ й украiнскай. - 8 - У часе находу Татараў у ХIII стаг. севяранскiя Беларусы на паўднi ад Дзясны часткава пасунулiся на поўнач, а часткава былi зьнiстожаны. Пасьлей, у ХVII стаг. прастор iз заняла ўкраiнская колёнiзаца з правага боку Дняпра. Далей у часе ўкраiнскай гэтманшчыны на Правабярэжжу мова часьцi Севяран, а пайменна займаючых прастор ля Дзясны з паўдня, а навет часткава на поўнач ад Дзясны, падпала ў ладнай меры пад уплыў мовы ўкраiнскай, творачы гаворкi пераходныя. На прасторы Северскiм чысты беларускi язык астаўся ў павеце Горадненскiм, у часьцi Ноўгарад-Северскага, у Навазыбкаўскiм, Старадубскiм, Мглiнскiм, Сураскiм i ў часьцi Трубчэўскага. У ХVII стаг. ў часе казацкiх войнаў быў зроблены некаторы ўплыў украiнскi на беларускiя гаворкi палескiя. Уплыў гэты паўтарыўся у ХIХ стаг., iдучы ад адраджэнскага руху ўкраiнскага за пасярэднiцтвам прыяжджомых з Украiны разьездных хораў, тэатру ды шыраных народных песеньнiкаў украiнскiх, бо адраджэньне ўкараiнскае пачалося шмат раней за беларускае. Уплывы ўкраiнскiя прывозiлi такжа беларускiя работнiкi, выяжджаючы ў шахты Данецкiя i ў iншыя мясцовасьцi. Даўнейшая гранiца беларускага языка зь лiтоўскiм, латыскiм i эстонскiм не зьмянiлася. Вышэй былi вылiчаны страты так сказаць горызонтальныя, каторыя меў беларускi язык на сваiх шырокiх "украiнах" (пагранiччу). Але ў ХVII-XVIII, а нат ХIХ стаг. меў ён такжа балючыя страты стацьцявыя. Пайменна: першыя перасталi iм гукаць (гаварыць), беларускiя магнаты, а далей i звычайныя панове. Пры беларускiм языццэ асталося сялянства, мяшчанства й шляхта (засьцянковая); апошняя яшчэ ў ХIХ i ХХ стаг. што раз балей з аднаго боку палячылася (шляхта каталiцкая), а з другога маскалiлася (праваслаўная). У ХVII i ХVIII стаг. пад уплывам iмiграцыi (прыезду) ў Беларусь Жыдоў нямецкiх Жыды беларускiя перасталi ўжываць мiж собку беларускi язык. Яго замянiў язык (званы нярэдка жаргонам), паўсталы ў Жыдоў на грунце мовы нямецкай. Адгэнуль беларускiя Жыды карыстаюцца беларускай мовай адно ў зносiнах iзь Беларусамi. - 9 - Паўстаньне новага беларускага ----------------------------- языка лiтаратурнага. -------------------- У стаг. ХIХ, а навет у канцы ХVIII даўнейшы беларускi язык лiтаратурны быў ужо забыты. Дзеля таго ў першай пары нацыянальнага адраджэньня беларускiя пiсьменьнiкi не маглi сiляць (чэрпаць) iз даўгавечных запасаў ягоных. Дык пiсалi ў языццэ народным. Нягледзячы на стараньнi даць сваёй мове рысы агульнабеларускiя, была гэта спачатку беларуская мова мясцовая тых аколiцаў, з каторых паходзiлi асобныя пiсьменьнiкi. Адно ў пачатку ХХ стаг. пры шыршай лiтаратуры беларускай паўстае новы беларускi язык лiтаратурны. Можна ўважаць, што асноваю яго сталiся гаворкi заходнiя цэнтральнага дыялекту беларускага з прымешкай некаторых асаблiвасьцеў беларускiх гаворкаў паўдзённа-заходнiх. Прыпомнiм сабе, што асноваю старабеларускага языка лiтаратурнага быў той самы дыялект цэнтральны, адно ў сваiх гаворках усходнiх. С п р а в а а л ь ф а б э т у. У часе прыйма хрысьцянства ў Х стаг. зьявiлася ў Беларусi лiтаратура пiсаная тым самым альфабэтам (лiтарамi), што мы й цяпер бачым у царкоўнаславянскiх кнiгах, з каторых духавенства молiцца ў царкве. З часам гэны альфабэт стаў звацца кiрылiцаю, аднак ня выдумаў яго сьв. Кiрыла 1), але ў Х стаг. адзiн з вучняў ягоных, выкарыстаўшы дзеля гэтага альфабэт грэцкi. Даўгi час кiрылiца ўжывалася ў Беларусi бязь зьменаў. Але яна была цяжкая да пiсаньня, бо хорма ейных лiтараў адзначалася шмат якiмi выкрунтасамi. Дзеля таго пасьлей вырабiлася пiсьмо прасьцейшае, званае скорапiсьсю, што iснавала побач iзь пiсьмом характару старшага. Нацемлены скорапiсьсю кiрунак выкарыстаў у пач. XVIII стаг. беларускi наўчоны, Гальляш Капiевiч-Капiеўскi. Ён, зрэфармаваў ----------------------- 1) Сьвятыя Кастанцiн-Кiрыла i Мэтод былi славянскiмi апосталамi ў IХ стаг. Першы зь iх выдумаў славянскi альфабэт, званы сьпярша кiрылiцаю, а пазьней глаголiцаю. Глаголiцу й цяпер ужывае ў лiтургiчных кнiгах часьць каталiцкiх Харватаў. - 10 - кiрылiцу, прыблiзiўшы яе да альфабэту лацiнскага. Рэформа Капiевiча была вельмi ўдалая, дзеля таго яе прынялi ня толькi Беларусы, але й усе тыя Славяне, што дагэнуль карысталiся кiрылiцаю старой, не рэформаванай (Украiнцы, Баўгары, Сэрбы, Маскоўцы). Капiевiч-Капiеўскi зрабiў сваю рэформу жывучы ў Голяндыi. У тым часе жыў у Голяндыi i маскоўскi цар Пётра I. Ён так сама ацанiў рэформу беларускага наўчонага i ўказам увёў зрэформаваны Капiевiчам альфабэт у сьвецкiя, цi накш цывiльныя (у Маскалёў з баўгарскага - гражданскiя кнiгi1). Дзеля таго зрэформаваная кiрылiца стала ў Маскоўшчыне звацца гражданкаю. Назоў гэты ня правiльны. Справядлiвасьць вымагае, каб у назове рэформаванай кiрылiцы адбiвалася нацыянальнасьць яе рэформатара, павiнна яна звацца беларускiм альфабэтам. I пагатове самi Беларусы павiнны яе гэтак зваць. Зь беларускiм адраджэньням беларускi альфабэт яшчэ крыху ўдасканалiўся бо ў беларускiм языццэ аднаго гуку шь няма, а ё два гукi шч, а ў ХХ в. лiтара "и" ўсюды была заменена лiтараю "i", каторая й даўней часткава ўжывалася. Лiтара "и" была аддалена з гледзiшча практычнага. Каб завяршыць рэформу Капiевiчаву, трэба было "й" замянiць лiтараю "j" (значыцца пiсаць "своj", а ня "свой" i пад.) ды замест е, ё, ю, я па самагуку пiсаць je, jo, jу, ja, пакiдаючы е, ё, ю, я па сугуках. Прыкл.: Сястра Jазэпа чытаjе маjу кнiгу. Гэтак даўно зрабiлi Сэрбы. Гэта й пастанавiла Навуковая Конфэрэнцыя ў Менску ў 1926 г., але чужая воля (маскоўская) не дазволiла правесьцi гэтае рэформы ў жыцьцё. Лiтары "i" адпавядае "j", а ня "й". Апрача таго "j" выразьнейшая ў чытаньню i практычнейшая (меней займае месца) ў пiсаньню й у друку. Традыца старабеларускага лiтаратурнага языка натолькi была забыта, што калi ў ХIХ стаг. пачалося адраджэньне беларускай лiтаратуры, дык пiсьменьнiкi ў сваiм рэлiгiйным жыцьцi не зьвязаныя зь беларускiм альфабэтам, значыцца пiсьменьнiкi каталiкi, сталi пiсаць лацiнiцаю (побач iзь iмi iншыя беларускiя пiсьменьнiкi --------------------- 1) У багаслужэбных кнiгах усюдых дагэтуль асталася кiрылiца не рэформаваная. - 11 - пiсалi альфабэтам беларускiм). У 1910 г. рэдакца "Нашае Нiвы" абясьцiла апытаньнiк, каб разьвязаць справу, якi альфабэт маюць Беларусы агульна ўжываць. Пытаньне было разьвязана на карысьць альфабэту беларускага. Апрача вельмi важнага мамэнту гiсторычнага за лiтарамi беларускiмi прамаўляе яшчэ тое, што на ўсходзе (Смаленшчына i iнш.) лацiнiцы не магчыма было-б пашырыць, а на заходзе беларускi традыцыйны альфабэт мае яшчэ значэньне нацыянальна-абароннае. Нягледзячы на вышсказанае i лацiнiца часткава ўжываецца, бо апрача праваслаўных Беларусаў ё яшчэ каля 3 мiл. Беларусаў каталiкоў, каторыя часткава ня ўмеюць беларускага альфабэту, а часткава з прычыны несьвядомасьцi пад чужым уплывам i ня любяць. Дык добра, што Беларусы сабе лацiнiцу зрэформавалi, прыняўшы навуковыя значкi для лiтараў адпавядаючых беларускiм ў, ч, ш, ж (значыцца ўжываюць u<, c<, s<, z<), ды замянiўшы нямецка-польскае w на v. Лацiнiцы запраўды ня можна зваць альфабэтам польскiм, запраўдны яе назоў беларуская лацiнiца. Д з е й н i к i ў п л ы в а ю ч ы я н а л i т а р а т у р н ы я з ы к. Ня праўда, што нормы лiтаратурнага языка вытварае вылучна лiтаратура. Гэтак бывае тады, калi, як гэта было ў Маскоўшчыне, грамадзянства астаецца бязьдзейным пры тварэньнi лiтаратурнага языка. У прыпадку адваротным у тварэньню лiтаратурнага языка большая або меншае учасьце прыймае дзейнiк грамадзкi й навуковы. Прыкладам у Чэхii й Лiтве два апошнiя дзейнiкi бязумоўна пераважалi. Можна сконстатаваць, што навуковы й грамадзкi дзейнiк заўсёды пануюць там, дзе нацыянальны язык перажыў упадак i паддаўся ў большай або меншай меры ўплывам языкоў чужых. На беларускiм грунце роля навуковага й грамадзкага дзейнiка была меншая, як лiтаратурнага. Р о л я л i т а р а т у р ы. Ужо ў ХIХ стаг. памiж беларускiмi пiсьменьнiкамi (Багушэвiч-Абуховiч) вядзецца спрэчка аб тым, якi мае быць беларускi язык лiтаратурны. Але наагул кажучы, навет у пачатку ХХ стаг. беларускiя пiсьменьнiкi ня вельмi рупiлiся аб вырабленьнi беларускага языка лiтаратурнага. Калi не казаць аб меншых дык Канстанцiн Мiцкевiч (псэўдонiм Якуб Колас), як фотографуе жыцьцё й тыпы, так сама й мову i нiчога ня ўжывае такога, чаго не пачуў у дадзеных абставiнах. Самастойнешы - 12 - быў Ян Луцэвiч (псэўдонiм Янка Купала), але й ён над вырабленьням лiтаратурнага языка блiзу не працаваў. Затое шмат рупiцца аб лiтаратуным языццэ поэта-эмiгрант, узгадаваны ў Маскоўшчыне Максiм Багдановiч, але з тае прычыны, што ня знаў беспасярэдне мовы народнай, уплыву на лiтаратурны язык не зрабiў жаднага. Мова твораў ягоных, нягледзячы на дасканальную хорму, горшая за мову iншых поэтаў. Ня тое Максiм Гарэцкi. Гэты мову свае мясцовасьцi знае добра i рупнасьць ягоная аб вырабленьнi беларускга языка лiтаратурнага пакiнула ладны сьлед у гэтым языццэ. Наагул аднак перад сусьветнай (сьветнай) вайной у гэтай галiне не балей зьдзеiла публiцыстыка. Нельга такжа абмiнуць моўчыкам уплыву мовы корэспандэнтаў, што з розных куткоў Беларусi пiсалi ў беларускiя часапiсы. У часе паваенным трэба з прызнаньнем аднесьцiся да рупнасьцi аб культуры лiтаратурнага языка ў пiсьменьнiка Станiслава Грынкевiча. Ад якогась часу выдатнае значэньне ў вырабленьню лiтаратурнага языка мае ў радавай Беларусi група пiсьменьнiкаў на чале з Касянком (псэўд. М. Зарэцкi) i Лыньковам. На заходнiх беларускiх землях iм адпавядае Аўгень Скурка (псэўд. Максiм Танк). Мова гэтых пiсьменьнiкаў, як i вышменаванага Гарэцкага, ня толькi беларуская падзеля сваiх словаў, але такжа дзеля орыгiнальнага беларускага стылю й фразэёлёгii. Зразуменьне орыгiнальнасьцi языка беларускага лучыцца ў iх iз знацьцём мовы народнай, уменьням выкарыстаць яе багацьцi ў лiтаратуры ды высокiм мастацтвам твораў. Апошнi мамэнт вiдавочна палягчае iм стараньнi аб культуры языка лiтаратурнага. Н а в у к о в ы й г р а м а д з к i д з е й н i к. С л о ў н i к i. Пераходзячы да навуковага й грамадзкага дзейнiкаў, прыймаючых учасьце ў хормаваньню новага беларускага языка лiтаратурнага, трэба найпервей успомнiць аб аўтарах слоўнiкаў. Першым аўтарам слоўнiка беларускага ў новых часох ёсьць Ян Чачот, прыяцель Адама Мiцкевiча. У сваiм зборнiку народных песьняў беларускiх, выданых у Вiльнi у 1846г. пад наз. "Piosnki wiesniacze z nad Niemna i Dzwiny w mowie ludu krewickiego" ён надрукаваў на колькiдзесяцёх бачынах слоўнiчак беларускi. Гэта слоўнiчак кароценькi, але добры, чаго ня можна сказаць аб граматычных разважаньнех аўтаравых у перадмове да тае ж кнiжкi. Выдатная роля была вялiкага слоўнiка - 13 - беларуска-расейскага Я. Насовiча з 1870г. У iм багаты матар'ял, каторым ня цяжка карыстацца знаючаму беларускi язык. Некаторае значэньне мелi слоўнiчкi "Маскоўска-беларускi" i "Беларуска-маскоўскi" (абодва ў Вiльнi 1921г.) братоў М. й Г. Гарэцкiх. Але няўдалы "Расiйска-крыўскi (беларускi) слоўнiк" Вячаслава Ластоўскага, выданы ў Коўнi 1924г. Аўтар ляiк у языкаведзе, пры гэтым вельмi суб'ектыўны. Забраны матар'ял ён выдаў ненавукова, друкуючы пры тым жа разам бяз жаднага выдзяленьня словы iм нова-ствароныя. Ад гэтага слоўнiкам Ластоўскага цяжка карыстацца. Добры "Батанiчны слоўнiк беларуска-польска-расейска-лацiнскi" Зоськi Верас (у Вiльнi 1924). Бескарысны "Падручны беларуска-польскi слоўнiк" Б. Друцкага Бадбярэскага, выданы ў Вiльнi 1929г. З прычыны цяжкiх варункаў працы ў радавай Беларусi мае шмат заганаў "Беларуска-расейскi слоўнiк" М. Байкова i С. Некрашэвiча, выданы ў Менску ў 1925г. як там-жа выданыя слоўнiкi тэрмiнолёгiчныя. Я з ы к а в е д н i к i. Зь языкаведнiкаў беларускiх найбалей ведамы Яўхiм Карскi. Дык ня можна аб iм гэтта ня ўспомнець. Ня гледзячы на некаторую зьверхнасьць i русыфiкацыйную тэндэнцу ягоных працаў навуковых, значэньне яго дзеля навукi языка беларускага было ладнае. Яно праявiлася ў павялiчэньнi ў языкаведзе славянскай значэньня студыяў языка беларускага, у вадваяваньнi - нягледзячы на ўсё - лепшага месца беларускаму языку ў радзiме славянскай, а наўперад у прызнаньнi й абароне беларушчыны гаспадарсьцьвенага й лiтаратурнага языка Вялiкага Княства Лiтоўскага. Але Карскi выходзiў iз мiтычнай суцэльнсьцi "прарускай" i ймкнуўся да адзiноства "рускага" ў сваiх працах. Дзеля таго ён анi не памог у тварэньню новабеларускага языка лiтаратурнага. Першую беларускую граматыку напiсаў у 1846 г. этнограф Шпiлеўскi. Ён здаў яе ў Расейскую Акадэмiю Навук, але яна надрукавана ня было. Да ўнормаваньня асаблiвасьцеў лiтаратурнага языка прычынiлася ў сваiм часе нiшто практычная граматыка Бранiслава Тарашкевiча, выданая першы раз у Вiльнi ў 1918г. Нажаль, Тарашкевiч, скончыўшы ўнiвэрсытэцкiя студыi, не працаваў далей у языкаведзе, дзеля таго значэньне яго дагэтуль абмежылася менаванай граматыкаю. - 14 - Можна казаць толькi аб значэньню мясцовым - у Менску - граматыкi й правапiсу Язэпа Лёсiка. Ня мае нiякага значэньня "Беларускi правапiс" Радаслава Астроўскага. З прызнаньнем трэба ацанiць працы Растаргуевы ды людзёў, на'т не адумыслоўцаў, што працуюць у галiне беларускага языка, кiруючыся ягонымi парадамi, як прыкл. Палявая. Дзеля сваiх русыфiкацыйных тэндэнцыяў проста шкодны Воўк-Левановiч. Навуковая конфэрэнца ў Менску 1926г. ў справе рэформы првапiсу (а запраўды й граматыкi практычнай), нягледзячы на свае заганы, стаяла на добрай дарозе, але пастановы ейныя не маглi быць ужыцьцёўлены, а працы ведзены далей з прычыны забарону Масквы. Напасьледак, думаю, што й мая скромная праца ў гэтай галiне прычынiлася крыху да культуры беларускага языка лiтаратурнага. Дзейнiк навуковы й грамадзкi падалi сабе руццэ ў супольных зборках, пасьвячоных чысьцiнi беларускага языка, што былi ў працягу апошнiх колькiх год. У менаваных зборках прыймаюць учасьце жывучыя ў Вiльнi Беларусы, што тым цi iншым спосабам уплываюць на хормаваньне беларускага языка лiтаратурнага, значыцца языкаведнiкi, пiсьменьнiкi, публiцыстыя i пад. Пастановы зборкаў пакуль што часткава выданы ў кнiжцы "Як правiльна гаварыць i пiсаць пабеларуску", Вiльня 1937. Напасьледак, трэба наагул сконстатаваць, што новы беларускi язык лiтаратурны ня толькi ёсьць, але разьвiваецца, дасканалiцца а ў сваiх балей пераборлiвых галiнах ён дзiўна орыгiнальны, багаты й харошы. Дык няма сумлеву, што ён пераможа ўсе перашкоды, стаўленыя - часта сiлком - яму на дарозе, як прыкладам, праведзеная ў 1935 г. Масквою ў радавай Беларусi русыфiкаца практычнай граматыкi беларускай.1) Яшчэ колькi словаў аб цяперашняй беларускай мове народнай. Побач iз нацыянальным усьведамленьням беларускае насяленьне ня толькi яе любiць, але й шануе. Дзеля таго робiцца яна адпарнейшай на асымiляцыйныя ўплывы а часта бывае проста непераможная, нягледзяы на тое, што асымлiяцыйныя пляны праводзяцца бязуважна, сiлком. Др. Я. Станкевiч. ---------------- 1) Гл. Станкевiч Я.: Зьмена граматыкi беларускага языка ў БССР. Вiльня 1936. - 15 - (Lithani) linguam propriam observant. Verum quid Rutheni medium fere ducatum incolunt, ollorum loquela, dum gracilis et facilior sit, utuntur communius. Пераклад гэтага на беларускую мову: (Лiцьвiны) маюць собскую мову, але дзеля таго што Беларусы займаюць блiзу сярэдзiну княства, iх мова, як харошая й лягчэйшая, алульна ўжываецца. Z "Oratio Erasmi Vitellii praepositi Vilnensis... 1501 году (Theiner: Vetra monumenta Poloniae et Lithuaniae II (Rome, 1861), 278 А пiсар земскi маець паруску, лiтарамi й словы рускiмi ўсi лiсты, выпiсы й позвы пiсацi, а ня iншым языком i словы. Зь Лiтоўскага Статуту 1588г., бач. 122 Яка адзiн сэнатар рымскi другога штрафаваў, што права айчыны свае ня ўмеў, так кажды абывацель годны ёсьць наганеньня, каторы вольнасьцю хвалiцца, а праў сваiх умецi й разумецi ня хочаць, каторым правам усю вольнасьць сваю абвараванай маець. А есьлi катораму народу ўстыду праў сваi ня ўмецi, пагатове нам, каторыя ня обчым якiм языком, але сваiм уласным правы сьпiсаныя маем i каждага часу, чаго нам патрэба ку адпору ўсякае крыўды ведацi можам. З прамовы на Сойме 1588г. Канцлера Вялiкага Княства Лiтоўскага, Лява Сапегi, з прычыны выданьня Лiтоўскага Статуту 3-яе рэдакцы. Нашая мова для нас сьвятая, бо яна нам ад Бога даная. Шмат было такiх народаў, што страцiлi наперш мову сваю, так як той чалавек перад скананьнем, катораму мову займе, а потым i зусiм замерлi. Не пакiдайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлi! Пранцiш Багушэвiч (у перадмове да "Дудкi беларускай"). - 16 - Гэй, ты мацi, родная мова, Гэй, ты звон вялiкi, слова, Звон магучы, Звон блiскучы, З срэбра лiты, З злота зьбiты, Загрымi ты, Загрымi! А. Гарун. * * * Беларуская мова! Твой тон сьпеўны будзiць Успамiн старых гадоў. Белыя, цiхiя ў ёй гамоняць людзi Мовай хат ясных i лясоў. Ты краска мёдная лiпова; Там дзе Славянаў чутна слова, Жаўранкай звонiць гэта мова, У шчэбеце мiлых слоў. В. Гемулiцкi з польскай мовы пераклад А.Стаповiч -------------- Файл падрыхтаваны Раманам Салаўянам.