1 студзеня 2000г. ЗВАРОТ ДА БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ 31 сьнежня 1999 года адбыўся легальны канстытуцыйны пераварот у Расеi. Адпраўлены ў адстаўку прэзiдэнт Б.Ельцын, улада цалкам перайшла ў рукi КГБ-ФСБ пры поўнай капiтуляцыi расейскiх палiтычных элiтаў i расейскага грамадзтва. "Кагэбiзм", якi крок за крокам фармаваўся i йшоў да ўлады ў Расеi на працягу апошнiх сямi гадоў (пачынаючы ад няўдалага путчу ў 1991-м годзе), ЁСЬЦЬ НАДЗВЫЧАЙ ЖОРСТКI ТЫП РУСКАГА ФАШЫЗМУ З АКРЭСЬЛЕНАЙ ВЯЛIКАДЗЯРЖАЎНАЙ IМПЭРСКАЙ IДЭАЛЁГIЯЙ I КРЫМIНАЛЬНАЙ ПАЛIТЫКАЙ. Характэрнасьць яго дзеяньняў -- поўнае iгнараваньне каштоўнасьцi чалавечага жыцьця, тэрарыстычнае (крымiнальнае пазазаконьне) вынiшчэньне элiтаў, палiтычная i ваенная агрэсiя, стаўка на сiлу i вайну. Два гады рускiя спэцслужбы КГБ-ФСБ рыхтавалi напад на Чачэнiю i канчатковы захоп улады ў Расеi ў 1999-2000 гг. Былi арганiзаваныя правакацыi i праведзеная масавая прапагандысцкая кампанiя па кампрамэтацыi Чачэнскай Рэспублiкi Iчкерыi. У верасьнi 1999 года, каб аргумэнтаваць напад на Чачэнiю, КГБ-ФСБ узарваў жылыя дамы (разам з жыхарамi) у Маскве i iншых гарадах Расеi i паспрабаваў звалiць гэта на чачэнцаў. Тут жа была ўведзена цэнзура ў сродках масавай iнфармацыi, распачата агрэсiя i вайна ў Чачэнii. З увядзеньнем цэнзуры i лiквiдацыяй свабоды слова ў дачыньнi да падзеяў расейска-чачэнскай вайны, былi спыненыя i без таго слабыя дэмакратычныя працэсы ў Расеi. "Iнфармацыю" аб вайне ў Iчкерыi (дакладней -- дэзынфармацыю) даюць толькi агенты спэцслужбаў (пад выглядам журналiстаў) ды генералы, што вынiшчаюць чачэнскi народ. Пад упрывам дэзынфармацыi i прапаганды 70 адсоткаў насельнiцтва Расеi падтрымалi агрэсiю, вайну i зьнiшчэньне Чачэнii. Рускае насельнiцтва стала саўдзельнiкам у злачынстве i закладнiкам кагэбiсцкай каманды, што захапiла ўладу ў Расеi. Тое, што расейскiя спэцслужбы арганiзавалi ў Беларусi ў 1994-1996 гг., тое сталася i ў Расеi. Расея атрымала свайго Лукашэнку, такога ж самага, толькi без псiхапатыi i харызмы. Усё астатняе (у тым лiку i прэзыдэнцтва) -- справа спэцыяльнай тэхналёгii i кароткага часу. Гiсторыя таталiтарызму рухаецца паводле сваiх законаў i сьведчыць, што калi з разбурэньнем таталiтарнай улады не лiквiдаваць сiстэму яе спэцслужбаў, то яны ператвараюцца ў самастойную палiтычную сiлу, якая захоплiвае ўладу, i ўсё пачынаецца спачатку, толькi ў iншым варыянце. Пра расейскi варыянт я ўжо сказаў: iмпэрыялiзм, палiтычная агрэсiя i вайна. Гэтыя людзi прыйшлi да ўлады па трупах чачэнцаў i сваiх жа рускiх грамадзянаў, iшлi на ашуканстве, агрэсii i вайне. На гэтым яны будуць i трымацца. Ельцына, якi заграз у злачынствах, ваенных забойствах, грашовых апэрацыях i вiне, прымусiлi сыграць ролю Гiндэнбурга ўзамен на нiкчэмны ўказ аб недатыкальнасьцi, а Захад робiць выгляд, што задаволены, пляскае ў далонi Ельцыну i новай уладзе. Узнiкае пагроза ня толькi для незалежнасьцi Беларусi, але ў пэрспэктыве -- i для Украiны, Грузii, Малдовы, Балтыйскiх краiнаў. Напрыканцы ХХ-га стагоддзя Захад зноў пацьвярджае сваё палiтычнае згоднiцтва, трусасьць i поўнае неразуменьне Расеi. Нiякiх высноваў з крывавай гiсторыi стагоддзя ня зроблена. Быццам не было нi Мюнхену, нi Ялты, нi аншлюсу Аўстрыi, нi здачы Чэхаславаччыны, нi пакту Молатава-Рыбентропа, нi гонкi ўзбраеньняў, нi халоднай вайны. Усё забыта. Пад звон пустых заяваў прададзена шматпакутная i гераiчная Чачэнiя (хоць усе бачаць, што рускiя вытвараюць у Чачэнii тое, што сербы ў Косаве), рыхтуецца здача Беларусi. Праз тры месяцы (пасьля правядзеньня прэзыдэнцкiх выбараў i канстытуцыйнага замацаваньня ўлады кагэбiзму ў Расеi) акупацыя i аншлюс Беларусi можа набыць яшчэ больш грубыя формы пры труслiвым маўчаньнi заходняга сьвету. ДЛЯ НАС, БЕЛАРУСАЎ, ЦЯПЕР НЯМА БОЛЬШ ВАЖНАЙ ЗАДАЧЫ, ЧЫМ НЕАБХОДНАСЬЦЬ АБАРАНIЦЬ НАШУ ДЗЯРЖАВУ I НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ. У ГЭТЫМ -- ПЫТАНЬНЕ ЖЫЦЬЦЯ I СЬМЕРЦI, ПЫТАНЬНЕ IСНАВАНЬНЯ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫI. Каб абаранiць незалежнасьць, мы мусiм лiквiдаваць незаконны рэжым i рэальна вярнуць законнасьць улады. Адзiнымi законнымi ворганамi i прадстаўнiкамi канстытуцыйнай улады ў Белаусi зьяўляюцца недзеяздольны Вярхоўны Савет 13-га склiканьня (каля 40-ка дэпутатаў) i старшыня Вярхоўнага Савету Сымон Шарэцкi, якi выконвае функцыi Прэзыдэнта Беларусi. Каб прывесьцi ў рух мэханiзм нядзейнай, але законнай улады, беларусы мусяць быць салiдарнымi ў абароне незалежнасьцi i ў змаганьнi з незаконным рэжымам. Беларускi Народны Фронт i Кансэрватыўна-Хрысьцiянская Партыя БНФ зьвяртаюцца да народа з заклiкам падтымаць бесперапынную акцыю "Беларуская Салiдарнасьць" i выступiць у абарону незалежнасьцi, свабоды i суверэнiтэту Беларусi перад пагрозай з Расеi. ПАГРОЗА НАЦЫЯНАЛЬНАМУ IСНАВАНЬНЮ ПАВIННА АБ'ЯДНАЦЬ УСIХ БЕЛАРУСАЎ. Мы, беларусы, мусiм салiдарызавацца на аснове нашых духоўных народных i дзяржаўных каштоўнасьцяў i рыхтавацца да змаганьня за незалежнасьць i свабоду ўсiмi даступнымi сродкамi, усюды, дзе мы ёсьць: у войску, i ў вучэльнi, у мiлiцыi i на транспарце, у адмiнiстрацыi i ля станка. МЫ МУСIМ ЗМАГАЦЦА, КАЛI ХОЧАМ БЫЦЬ. Беларуская Салiдарнасьць дапаможа нам арганiзавацца. Беларуская Салiдарнасьць дапаможа нам стаць моцнымi i абаранiць сябе. Падтымлiвайце, стварайце, мацуйце Беларускую Салiдарнасьць! Арганiзоўвайце акцыi, мерапрыемствы, манiфэстацыi i працу Беларускай Салiдарнасьцi. Гэта будзе тое асяроддзе, зь якога вырастуць структуры ўлады i структуры змаганьня. Пачынаецца 2000-ны год -- апошнi год крывавага ХХ-га стагоддзя. Няхай жа гэты апошнi год будзе для беларусаў лiтасьцiвым i Боскiм, няхай абаронiць наш Род i наш Дом, i прынясе Свабоду! Зянон ПАЗЬНЯК Старшыня Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" i Партыi БНФ Файл падрыхтаваны Раманам Салаўянам.