ДАКЛАД НА ТРАВЕНЬСКI СОЙМ БНФ I ПАРТЫI БНФ Глыбокапаважаныя сябры Беларускага Народнага Фронту i Партыi БНФ. Вiтаю вас у Бацькаўшчыне i радуюся энэргii i упэўненасьцi ў перамозе беларускага Адраджэньня. Агляд палiтычных дзеяньняў за вясну паказвае ў цэлым на неблагую актыўнасьць нашых структураў у Менску i iншых гарадах (Пiнску, Вiцебску, Жодзiна i г.д.). Ёсьць разуменьне нашых палiтычных задачаў i правiльныя ацэнкi падзеяў i сiтуацыi ў цэлым i ў асобных мясьцiнах Беларусi. Гэта вiдаць па справах i акцыях, па палiтычных дачыненьнях, па рэдкiх, на жаль (з-за вядомых прычынаў), выступах па радыё i ў друку, у iнфармацыях i лiстах (напрыклад, лiст Юрася Карпава зь Вiцебску, надрукаваны ў Нью-Ёркскiх "Вестках i паведамленьнях" 29.04. 2000 г.), у заявах Партыi, у дакладнасьцi пазыцыi. Безумоўна, што стан Фронту нармалiзуецца. I гэта радуе, паказвае, што неабходна пасьлядоўна i мэтанакiравана працаваць далей як па структурным будаўнiцтве партыi, так i па дзейсных захадах нашай адраджэнскай палiтыкi. Мы павiнны спакойна разумець, што iнфармацыйны байкот нашае дзейнасьцi i дэзынфармацыя з боку агентурных (цi так званых, "незалежных" ад Лукашэнкi) СМI, невыкарыстаньне намi на гэтым этапе нашай сядзiбы БНФ, дэманстраваньне аплочанай балотнай апазыцыi - усё гэта iснуе цяпер як зьява новай рэчаiснасьцi, гэтак жа, як антыбеларускi рэжым Лукашэнкi. З усiм гэтым мы можам змагацца толькi сваiмi, а не iхнымi сродкамi. У гэтым ёсьць наша iдэйная, маральная i палiтычная перавага. I толькi гэтая перавага, памножаная на ахвярную, супольную i разумную працу, можа даць станоўчы вынiк i плён. Ня буду засяроджвацца на нашых памылках, асаблiва 25 сакавiка i 26 красавiка. Вы, мяркую, ужо iх прааналiзавалi. Скажу толькi, што самым вялiкiм i недаравальным недаглядам было тое, што мы бясьпечна не запабеглi спробе забойства Юрася Беленькага з боку бандфармiраваньняў рэжыму Лукашэнкi. Калi мы (Партыя i Фронт) ня будзем берагчы нашае кiраўнiцтва, то мы апынемся без кiраўнiцтва. На двары ўжо 5 гадоў акупацыя, спадары. Вясной мог бы вырашыцца лёс рэжыму Лукашэнкi на Беларусi. Але гэтага не адбылося па многiх прычынах. Страчаны дарагi час. Што датычыць мiтынгаў i дэманстрацыяў, дзе мы сумяшчаем сiлы разам з балотнай апазыцыяй, то каб паправiць становiшча, нам трэба вярнуць страчаныя пазыцыi. Цяпер мы ўжо крыху сталi на ногi. Трэба выконваць сваю праграму i адмянiць сумесныя iмiтацыйныя акцыi з "балотам". Мы ня ёсьць "аб'яднаная" балотная апазыцыя i не ўваходзiм у яе. Мы ёсьць вызвольны рух. Пра гэта (пра Вызвольны Рух) я казаў з 1997 года. На V З'езьдзе БНФ (у 1997 г.) мы прынялi палажэньне аб Вызвольным Руху i прынцыпы вызвольнай працы, каб запабегчы злучэньню з канфармiзмам калянiяльнай антылукашэнкаўскай апазыцыi, каб Фронт не скарыстоўвалi, каб Фронт не працаваў на чыесьцi шкурныя iнтарэсы. Што сталася потым, вы бачылi: подлая здрада, вынiкам якой павiнна было быць перараджэньне (i фактычнае зьнiшчэньне) Фронту. Цаной неверагодных высiлкаў i вялiкiх ахвяраў удалося гэта стрымаць. Прынцып, якi мы ў цяперашнiх абставiнах вымушаны дастасаваць у дачыненьнi да апазыцыйнай намэнклятуры, яе дзетак i спадарожнiкаў - "iдзем асобна, прыходзiм разам". Няма iншага варыянту, бо справа важыцца не на ўладу, а на незалежнасьць Беларусi. Асаблiвасьць нашых намэнклятурных апазыцыянераў ў тым, што яны здольныя здаваць Беларусь дзеля сваiх iнтарэсаў. Калi паўстае iмпэратыўны выбар, сваiм iнтарэсам не ахвяруюцца, ахвяруюцца iнтарэсам нацыi. Так было ўжо ня раз. Гэта небясьпечныя хаўрусьнiкi. Зь iмi трэба трымаць дыстанцыю. Беларускi Вызвольны Рух не павiнен выпадкова, па неразуменьнi ды няўменьнi, ды "хочучы, як найлепш", апынуцца ў балоце калябаранцтва разам з суб'ектамi, што гатовыя прадацца за сто даляраў. Другая пазыцыя, якая ўвесь час стаiць на парадку дня i якую мы ўсе добра разумеем - гэта стварэньне ўладнай альтэрнатывы рэжыму. Апазыцыйная частка Вярхоўнага Савету, маючы ўмовы i магчымасьцi, ня здолела гэта зрабiць за чатыры гады. Як кажуць, каму абдзелена, таму й ня дадзена. Iншы розум людзям ня ўставiш. Мы ня можам мiрыцца далей з заведама пройгрышнай сiтуацыяй. Цяпер, як бы нязручна i цяжка нам нi было, мы павiнны выкарыстаць прынцыпы непасрэднай дэкакратыi i рэалiзаваць iдэю Грамадзянскага Парляманту з наступным стварэньнем Грамадзянскага Ўраду самакiраваньня Беларусi. Ня маем iншай альтэрнатывы дзеяньняў. Магчымасьць альтэрнатывы Вярхоўнага Савету (стварэньне iм законнага ўраду) мае мiнiмум верагоднасьцi i ад нас не залежыць. Таму мы абавязаныя рабiць тое, што яшчэ можна. Мяркую, што варта пратакольна запiсаць сцьвярджэньне аб тым, што Сойм лiчыць неабходным прыступiць да рэалiзацыi стварэньня Грамадзянскага Парляманту Беларусi. Даручыць кiраўнiцтву БНФ i Партыi БНФ, а таксама Ўправе, пры ўдзеле ўсiх структураў арганiзаваць неабходныя iнiцыятывы i дзеяньнi. Мы павiнны ўважлiва назiраць за рухам iнiцыятывы грамадзкасьцi аб склiканьнi Ўсебеларускага Сходу, бы тыя, каму трэба, безумоўна, захочуць выкарыстаць нагоду для кампрамэтацыi беларускай iнтэлiгенцыi, а заадно - i справы стварэньня Грамадзянскага Парляманту. Я размаўляў ужо пра гэта з нашымi калегамi (А. Крываротам, В. Буйвалам, С. Папковым, С. Навумчыкам i iнш.) i, акрамя таго, напiсаў лiст спадарам Р. Барадулiну, Г. Бураўкiну, Р.Гарэцкаму, А. Грыцкевiчу. Таму я ня буду спыняцца на гэтай тэме, але прасiў бы вядучага Сойму мой лiст да вышэй названых спадароў зачытаць дзеля iнфармацыi для сяброў Сойму i падтрымаць маю пазыцыю. Нядаўна аргкамiтэт Усебеларускага Сходу надрукаваў паведамленьне аб маючым адбыцца Сходзе i прынцыпах дэлегаваньня яго ўдзельнiкаў. Добра, што яны часткова скарысталi палажэньнi, выказаныя ў маiм лiсьце. Але дрэнна, што пакiнулi такую недаравальную памылку, як дзьве сэсii Сходу (летам i ўвосень). Калi так пойдзе, то можна спадзявацца правалу. (Бо ў складаных, неспрыяльных для арганiзатараў палiтычных умовах прынцып два Сходы дзеля аднаго рашэньня ёсьць тэхналёгiя разбурэньня.) Верагоднасьць дрэннага вынiку вельмi вялiкая. Паўтаруся, мы ня мусiм непасрэдна займацца гэтай справай. Працаваць павiнны пачаць, нарэшце, iнiцыятары iдэяў. У нас свае задачы. Але мы мусiм дапамагчы iнiцыятарам Сходу дасягнуць посьпеху i засьцерагчы ад "балота" i неабдуманых крокаў. Для нас вельмi важна скарыстаць посьпех Усебеларускага Сходу дзеля хуткага стварэньня Грамадзянскага Парляманту i Грамадзянскага Ўраду самакiраваньня ў Беларусi. Аб так званых "перамовах" з рэжымам. Здаецца, надыйшоў час, калi мы павiнны прыпынiць у iх свой удзел. Заява палiтычных партыяў, прынятая 4-га траўня па нашай iнiцыятыве, выразна акрэсьлiла варункi i становiшча. (Прасiў бы зачытаць гэтую заяву.) Пасьля заявы можна было пачакаць да выкананьня пастаўленых намi ўмоваў, а потым прыняць рашэньне. Аднак назаўтра ж, пасьля падпiсаньня заявы аб немагчымасьцi перамоваў з уладамi без выкананьня iмi неабходных умоваў, уся апазыцыйная публiка (акрамя нашых прадстаўнiкоў, вядома) пацягнулася на сустрэчу зь вiцэ-прэм'ерам ураду Русакевiчам. (У iх, вiдаць, нешта не ў парадку з асэнсаваньнем паводзiнаў.) Тут можна толькi разьвесьцi рукамi. Вось гэтак яны пойдуць хоць куды: i на выбары i "за выбары". Нам трэба адзначыць асобным запiсам у пратакол, што пасьля 25 сакавiка i вайсковай апэрацыi супраць народу ўлады рэжыму канчаткова зьнiшчылi магчымасьць перамоваў. Беларускi Народны Фронт i Партыя БНФ ня бачыць больш рэальнага сэнсу дамагацца дыялёгу з рэпрэсыўнай уладай. Неабходна даручыць кiраўнiцтву Партыi i прадстаўнiкам Партыi на перамовах аформiць неабходныя захады, каб прыпынiць наш удзел у перамовах. Зьвяртаю ўвагу паважанага Сойму на пагрозу рэальнай акупацыi Беларусi (увядзеньне расейскага войска на нашу тэрыторыю). Гэта апэратыўна адзначана ў заяве кiраўнiцтва i Ўправы БНФ ад 2-га траўня гэтага году. Мяркую, што Палiткамiтэту трэба сур'ёзна заняцца аналiзам сiтуацыi i зрабiць прапановы. Асабiста для мяне тут ужо ўсё зразумела. Пасьля таго, як нядаўна Рада Эўропы прадала Чачэнiю i пакiнула ў радзе Эўропы рускага агрэсара (якi праводзiць генацыд), ды гатовыя супрацоўнiчаць з рускiмi ваеннымi злачынцамi, Беларусь (калi мы ня створым супрацiўленьня) будзе гэтак жа здадзена, прададзена i акупаваная. (Потым будзе акупаваная Летува. I Эўропа пагодзiцца, праглыне.) Пэрспэктыва складваецца такая, што беларускае грамадзтва, каб абаранiць Радзiму, мусiць рэальна рыхтавацца да вайны за Беларусь i да збройнага супрацiву. Але гэта тэма асобнай гутаркi. Зычу вам здароўя. З намi Бог i Пагоня! Жыве Беларусь! Жыве вечна! Зянон ПАЗЬНЯК Старшыня Беларускага Народнага Фонту "Адраджэньне" i Кансэрватыўна-Хрысьцiянскай партыi - БНФ 14 траўня 2000г. Варшава. Файл падрыхтаваны Раманам Салаўянам.