21 студзеня. 2000г. Радыё "Свабода". Старшыня Народнага Фронту "Адраджэньне" Зянон Пазьняк прыняў зварот да арганiзацыяў i людзёў добрай волi, у якiм выказуе глыбокую заклапочаннасьць лёсам Чачнi i Беларусi: "Увесь сумленны сьвет мусiць быць салiдарны з чачэнскiм народам. Свабодалюбны, шматпакутны i гераiчны чачэнскi народ, што стаў ахвярай расейскай агрэсii абараняе асноўныя каштоўнасьцi чалавека: жыцьцё, свабоду, Бацькаўшчыну. Чачэнскi народ на сваёй спрадвечнай зямлi баронiць яе ад расейскiх калянiзатараў i акупантаў. Уся праўда i ўсё права боскае i чалавечае на баку чачэнцаў. Я зьвяртаюся да сумленных людзей i да палiтычных арганiзацыяў i заклiкаю выступiць з iнiцыятывай падтрымкi шматпакутнай Чачэнii i яе змагароў за свабоду. Чачэнскiм салдатам патрэбная зброя i боепрыпасы, чачэнскай армii дабраахвотнiкi ўсяго сьвету, чачэнскiм уцекачом -- харчаваньне, лекi, жыльлё. Усёй Чачэнii -- мiр i незалежнасьць. Неабходна арганiзаваць цiск на парляманты i ўрады краiнаў i прымусiць iх пачаць рэальныя дзеяньнi ў справе абароны чачэнскага насельнiцтва ад вынiшчэньня, у справе спыненьня расейскай агрэсii i вайны. Сьвет ня можа бязьдзейнiчаць. Рускiя калянiзатары на вачох усяго чалавецтва праводзяць вынiшчэньне малога народу, якi легальным шляхам усенародна выказаўся за незалежнасьць i даказаў гэта сваёю крывёю баронячы свабоду. Тое, што робяць расейскiя генералы i расейская тэрарыстычная армiя ў Чачэнii -- гэта барбарства, злачынства супроць чалавецтва, несумернае ўжываньне сiлы. З болем, трывогай i надзеяй гляджу на Беларусь. Агрэсiя ў Чачэнii, дыктатура i падрыхтоўка аншлюсу Беларусi -- гэта ёсьць адна iмпэрская калянiяльная КГБ-iсцкая палiтыка, якая праводзiцца пакуль што рознымi мэтадамi. Недальнабачнасьць урадаў Захаду, iхнае хранiчнае неразуменьне Расеi ўражвае, ня можа не зьдзiўляць." Мы папрасiлi пракамэнтаваць Зянона Пазьняка ягоную ацэнку ролi Захаду ў справе Чачнi. Кар. Спрадар Зянон, чаму вы гэтак гаворыце пра недальнабачнасьць Захаду, вядома, што эўрапэйская камiсыя выдзялiла пяць мiльёнаў экю для гуманiтарнай дапамогi Чачнi, парляманцкая асамблея рады Эўропы на наступным тыднi будзе разглядаць пытаньне пра прыпыненьне сяброўства Расеi ў гэтай арганiзацыi, заходнiя структуры неаднаразова гавораць, што гэта жорсткая крывавая вайна. Чаму вы гэтак катэгарычна выказалiся, на вашую думку як яшчэ, якiм чынам Захад апроч спыненьня крэдытаваньня можа паўплываць на сытуацыю ў Чачнi? З.П. Я так катэгарычна выказаўся, таму што я лiчу, што я ведаю Захад. За амаль пяць год знаходжаньня тут i кантактаў з палiтыкамi, у мяне склалася даволi пэўнае ўяўленьне аб iхным узроўнi i разуменьнi сытуацыi на Ўсходзе. Вайна ў Чачэнii пачалася ня сёньня, яна пачалася ў 94 годзе. Захад не рабiў высноваў. Для таго, каб пачаць рабiць нейкiя высновы, трэ было каб загiнулi мiльёны людзей, загiнулi дзесяткi тысячаў, каб пачалi ўжываць хiмiчную зброю -- вось тады пачынаецца рэакцыя. Аналягiчная палiтыка да Беларусi -- пакуль не страляюць, пакуль людзi не гiнуць, можна маўчаць. I Захад меў усе магчымасьцi паўплываць на пазыцыю Расеi яшчэ i на стамбульскiм спатканьнi i перад гэтым. I Захад у гэты час, калi зьнiшчалiся чачэнскiя вёскi i гарады, даваў крэдыты i дае па сёньняшнi дзень Расеi, падтрымлiвае яе маральна i палiтычна, хаця ўсе цудоўна разумеюць, што рускiя робяць у Чачэнii тое, што сэрбы ў Косаве. I вось гэты двайны стандарт не можа не абураць. Захад мае вялiкi вопыт 20-га стагоддзя, але з гэтага вопыту не зроблена нiякiх вывадаў. Так была здадзена Аўстрыя, так была здадзена Чэхаславаччына, потым Польшча, потым была Ялта, Тэгеран, халодная вайна, i нiякiх вывадаў з гэтага не робiцца. Зараз iдзе выпрабаваньне цярпеньня Захаду, выпрабаваньне палiтыкi. На малой краiне. Калi Захад праглыне зьнiшчэньне Чачэнii, то наступнай будзе Беларусь, Летува i папарадку. Так было ўжо ў першай палове 20-га стагоддзя. Расея не зьмянiлася. На працягу ўжо 1000 гадоў яна не зьмянiлася. I ў гэтай сытуацыi надзея толькi на грамадзкасьць, на сумленных людзей. Кар. Учора ў нашай праграме было iнтэрв'ю з дырэктарам iнстытуту ўсходнiх дасьледваньняў Маркам Карпам, якi заявiў, што цяперашняя герархiя каштоўнасьцяў -- гэта не суверэнiтэт краiны, а гэта правы чалавека, правы асобы. На вашую думку, на колькi слушная такая заява? З.П. Нiякiх ня можа быць правоў чалавека, калi няма свабоды для народа. Калi iснуе генацыд, калi вынiшчаецца народ, пра якiя правы чалавека вы можаце гаварыць. Правы чалавека тады, калi створаны ўмовы для ажыцьцяўленьня гэтых правоў. Народ павiнен мець сваю дзяржаву i быць свабодным у сваёй дзяржаве i жыць павiнен так, як ён хоча. Кар. Вы гаворыце, што наступнай можа быць Лiтва. Мне здаецца, што краiны Балтыi ўжо настолькi далёкiя ад гэтай пагрозы? З.П. Гэта вялiкая памылка. Аншлюс Беларусi цяпер рэальнасьць, расьцягнутая ў часе. I гэтая рэальнасьць будзе вельмi хутка рэалiзована, калi будзе зьнiшчаная Чачэнiя. Так што лёс Беларусi i лёс Летувы вырашаецца там. Пасьля Беларусi застанецца Летува. Пасьля Летувы -- Украiна i ўся усходняя Эўропа. I нельга легкадумна адносiцца да цяперашняй ваеннай дактрыны Расеi. Захад вядзе вельмi памылковую палiтыку ў дачыненьнi да Расеi. Iлюзiя, што Расея будзе дэмакратычнай краiнай, iлюзiя, што гэта будзе краiна стабiльная, што гэта будзе краiна саюзьнiкам Захаду. Не будзе яна нiколi саюзьнiкам Захаду. Расея гэта не Захад. Гэта не Ўсход i не Захад. Там нiма нiякiх дэмакратычных традыцыяў. Там нiма патрэбы ў дэмакратыi. I гэта даказала нават расейская элiта. Элiта расейская ня здольная ўзяць на сябе адказнасьцi за будучыню сваёй дзяржавы i нацыi. Кар. Зянон Станiслававiч, я хацела такое пытаньне задаць... На колькi я ведаю ў Польшчы рэгулярна адбываюцца акцыi ў падтрымку Чачнi, супроць расейскай вайны ў Чачнi. Чаму ў Беларусi iнiцыятывы ў падтрымку Чачнi толькi ствараюцца, хаця гаворыцца, як калiсьцi вы казалi i цяпер у Беларусi гэта паўтараюць, што чачэнцы змагаюцца i за нашую незалежнасьць. Але чаму такая пасiўнасьць у Беларусi, на вашую думку, i чаму (вось вы ўжо згадалi) гэта расейская элiта так ганебна маўчыць? Цi проста ёй не даюць выказацца? З.П. Расейская элiта ганебна маўчыць, таму, што такая яе прырода. Гэта элiта адносна Расеi, а не элiта адносна Эўропы. Яны не думаюць па-эўрапэйску, яны думаюць па-расейску. Гэта проста iнтэлектуальны ўзровень iмпэрскай iдэалёгii. Беларускае насельнiцтва хранiчна пазбаўлена iнфармацыi. Таму што iнфармацыя дае магчымасьць выбiраць i думаць. Беларускае грамадзтва ня здольнае нават разабрацца з сабой, яно не здольнае сябе абаранiць, каб зразумець сытуацыю ў Чачэнii. Для гэтага трэба <...> i зь веданьнем гiсторыi, зь веданьнем i разуменьнем, што такое нацыя, што такое грамадзтва чаму павiнна быць нацыянальная дзяржава, якое гэта дабро для кожнага чалавека. Калi гэтае разуменьне ёсьць, як ёсьць яно ў Палякаў, тады яны салiдарныя з тымi людзьмi, ад якiх адбiраюць правы нацыянальныя i чалавечыя. Файл падрыхтаваны Раманам Салаўянам.