2 красавiка 2000г. Зянон ПАЗЬНЯК ------------- (Лiст да суайчыньнiкаў у Беларусi i за межамi Бацькаўшчыны) НЯ БУДЗЕ РАСЕЯ ПЛЯВАЦЬ НАМ У ТВАР 25 Сакавiка, у дзень найвялiкшага сьвята беларускага народу -- Дня Незалежнасьцi -- у Менску адбылося грубае ўжываньне сiлы рэжымам Лукашэнкi. На вулiцы горада былi выведзеныя ўнутраныя войскi ў колькасьцi некалькiх тысячаў салдатаў, тысячы мiлiцыянтаў, некалькi дзесяткаў адзiнак бронетэхнiкi, вадзяныя гарматы, спэцгрупы з агрэсiўнымi сабакамi (ротвэлеры, аўчаркi). Усё гэта -- супраць мiрных беларускiх дэманстрантаў. Напад войскаў i мiлiцыi на людзей адбыўся да пачатку дэманстрацыi i суправаджаўся жорсткiм i безаглядным зьбiцьцём усiх без разбору -- старых, непаўналетнiх, жанчынаў, удзельнiкаў i няўдельнiкаў дэманстрацыi, дыпляматаў i журналiстаў. Салдаты з замаскаванымi тварамi нападалi таксама мэтанакiравана на вядомых палiтычных дзеячоў беларускага вызвольнага руху. Гэтак было схоплена амаль усё кiраўнiцтва Беларускага Народнага Фронту i Кансэрватыўна-Хрысьцiянскай Партыi - БНФ, а выконваючы абавязкi старшынi БНФ у Беларусi Юры Беленькi быў жорстка зьбiты замаскаванымi бандытамi ў мiлiцэйскай форме. Ён атрымаў сур'ёзныя раненьнi галавы i знаходзiцца цяпер на лячэньнi. Брутальна зьбiлi таксама намесьнiка старшынi Вярхоўнага Савета Анатоля Лябедзьку. Спэцыяльна навучаныя салдаты атрымалi адпаведны загад, i для iх не iснавала нiякай адказнасьцi i нiякiх перашкод. Стала вядома таксама, што прэм'ер-мiнiстар Расеi i выконваючы абавязкi прэзыдэнта Расеi У.Пуцiн меў ранiцай 25 сакавiка тэлефонную сувязь з А.Лукашэнкам i абмяркоўваў зь iм дэталi вайсковай апэрацыi ў Менску. Было схоплена больш за 500 асобаў, якiх iнтэрнавалi ў вайсковыя часткi, спартыўныя залi, замкнулi ў арыштах. Прытым нiякага парушэньня грамадзкага парадку з боку насельнiцтва не было. Людзей бiлi i хапалi яшчэ да пачатку дэманстрацыi. Зьбiцьцё мiрных людзей у Менску па загаду Лукашэнкi i Мiнiстра ўнутраных справаў Сiвакова ня можа застацца беспакараным. З таго, што адбылося 25 сакавiка ў Менску, стала зразумела, што агрэсiўная сiлавая апэрацыя супраць шэсьця ў гонар Дня Незалежнасьцi ўзгаднялася з Масквой. Прамаскоўскi рэжым Лукашэнкi адкрыта прадэманстраваў свой акупацыйны характар, поўнае iгнараваньне беларускай грамадзкай думкi, пазыцыi Захаду i мiжнароднай супольнасьцi. Масква, абапiраючыся на Лукашэнку, яшчэ раз дэманстратыўна засьведчыла i дала зразумець, што ў палiтыцы iнкарпарацыi Беларусi ў Расею гэтак жа, як i ў вайне з Чачэнiяй, яна ня спынiцца нi перад чым. Нiякiх "дыялёгаў", нiякiх "перамоваў" з вызвольнай беларускай апазыцыяй рэжым Лукашэнкi не зьбiраўся i не зьбiраецца праводзiць. Ствараецца iмiтацыя, гаварыльня, выгадная дыктатуры, каб паралiзаваць апазыцыю, выйграць час i правесьцi свае выбары ў свой кiшэнны "парлямант" любым спосабам i любым мэтадам. I потым -- зацьвердзiць аншлюс у новым квазiпарляманце. Пасьля расправы 25 сакавiка ў Менску i неадэкватнага ўжываньня сiлы Лукашэнкам -- нiякiх гульняў у "дыялёгi" з рэжымам больш ня можа быць. Нельга правесьцi дэмакратычныя выбары ва ўмовах дыктатуры. Нельга пры дэктатары (якi разагнаў законны парлямант, адмянiў законную Канстытуцыю i выконвае iмпэрскiя мэты Масквы) стварыць дэмакратычны парлямант. Дзеля гэтага трэба лiквiдаваць рэжым i выгнаць дыктатара. Беларуская апазыцыя мусiць стварыць законную ўладу i надаць выступам супраць нелегальнай улады канкрэтны палiтычны i юрыдычны зьмест. Парлямант iснуе ня толькi дзеля мiжнароднага прадстаўнiцтва. Даўно з апораай на Беларускi вызвольны рух трэба было стварыць законны Ўрад, канстытуцыйныя ворганы ўлады, неабходныя мiнiстэрствы i адмiнiстрацыю Спаўняючага функцыi Прэзыдэнта. Крымiнальнае сьледзтва па справе аб незаконным захопе ўлады ў Беларусi, распачатае Пракурорам Беларусi Рыгорам Пракаповiчам, павiнна мець лягiчнае завяршэньне. Дзеля гэтага ёсьць усе фармальныя магчымасьцi, ёсьць жаданьне людзей да пераменаў, не хапае толькi волi палiтыкаў. Беларускi Народны Фронт i яго Кансэрватыўна-Хрысьцiянская Партыя - БНФ 30 сакавiка выступлiлi з заявай, дзе прапанавалi ўсiм беларускiм партыям i арганiзацыям скансалiдавацца на галоўнай задачы -- абароне незалежнасьцi Беларусi ад расейскай агрэсii i выказаць патрабаваньне да Вярхоўнага Савета 13-га склiканьня, яго Старшынi i Спаўняючага функцыi Прэзыдэнта Беларусi Сымона Шарэцкага "тэрмiнова прыняць рашучыя захады па стварэньнi законнага Ўраду i iншых уладных ворганаў" Беларусi. Беларусы мусяць хутчэй пазбаўляцца iлюзiяў адносна Лукашэнкi, Расеi, Эўропы, Захаду, "мiжнароднай супольнасьцi" i г.д. Абапiрацца можна толькi на свае сiлы, сваю волю, сваю працу i сваiх людзей. У справе незалежнасьцi i свабоды нiхто ня здолее нам дапамагчы, калi мы, беларусы, будзем толькi лямантаваць, арганiзацыйна бязьдзейнiчаць, аглядацца i нечага чакаць. Свабоды ня просяць - свабоду здабываюць. I памятайма: калi страцiм незалежнасьць i трапiм пад рэальную расейскую акупацыю - забудзьце, беларусы, пра ўсялякiя свае "правы чалавека". (Якiя ў чачэнцаў цяпер "правы" i дзе тая "мiжнародная супольнасьць"?!) Незалежнасьць i свабода Бацькаўшчыны - найвышэй. Бо сябе (свае правы) i зьвер баронiць. Чалавекам ёсьць той - хто баронiць Бацькаўшчыну. Файл падрыхтаваны Раманам Салаўянам.