КАМУНIЗМ ЯК ФОРМА РУСКАГА IМПЭРЫЯЛIЗМУ Прамаўляючы слова "камунiзм", я маю на ўвазе тую сiстэму ўлады, тую сiстэму палiтыкi i тую iдэалёгiю, якая iснавала ў былой расейскай iмпэрыi -- Савецкi Саюз -- з 1917 па 1991 гады. Гiстарычна гэтая iмпэрыя (яе палiтыка i iдэалёгiя) была заснаваная манголамi i выяўлялася ў пастулаце: "iсьцi да апошняга мора". На працягу стагоддзяў зьмянялiся сталiцы i групы, што кiравалi iмпэрыяй Чынгiз-хана, зьмяняўся яе назоў, але нязьменным заставаўся яе аб'ём, яе эўра-азiяцкi зьмест, яе палiтычная сутнасьць -- вайна i яе iдэялёгiя: "iсьцi да апошняга мора" ("да перамогi рускай зброi", "да перамогi камунiзму"). Iмпэрыя нiколi не распадалася. Яна зьмянялася, пераменьвала форму. У часе пераменаў трацiла ненадоўга на ўскраiнах свае тэрыторыi, каб потым, набраўшы рускага, вiзантыйскага цi прускага вопыту, цi кшталту вучэньня сусьветнага камунiзму, усё вярнуць i пакацiцца наперад, нiчога не ствараючы: душыць, рабаваць, спажываць, разбураць i хлусiць. Хлусьня ёсьць самым iстотным вызначэньнем стылю палiтыкi, стылю iснаваньня i дачыненьняў расейскай iмпэрыi. Хлусьня, узьведзеная на п'едэстал веры, ёсьць сутнасьць дачыненьняў у камунiзме. У гiсторыi пераменаў i ўмацаваньня расейскай iмпэрыi пэрыяд камунiзму ёсьць радыкальна новая форма ўлады i кiраваньня старой калянiяльнай дзяржавай. Была зламаная дынастычная цягласьць рускага царызму i зьмененая форма iмпэрскай iдэалёгii. Замест дынастыi -- палiтычная група (партыя); замест цара -- аўтарытарны дыктатар; замест праваслаўя -- марксiзм-ленiнiзм. Нязьменным засталiся iмпэрыялiзм, русiзм, рабскi прыгнёт асобы, прыгоннае права, агрэсiя i вайна. "Расея ёсьць ваенная дзяржава", -- казаў рускi цар Мiкалай I. У XVIII стагоддзi яна падрыхтавала разбор Рэчы Паспалiтай, захапiла Беларусь i Прыбалтыку, парушыла балянс у Эўропе, стала прычынай бясконцых войнаў за перадзел сьвету, выклiкала Першую i Другую Сусьветныя войны i ня выключана -- справакуе трэцюю, каб ацалiць сваё iснаваньне. Перамена формы ўлады i iдэалёгii, усталяваньне новага аўтарытарнага кiраваньня, вяртаньне прыгоннага права ў вёску i эканомiку вымагала татальнага задушэньня ўсiх апазыцыйных i патэнцыяльна нязгодных сiлаў. Для абсалютызацыi новай улады, для абнаўленьня iмпэрыi i для падрыхтоўкi вайны масавыя рэпрэсii, расстрэлы i лягерная сiстэма ГУЛАГ былi непазьбежнымi. Яны шакавалi Захад, але не бянтэжылi Расею, бо вынiкалi з кантэксту яе гiсторыi, зь нявольнiцкай эўра-азiяцкай (гэта значыць, нi эўрапэйскай, нi азiяцкай) мэнтальнасьцi, з эгалiтарнай псыхалёгii насельнiцтва. Камунiзм ня быў субстанцыянальнай зьявай у Расеi, а толькi таталiтарнай формай iмпэрскай улады. Нiякiх ахвяраў, нiякiх разбурэньняў i нiякiх пабудоваў не было зроблена так званымi "будаўнiкамi камунiзму" дзеля самога камунiзму. Усё працавала на выключнасьць, абарону i ўмацаваньне новай татальнай улады i новай расейскай звышдзяржавы, якая ператварылася пры камунiзме ў рэальную пагрозу для ўсяго сьвету. Руская мова ў СССР стала iдэалягiчным атрыбутам камунiстычнай "тэорыi" зьлiцьця моваў (гэта значыць, русiфiкацыi). Расейшчына была аб'яўлена "агульначалавечай" мовай будучага камунiстычнага грамадзтва, мовай так званага "савецкага народу" як новай iмпэрскай агульнасьцi людзей, стварэньнем якой займалiся рускiя камунiсты. Русiфiкацыя ў СССР пасьлядоўна праводзiлася i кантралявалася КПСС. Нацыянальныя культуры маглi часткова выжываць толькi ў форме калябарацыi з рэжымам улады i ў вузкiх межах дазволенага. У падсавецкай Беларусi ў 70-х гадах нават беларускiя казкi (выдадзеныя ў Вiльнi да 1939 года) i школьныя падручнiкi на беларускай мове па трыганамэтрыi ляжалi арыштаваныя ў так званых "спэцфондах" бiблiятэк. На беларускай мове выдавалiся творы Ленiна ды савецкая лiтаратура, што хвалiла рускiх ды камунiзм. Да 70-х гадоў былi зачыненыя ўсе беларускiя школы ў беларускiх гарадах i пераробленыя на расейскiя. Беларуская гiсторыя была груба сфальсiфiкаваная, а гiсторыя Расеi стала гiсторыяй СССР. На гэтай атруце ды на так званай "агульначалавечай мове" вучылi i абалваньвалi беларускую моладзь. Будаўнiк камунiзму ня мог гаварыць па-беларуску. Гэта не ўхвалялася i перасьледвалася камунiстамi. За часы СССР Беларусь, як i раней, была асаблiвым аб'ектам рускай палiтыкi i зонай русiфiкатарскiх экспэрыментаў. У 60-х гадах Мiкiта Хрушчоў, наведаўшы Менск, з задавальненьнем адзначыў, што беларусы першыя (вядома, першыя пасьля рускiх) прыйдуць да камунiзму, бо дабраахвотна адмовiлiся ад беларускай мовы i ўсталявалi рускi "язык". Гэта была пахвала сьмерцi. Сьмерць i гвалт, русiфiкацыя i этнацыд, зьнiшчэньне культуры i цэлых народаў, злачынствы супраць чалавецтва -- вось галоўныя адзнакi i вынiкi рускага iмпэрыялiстычнага камунiзму. Пасьля 2-й Сусьветнай вайны дзесяцiмiльённая Беларусь не далiчылася каля трох мiльёнаў сваiх жыхароў, але каля двух мiльёнаў былi забiтыя яшчэ да вайны ворганамi камунiстычнага НКВД. У Беларусi фiзiчна зьнiшчылi 70 адсоткаў усiх беларускiх пiсьменьнiкаў, пазабiвалi вучоных i мастакоў. (Трупа Трэцяга Беларускага Дзяржаўнага тэатра Ўладзiслава Галубка была арыштаваная ў поўным складзе i расстраляная амаль цалкам.) Забiвалi па нацыянальнай прыкмеце. Дзеля гэтага быў прыдуманы ярлык "нацдэм"(гэта значыць, нацыянальны дэмакрат, хаця партыi такой не iснавала). Гэты ярлык прыклейвалi да ўсiх беларусаў, якiх сталiнiсты плянавалi зьнiшчыць. У нетрах НКВД была прыдуманая неiснуючая антыкамунiстычная арганiзацыя -- СВБ ("саюз вызваленьня Беларусi"). Пад створаны фантом энкавэдзiсты праводзiлi арышты, вялi ўяўнае сьледзтва, дапытвалi, судзiлi, потым ссылалi ў Расею i расстрэльвалi невiнаватых людзей. Пасьля Рыскай змовы ў 1921 годзе, Беларусь падзялiлi памiж Польшчай i Расеяй. Мяжу падзелу правялi непадалёк ад Менска. Iснаваў таемны загад НКВД вынiшчыць усё беларускае насельнiцтва ўздоўж мяжы. Расейскiя акупанты хацелi зрабiць тут бязьлюдную зону. Вынiшчэньне ажыцьцяўлялi памежныя войскi. Давераным выдавалi карабiн i рыдлёўку. Калi такi салдат-памежнiк сустракаў у бязьлюдным месцы (на дарозе, у полi, у лесе) адзiнокага беларуса, цi беларуску, цi дзiця, ён застрэльваў чалавека, тут жа рыдлёўкай выкопваў яму i засыпаў труп. Такая была iнструкцыя. Людзi ў вёсках ня так баялiся "чалавека з ружжом", як маскаля з рыдлёўкай. (Гэтыя факты надрукаваныя ў беларускiм друку ў пачатку 90-х гадоў.) У 30-х гадах на 95-99 адсоткаў (практычна поўнасьцю) была зьнiшчана (сасланая i расстраляная) беларуская камунiстычна-партыйная i цывiльная адмiнiстрацыя. Вынiшчалi нават дэрэктарат i гаспадарчых кiраўнiкоў. На месца забiтых адмiнiстратараў i камунiстычных начальнiкаў-бела-русаў прысылалi расейцаў з Расеi. Рускiя (так званыя "выдвiжэнцы") прыяжджалi ў Беларусь, займалi вызваленыя пасады, атрымлiвалi iльготы, маёмасьць, кватэры, i першае, што рабiлi -- зачынялi беларускiя школы, пераводзiлi iх на расейскую мову, каб iхныя дзецi маглi вучыцца, не абцяжарваючы сябе вывучэньням, як яны казалi, "нiкому непатрэбнай" беларускай мовы. Гэтак акупанты стваралi на Беларусi "рускаязычнае населенiе". Этнацыд, лiнгвацыд, мнемацыд i генацыд праводзiлiся бальшавiкамi адначасова. Вынiшчэньне беларусаў расейскiм НКВД працягвалася i ў часы нямецкай акупацыi. У чэрвенi 1941 года, у першыя днi вайны камунiсты расстралялi ў турмах i на этапах тысячы вязьняў. Толькi ў Берасьцейскай крэпасьцi, дзе была страшная турма НКВД, усiх арыштаваных лiквiдаваць не пасьпелi, частка разьбеглася. Тым часам вялiкая група наглядчыкаў i функцыянэраў НКВД была заблякаваная ў крэпасьцi немцамi. Яны сядзелi там каля месяца, пакуль ня вымерлi. Гадоў праз 20 пасьля вайны камунiсты прыдумалi легенду пра "гэраiчную абарону" Берасьцейскай крэпасьцi. Зьвяртае на сябе ўвагу той факт, што шырокi савецкi партызанскi рух быў арганiзаваны толькi на Беларусi i часткова -- на этнiчных беларускiх землях, што былi пад Расеяй (Смаленшчына, Браншчына). У акупаванай Расеi "партызанкi" не было. Чаму? Ды таму, што прадаўжаў дзейнiчаць плян зьнiшчэньня беларускай нацыi. Масква праз ворганы НКВД уцягнула масы цывiльных беларусаў у вайну супраць немцаў, i гэтым падставiла iх пад удар. Неабходная справа вынiкала з подлай задумы i рабiлася ня менш подлымi мэтадамi. (Сталiн хацеў мець двайную выгаду.) Энкавэдзiсты спэцыяльна каля беларускiх вёсак забiвалi немца цi рабiлi iншую правакацыю, каб выклiкаць карную апэрацыю гiтлераўцаў, якiя звычайна спальвалi ўсю вёску (часта разам зь людзьмi). Гэткiм чынам, дарэчы, у вынiку спэцыяльнай правакацыi савецкiх партызанаў была спаленая i вядомая Хатынь, якую камунiсты потым, у 70-х гадах разрэклямавалi на ўвесь сьвет як тыповую ахвяру фашысцкага зьверства. У вынiку такой камуна-фашыстоўскай сумеснай "працы" на Беларусi спалiлi больш за дзевяць тысячаў вёсак. Ужо ў 1943-м годзе ў беларускiх лясах дзейнiчала агулам ад трохсот да чатырохсот тысячаў партызанаў. Масква не давярала беларусам. Таму пад канец вайны, ў вынiку спэцыяльнай апэрацыi НКВД, многiя беларускiя камандзiры былi пасланыя на сьмерць, адхiленыя ад камандваньня, забiтыя i рэпрэсаваныя. Iхняе месца займалi расейцы i верныя энкавэдзiсты. Летам 1944 года, калi "чырвоная армiя" заняла Беларусь, расейцы правялi мабiлiзацыю ў войска на беларускай тэрыторыi. Дзясяткi тысячаў маладых беларускiх хлопцаў, амаль без падрыхтоўкi, кiнулi на перадавую лiнiю фронта. рускiя камандзiры падымалi iх у непатрэбныя атакi пад агонь нямецкiх кулямётаў, ня даўшы нават зброi ў рукi, альбо з карабiнамi, ды без патронаў. Яны гiнулi тысячамi, як трава пад касой, а тыя, што ўцякалi назад, траплялi пад кулi энкавэдзiскiх "заградатрадаў". Зрэшты, заградатрады стралялi i ў сьпiну. Так працягвалася вынiшчэньне беларусаў на вайне, рукамi немцаў i расейцаў адначасна. Як казалi камунiсты, "в барбе за савецкую родзiну". У 40-х гадах рускiя вывезьлi ў Сiбiр i там замардавалi ўсiх лясьнiкоў i так званых "кулакоў" з Заходняй Беларусi. Вывозiлi вагонамi, па разнарадках. У 1949-1950 гг. правялi так званую калектывiзацыю. У сялянаў адабралi зямлю, асноўную маёмасьць i сродкi вытворчасьцi. Палiтыка нацыянальна-культурнага вымардаваньня беларусаў працягвалася пры Хрушчове. У пачатку 60-х гадоў на закрытым пленуме ЦК КПСС быў прыняты плян ператварэньня 600-тычяснага тады Менска ў шматмiльённы прамысловы мегаполiс. Масква вырашыла пабудаваць у Беларусi гiганты вялiкай хiмii, разьлiчаныя на iмпэрыю. (што азначала для 10-мiльённай краiны (дзе праводзiлася палiтыка русыфiкацыi) разбудова шматмiльённай прамысловай сталiцы без беларускiх школаў i беларускiх ўнiверсiтэтаў -- зразумела. Плянавалася гэтая разбудова (i часткова была ажыцьцёўлена) не з эканамiчных, а з палiтычных русiфiкатарскiх меркаваньняў. У гэты ж час, у 1964-м годзе, камунiсты зацьвердзiлi грандыёзны плян зьнiшчэньня беларускiх вёсак. Iх падзялiлi на "пэрспэктыўныя" i "непэрспэктыўныя". З "непэрспэктыўных" вёсак паступова высялялi людзей, адцiналi сьвятло, радыё, энэргiю, лiквiдавалi крамы, здымалi транспартныя маршруты, спынялi фiнансаваньне, высялялi калгасныя ўстановы i г.д. Людзi павiнны былi самi выяжджаць ва ўказанае месца. Потым вёску зьнiшчалi. З трыццацi чатырох тысячаў беларускiх вёсак заплянавана было пакiнуць дзевяць тысячаў, а дваццаць пяць тысячаў -- лiквiдаваць (як "непэрспэктыўныя"). (Прыпомнiм, што ў вайну немцы, разам з рускiмi, зьнiшчылi дзевяць тысячаў беларускiх вёсак.) Гэта быў плян нацыянальна-культурнай катастрофы Беларусi. Нагадаю, што культура i культурныя традыцыi зьвязаныя з месцам гiста- рычнага iснаваньня людзей, трымаюцца i разьвiваюцца толькi дзякуючы пастаяннаму насельнiцтву. Iнтэнсiўная, радыкальная i раптоўная ўнутраная мiграцыя разбурае традыцыйную культуру. (Чарнобыльская зона -- гэта экалягiчная i сацыяльна-культурная катастрофа.) Плян лiквiдацыi 73-х адсоткаў вёсак у Беларусi пачаў ажыцьцяўляцца з канца 60-х гадоў. (Дадам, што адначасна разбуралi гiстарычныя цэнтры беларускiх гарадоў.) Плян быў абстаўлены псэўданавуковай дэмагогiяй, быў стратным з эканамiчнага боку i дыктаваўся палiтычнай задумай этнацыду беларусаў, пра што ўслых не гаварылася. Спробу зьнiшчэньня беларускiх вёсак камунiсты пасьпелi ажыцьцявiць толькi часткова. Па-першае, на хуткi "прарыў" не хапiла рэсурсаў i сiлаў. Па-другое, -- скончыўся камунiзм(!:). Але ўдар па беларусах быў зроблены моцны. Наступны ўдар быў нанесены ў час Чарнобыльскай катастрофы. Як вядома, 70 адсоткаў радыяцыйных выкiдаў было ськiнута на Беларусь. Па загаду Масквы рускiя "таварышчы" з выкарыстаньнем авiацыi асадзiлi над Магiлёўскай вобласьцю радыёактыўныя хмары на галовы беларусаў. Яны "спасалi Расiю" над нашай тэрыторыяй, скарыстаўшы той факт, што Беларусь была iмi акупаваная i ня мела суверэнiтэту. Я бачыў мёртвыя радыяцыйныя вёскi на Магiлёўшчыне, з пустымi дамамi i трохмэтровай крапiвой на бязьлюдных вулiцах, бачыў, як iх хавалi, як закопвалi дамы -- набытак пакаленьняў. А тысячы памерлых, а тысячы хворых дзяцей, а тысячы людзей бяз роднай зямлi, бяз спадчыны, уцекачы ў сваёй краiне... Аб Курапатах. Курапаты ёсьць неабвержнае сьведчаньне i рэчавы доказ камунiстычнага генацыду на Беларусi. Упершыню эксгумацыйныя раскопкi праводзiлiся тут археолягамi i археалягiчнымi мэтадамi. Гэта дало магчымасьць дасьледваць пахаваньнi на аснове навуковых мэтодык, выявiць i пацьвердзiць факт папярэднiх раскопак магiлаў у канцы 40-х -- пачатку 50-х гадоў i выемку большай часткi касьцей расстраляных. Аналiз дадзеных паказвае, што ў Курапатах з 1937-га па 23 чэрвеня 1941-га года было расстраляна больш за 200 тысячаў чалавек. Гэта быў энкавэдзiсцкi канвеер сьмерцi. Акрамя Курапатаў, мне ўдалося вызначыць яшчэ пяць такiх месцаў вакол Менска i пра адно (Лошыца) сабраць зьвесткi. На Беларусi вядома каля дзясятка мясьцiн камунiстычных расстрэлаў i пахаваньняў расстраляных людзей. (шмат -- вакол Магiлёва, дзе быў другi па маштабах (пасьля Менску) рэпрэсiўны цэнтар НКВД. Разбурэньне Савецкага Саюза i КПСС пачалося з 1988 года, калi былi створаныя народныя франты Эстонii, Латвii, Летувы, Беларусi, Украiны i сфармуляваныя iдэi палiтычнага змаганьня за незалежнасьць i дэмакратыю. У 1991 годзе КПСС перастала iснаваць, СССР распаўся, руская намэнклятурная дэмакратыя пераняла ўладу ў Расеi. Ёй спатрэбiлася толькi тры гады, каб асвоiцца i вярнуцца да сваёй праверанай iмпэрскай палiтыкi ўмяшальнiцтва, захопу, агрэсii i зьнiшчэньня. Напад на Чачэнiю i першая калянiяльная вайна з чачэнцамi (1994-1996) падвяла рысу пад посткамунiстычнай пераменай улады ў Расейскай iмпэрыi. Перамены скончылiся. Пачалiся працэсы вяртаньня страчанага. Наступным аб'ектам умяшаньня стала Беларусь. У 1996 годзе Расея непасрэдна падтрымала свайго стаўленiка Лукашэнку i на высокiм дзяржаўным узроўнi прыняла дыпляматычны ўдзел у дзяржаўным перавароце ў Беларусi. Да ўлады ў Беларусi прыйшоў савецкi КГБ. Усталявалася прамаскоўская дыктатура. Праз чатыры гады КГБ поўнасьцю захапiў уладу ў Расеi. Там цяпер няма камунiзму, але ёсьць канцэнтрацыйныя (фiльтрацыйныя) лягеры, праводзiцца генацыд i зьнiшчэньне Чачэнii з ужываньнем войска i сучаснай разбуральнай зброi, душыцца друк i ўведзена вайсковая цэнзура. Вусная iнструкцыя для рускiх вайскоўцаў абавязвае забiваць усiх чачэнцаў ад 10 да 60-цi гадоў. Людзей замыкаюць у фiльтрацыйныя лягеры,дзе iх катуюць, прынiжаюць i мардуюць. Пляны расейскага камандваньня заключаюцца ў тым, каб забiць дзьве трацiны чачэнскай нацыi, разбурыць i абязьлюдзiць горную частку краiны. Гэта робiцца цяпер перад аблiччам усяго сьвету. То якi сэнс гаварыць цяпер пра злачынствы камунiзму, што ў 40-х гадах зьнiшчаў i вывозiў у Сiбiр тых жа чачэнцаў, iнгушоў ды татараў? I калi ёсьць сэнс, то дзе яго болей: тады, калi iснаваў расейскi дзяржаўны камунiзм i расейскi дзяржаўны бандытызм, цi цяпер, калi расейскага камунiзму няма, а расейскi бандытызм ёсьць? Камунiзм у Савецкiм Саюзе быў перш за ўсё формай рускага калянiялiзму, iдэалягiчнай канцэпцыяй расейскай iмпэрыялiстычнай палiтыкi. Пасьля таго, як да сярэдзiны 80-х гадоў гэтая форма скампрамэтавала i вычарпала сябе, камунiстычных артадоксаў адхiлiлi ад улады. Адначасна зьнiклi, растварылiся ў нетрах улады так званыя рускiя дэмакраты (тыя ж iмпэрыялiсты). Рэальнай i адзiнай палiтычнай сiлай у Расеi паступова робiцца КГБ. У 1993-95-х гадах адбываецца хуткае засвойваньне iмпэрскага шавiнiзму як дзяржаўнай iдэалёгii. (Ролю юродзiвага ў гэтым працэсе, згодна з расейскай мэнтальнасьцю i традыцыяй, прафэсiйна выканаў блiзкi да спэцслужбаў У.Жырыноўскi. Дзяржаўных мужоў, што ў прыстойным тоне паўтаралi тыя ж пазыцыi усьлед за Жырыноўскiм, ужо ўспрымалi сур'ёзна. Шышкi падалi на "сына юрыста".) Гэта ёсьць кагэбiсцкая тэхналёгiя захопу ўлады, таксама, як ўзрывы дамоў (разам зь людзьмi) у Маскве i Валгадонску. Сутнасьцю зьяўляецца тое, што КГБ-ФСБ (былое НКВД) валодае цяпер поўнай i абсалютнай (а неўзабаве -- татальнай) уладай у Расеi. Сутнасьцю ёсьць тое, што гэтая ўлада вядзе несправядлiвую, брудную вайну, вынiшчае людзей, робiць ваенныя злачынствы, топча правы асобы, а ўсе рускiя палiтыкi i ўсё рускае грамадзтва ўхваляюць ды падтрымлiваюць такiя дзеяньнi, бяруць, такiм чынам, на сябе калектыўную адказнасьць за забойствы i генацыд. Сутнасьцю зьяўляецца тое, што расейская ўлада рыхтуе аншлюс Беларусi, падтрымлiвае антыдэмакратычны нелегальны рэжым Лукашэнкi, а ўсё расейскае грамадзтва ўхваляе гэтую захопнiцкую палiтыку. Сутнасьцю зьяўляецца тое,што расейскае грамадзтва падтрымлiвае ўладу Пуцiна-КГБ-НКВД гэтак жа, як апантана падтрымлiвала дзеяньнi Мураўёва-вешальнiка, цара, Сталiна ды Ленiна. Гэта грамадзтва, якое згаджаецца i ўхваляе любое варварства ў iнтарэсах рускай iмпэрыi. Гэта ёсьць грамадзтва без iнтэлiгенцыi, без iдэалоў свабоды. Для рускiх iмпэрыялiстаў, незалежна ад таго, за каго яны сябе ўважаюць (за дэмакратаў цi недэмакратаў), камунiзм стаў выгаднай шырмай, за якую можна схавацца. Ён стаў для iх ахвярным казлом, на якога можна кiваць i сьпiсаць усе свае мiнулыя антылюдзкiя расейскiя грахi i апраўдаць цяперашнiя, выкарыстоўваючы камунiзм як страшылку для дызарыентаванага грамадзтва i лёгкавернай мiжнароднай супольнасьцi. Камунiзм нельга разглядаць толькi як абстрактную катэгорыю, што сама па сабе чынiць зло. Гэта правiльна толькi з ацэначных, вызначальных (дэфiнiтыўных) патрабаваньняў. Але калi мы падыходзiм да пытаньня адказнасьцi за тое, што ўчынiў рускi камунiзм, то знаходзiм ня толькi iдэалёгiю, але i канкрэтных асобаў, спраўцаў злачынства, i палiтычную арганiзацыю, i дзяржаўную сiстэму, i адпаведным чынам арганiзаваны народ, i адпаведным чынам арганiзаванае грамадзтва. Кожны мае сваю долю вiны. Кожны нясе сваю долю адказнасьцi. Але ў Расеi нiхто ня думае пра пакаяньне. Адказнасьць за масавыя злачынствы супраць чалавецтва датычыць ня толькi канкрэтных асобаў, яна ёсьць ня толькi iндывiдуальная, але i калектыўная, што прадугледжвае розную ступень пакараньня. Перад аблiччам мiжнароднага суду камунiзм мусiць разглядацца ў канкрэтным зьмесьце. Я маю на ўвазе рускi камунiзм. Iншага ў Эўропе не было. Нюрнбергскi трыбунал судзiў не абстрактны, а нямецкi фашызм i канкрэтных злачынцаў. Было прынятае рашэньне аб лiквiдацыi магчымасьцяў аднаўленьня нямецкага мiлiтарызму. Нямецкая нацыя (не фашысты, а народ, нацыя, што скарыстала фашызм) заплацiла кантрыбуцыi за зьнiшчаныя культурныя каштоўнасьцi iншых народаў, плацiла за галакост i газавыя камэры, за выкарыстаньне дармовай рабочай сiлы (i плоцiць па сёньняшнi дзень). Хто заплоцiць беларусам за два мiльёны землякоў, замардаваных рускiм камунiзмам?! Хто заплоцiць за скарыстаньне беларускай дармовай рабочай сiлы на рускiх лесапавалах, за працу ў вечнай мерзлаце? Хто заплоцiць за зрабаваныя культурныя каштоўнасьцi Беларусi, што аселi ў рускiх музэях i розных "палатах" Масквы? Хто нам заплоцiць за Чарнобыль?! Захад бяз зброi перамог камунiстычную сiстэму, выйграў халодную вайну. I тут жа пачаў адраджаць расейскага монстра, наiўна мяркуючы, што дапамагае дэмакратыi i што зло не жыве. У такiх умовах змаганьне з рускiм камунiзмам пачынае выглядаць барацьбой з папяровымi тыграмi. Яно толькi ўмацоўвае iмпэрыялiзм, якi перамянiў аблiчча. Сем гадоў таму мне i маiм калегам зь Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце ня раз прыходзiлася казаць, пiсаць i перасьцерагаць аб магчымасьцi дыктатуры ў Беларусi, аб будучай агрэсii Расеi, аб пагрозе страты незалежнасьцi. Цяпер, гледзячы на тое, што робiцца, сумна ўспамiнаць тое лёгкадумства, зь якiм беларускiя элiты адносiлiся да вiдавочнай рэальнасьцi. Цяпер для Масквы i яе памагатых з Захаду засталося толькi легiтымiзаваць рэжым Лукашэнкi праз любыя выбары (хай сабе i недэмакратычныя), i тады 300-тысячная расейская вайсковая групоўка гатовая ўступiць у Беларусь. Гаворачы пра "iнтэграцыю", рыхтуюць акупацыю. Потым можа ўзьнiкнуць чарговы "калiдор" да Калiнiнградзкай вобласьцi i акупацыя Летувы. Мы ўжо бачым гэтую генэральскую палiтыку "атторжэныя вазврацiх". Гiсторыя, на жаль, мае тую асаблiвасьць, што на практыцы яна людзьмi не засвойваецца. Прынамсi, ва Ўсходняй Эўропе. Калi зло не судзiць, яно робiцца нормай. Таму суд над рускiм камунiзмам неабходны. Гэта мусiць быць суд над "iмпэрыяй зла". Працэс павiнен пачацца. Ня могуць мiльёны ахвяраў нявiнных людзей застацца без патолi i справядлiвасьцi. Ня можа кроў забiтых адплысьцi вадой. Рускi камунiзм -- злачынная iмпэрыя агрэсii i вайны -- павiнен стаць перад людзкiм судом вольных краiнаў Эўропы. Др. Зянон ПАЗЬНЯК Старшыня Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" 12 чэрвеня 2000 г. Файл падрыхтаваны Раманам Салаўянам.