ПРА ЎСЕБЕЛАРУСКI ЗЬЕЗД (Зварот) Цяпер, з умацаваньнем рэжыму ўнутранай акупацыi Беларусi i ўсталяваньнем абсалютнай улады КГБ у РАсеi, узьнiкла рэальная пагроза iнкарпарацыi Беларусi ў склад чужой дзяржавы i ўвядзеньня 300-тысячнай расейскай акупацыйнай армii на нашу тэрыторыю. Рэжым Лукашэнкi чарговы раз хоча ашукаць народ i сфальсiфiкаваць грамадзкую думку. Каб прадухiлiць антыбеларускую авантуру, вядомыя, аўтарытэтныя i заслужаныя людзi Беларусi выступiлi зь iнiцыятывай правядзеньня прадстаўнiчага Ўсебеларускага Зьезду ў абарону незалежнасьцi, на якiм мусiць быць пацьверджана, што незалежнасьць беларускай дзяржавы, суверэнiтэт i свабода нацыi ёсьць найвялiкшыя каштоўнасьцi беларускага народа. Выканаўчая ўлада адкрыта дэманструе сваю варожасьць да iдэi Ўсебеларускага Зьезду. У шэрага недабразычлiўцаў, якiя сьведама ствараюць шмат цяжкасьцяў для правядзеньня Ўсебеларускага Зьезду, апынулiся i некаторыя прадстаўнiкi так званай аб'яднанай апазыцыi, якiя, увайшоўшы ў Аргкамiтэт Зьезду, прапанвалi шмат сумнiўных, спрэчных i разбуральных iнiцыятываў. Поўнасьцю безадказнай iнiцыятывай гэтай групы асобаў зьяўляецца рашэньне пра склiканьне так званага "кангрэсу дэмакратычных сiлаў", на якiм зьбiраюцца абмяркоўваць удзел у правядзеньнi Ўсебеларускага Зьезду ды паставiць пытаньне пра адносiны апазыцыйных сiлаў да выбараў. Склiканьне ў час падрыхтоўкi да Ўсебеларускага Зьезду якога б там нi было кангрэсу з паралельнымi задачамi - ёсьць заблытваньне грамадзкай думкi i мэтанакiраваная праца па дэвальвацыi самой iдэi гэтай вялiкай грамадзянскай iнiцыятывы. Тыя самыя людзi, якiя, дагаджаючы сваiм iнтарэсам, неаднаразова спрабавалi разбурыць Народны Фронт, цяпер намерылiся дэмаралiзаваць беларускую iнтэлiгенцыю, уцягваючы яе ў вузкагрупавыя палiтычныя гульнi. Але ўсяму ёсьць мяжа. I настаў час пра гэта сказаць. "Тэхналёгiя" спробаў падпарадкаваньня ня толькi iнтэлiгенцыi, але i ўсяго беларускага грамадзтва палiтычным iнтарэсам т.зв. аб'яднанай апазыцыi мае ўжо сваю гiсторыю. Так было ў 1999 годзе, калi гэтыя самыя палiтыкi (хто адносiць сябе да аб'яднанай апазыцыi, т.зв. прагматыкi) правядзеньнем маршу 17 кастрычнiка фактычна сарвалi традыцыйнае лiстападаўскае ШЭСЬЦЕ НА ДЗЯДЫ. А маршам 15 сакавiка намерылiся здэвальваваць найвялiкшае нацыянальнае сьвята 25 сакавiка - ДЗЕНЬ ВОЛI. 26 красавiка яны адмовiлiся ад традыцыйнага ЧАРНОБЫЛЬСКАГА ШЛЯХУ i павялi людзей па выпрацаваным супольна з рэжымам маршруце на балотную пляцоўку Бангалор. Тым самым згаданыя дзеячы нанесьлi найвялiкшую шкоду Беларускаму вызвольнаму руху. Мы ўважаем, што i ЗАДУМА КАНГРЭСУ стаiць у тым самым шэрагу "мерапрыемстваў": яна вiдавочна скiраваная на адцягненьне ўвагi мiжнароднай супольнасьцi ад агульнанацыянальнага форуму - УСЕБЕЛАРУСКАГА ЗЬЕЗДУ ў абарону незалежнасьцi нашае Бацькаўшчыны. Любыя спробы прынiзiць значэньне ЎСЕБЕЛАРУСКАГА ЗЬЕЗДУ павiнны разглядацца як супроцьдзеяньне Беларускаму вызвольнаму руху. З гэтых прычынаў грамадзкае аб'яднаньне "Беларускi Народны Фронт "Аднаджэньне" i Кансэрватыўна-Хрысьцiянская Партыя - БНФ ня будуць браць удзелу ў мерапрыемстве пад назваю кангрэс дэмакратычных сiлаў. Мы спадзяёмся, што партыi "аб'яднанай апазыцыi" не падтрымаюць i адкiнуць безадказную спробу арганiзацыi паралельнага кангрэсу напярэдаднi Ўсебеларускага Зьезду. Тым больш, што для вырашэньня пытаньня пра няўдзел у недэмакратычных выбарах зусiм ня трба склiкаць кангрэс партыяў. Кожная партыя па статуце вырашае такое пытаньне самастойна (таму дастаткова мiжпартыйнай нарады кiраўнiкоў партыяў). Грамадзкiм аб'яднаньнем Беларускi Народны Фронт "Адраджэньне" i Партыяй БНФ 10 чэрвеня ўжо прынята рашэньне пра няўдзел у недэмакратычных выбарах i выказана спадзяваньне, што такiя самыя захады прымуць i iншыя арганiзацыi. Грамадзкае аб'яднаньне Беларускi Народны Фронт "Адраджэньне" i Партыя БНФ не ўваходзяць у "аб'яднаную апазыцыю" i належаць да Беларускага Вызвольнага Руху, якi грунтуецца на беларускiх народных хрысьцiянскiх i маральных каштоўнасьцях. Мы ня ўдзельнiчаем у кангрэсе i пацьвярджаем сваю прыхiльнасьць i падтрымку iнiцыятывы беларускай iнтэлiгенцыi на правядзеньне Ўсебеларускага Зьезду 29 лiпеня ў Менску. Мы зьвяртаемся да беларускага грамадзтва, да ўсiх беларусаў падтрымаць Усебеларускi Зьезд у абарону незалежнасьцi i свабоды. Прынята па даручэньнi Сойму кiраўнiцтвам Беларускага Народнага фронту "Адраджэньне" i Партыi БНФ (Кансэрватыўна-Хрысьцiянскай Партыi -БНФ). 19 чэрвеня 2000г. г. Менск Зянон ПАЗЬНЯК Старшыня Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" i Партыi БНФ (Кансэрватыўна-Хрысьцiянскай Партыi - БНФ). Анатоль КРЫВАРОТ Адказны сакратар Управы Сойму БНФ "Адраджэньне" i Партыi БНФ. Файл падрыхтаваны Раманам Салаўянам.