"Беларускiя Ведамасьцi" No.2/99 АБ ПАЛIТЫЦЫ РЭВАНШЫЗМУ (нататкi для аналiзу) ====================== Пасьля распаду СССР не была зьнiшчаная сiстэма КГБ. У першы пэрыяд КГБ страцiў кiруючы ворган i быў пазбаўлены фiнансавай падтрымкi, аднак структуры, агентура i кадравы склад захавалiся. За даволi кароткi пэрыяд (у 2-3 гады) сiстэма КГБ самаарганiзавалася, прыстасавалася да нацыянальных асаблiвасьцяў пастсавецкiх дзяржаваў, набыла фiнансавую незалежнасьць i стварыла адзiны кiруючы цэнтр. КГБ выступiў як скрытая палiтычная рэваншысцкая сiла. Мэта гэтай "палiтычнай сiлы" -- рэванш, захоп улады (перш за ўсё ў Расеi, на Беларусi i Ўкраiне) i аднаўленьне СССР. Раскрутка iдэi рускага iмпэрыялiзму ў 1992-1993гг. -- таксама справа КГБ i вынiкала з плянаў яго рэваншысцкай палiтыкi. У эканамiчнай галiне ставiцца задача перадзелу маёмасьцi цераз захоп i валоданьне дзяржаўнай уладай i вузлавымi пазыцыямi у яе герархii. На сёньняшнi дзень КГБ кантралюе межы i мытную службу, шмат якiя палiтычныя партыi i арганiзацыi, палiтычных дзеячоў, у значнай ступенi -- эканамiчныя дачыненьнi i мафiю. Пачынаючы з 1994 г. КГБ-ФСБ поунасьцю захапiлi ўладу ў Беларусi, правялi на прэзыдэнта свайго агента А.Лукашэнку. За кароткi час усе асноўныя вузлавыя пасады ў дзяржаве былi занятыя супрацоўнiкамi КГБ- ФСБ. У асобных выпадках --запрошанымi палкоўнiкамi ФСБ з Расеi, якiя не зьмянiлi нават расейскага грамадзянства. У Беларусi адбылася фактычна ўнутраная акупацыя. Улада ў краiне была захоплена антыбеларускiмi антыдзяржаўнымi сiламi знутры. На Беларусi ўсталявалi рэжым, якi знаходзiцца пад поўным кантролем кiруючага цэнтру расейскiх рэваншысцкiх сiлаў. Гэтыя сiлы iмкнуцца ператварыць Беларусь у пляцдарм для зьдзяйсьненьня iхнай галоўнай палiтычнай мэты --аднаўленьня Расейскай iмпэрыi ў межах былога СССР. Па пляну Лукашэнка павiнен адыгрываць ролю тарана i траянскага каня ў змаганьнi за ўладу. Плян быў авантурны i просты, i ажыцьцяўляўся, як па графiку. На Беларусi ўстанаўлiвалася дыктатура. Уся заканадаўчая i выканаўчая ўлада i ўсё права канцэнтруецца ў руках прэзыдэнта Лукашэнкi. Ствараецца двайны бюджэт, устанаўлiваецца поўны кантроль над сродкамi масавай iнфармацыi, бiзнэсам i мытнымi перамяшчэньнямi. У руках Лукашэнкi i яго групы канцэнтруюцца грошы i фiнансавыя рэсурсы. Пашыраюцца i ўмацоўваюцца ўнутраныя войскi (130 тысячаў салдат). Наступны этап -- ламаючы законы, плянуюць спачатку "саюз" Беларусi i Расеi, а потым "адзiную саюзную дзяржаву" з адзiным грамадзянствам. Потым праводзяцца прэзыдэнцкiя выбары "саюзнай дзяржавы" i выбраньне Лукашэнкi на пасаду прэзыдэнта. Наступныя падзеi i ўплыў iх на мiжнароднае становiшча можна ўявiць. На працягу апошнiх трох гадоў мы назiраем бесперапынныя спробы ажыцьцявiць рэваншысцкiя пляны КГБ-ФСБ у Беларусi i ў Расеi. Па тых рэгулярных канфiдэнцыйных сустрэчах Лукашэнкi з расейскiмi асобамi, якiя адбывалiся на працягу 1996- 1998 гг., i iншых падзеях можна вызначыць, што ў кiруючы рэваншысцкi цэнтр уваходзяць спадары Кручкоў (былы кiраўнiк КГБ СССР), Лук'янаў (былы старшыня Вярхоўнага Савета СССР, дэпутат Дзяржаўнай Думы Расеi), Прымакоў (прэм'ер-мiнiстар Расеi, генерал КГБ), Алексiй II (патрыярх рускай праваслаўнай царквы, генерал КГБ), Селязьнёў (старшыня Дзяржаўнай Думы Расеi), Зюганаў (старшыня камунiстычнай партыi Расеi), Рыжкоў (былы старшыня Савета Мiнiстраў СССР, дэпутат Дзяржаўнай Думы Расеi), Лукашэнка (прэзыдэнт Беларусi), Нiкалаеў (былы камандуючы памежнымi войскамi Расеi), Сяроў (былы вiцэ-прэм'ер ва ўрадзе Чарнамырдзiна), Скуратаў (былы Генеральны пракурор Расеi), кiраўнiк расейскай зьнешняй контразьведкi i iншыя кiраўнiкi спэцслужбаў. Iснуе другi эшалон выканаўцаў, якiя вядуць асноўную працу ў структурах улады, галоўным чынам у прэзыдэнцкiх i ўрадавых адмiнiстрацыях у якасьцi памочнiкаў, прэс-сакратароў, намесьнiкаў кiраўнiкоў, спэцыялiстаў савету бясьпекi i iншых. У гэты эшалон уваходзяць таксама групы дэпутатаў парляманту. У расейскiх структурах да гэтага эшалону належаць: Юмашаў --былы кiраўнiк адмiнiстрацыi Ельцына, Бардзюжа -- цяперашнi кiраўнiк адмiнiстрацыi Ельцына, Ястржэмбскi --былы прэс- сакратар Ельцына, а цяпер памочнiк мэра Масквы Лужкова, Пастухоў --намесьнiк Мiнiстра замежных справаў Расеi, Iлюхiн -- старшыня камiсii па нацыянальнай бясьпецы Дзяржаўнай Думы Расеi i iншыя. Фiнансавае забесьпячэньне гэтая сiстэма набыла, стварыўшы разгалiнаваную сетку фiрмаў, якiя працуюць у ценявой эканомiцы. Трымаючы пад кантролем памежныя войскi i мытную службу, яна кантралюе ўсе iмпартна-экспартныя зьдзелкi i таварныя абарачэньнi. Адпарацаваныя мэханiзмы беспадаткавага i бяспошлiннага перамяшчэньня тавараў фiрмамi, якiя створаныя сiстэмай, альбо за адпаведную плату iншымi фiрмамi. Гэтыя мэханiзмы амаль адкрыта дзейнiчаюць у Беларусi i менавiта таму, што ўлада знаходзiцца ў iхных руках. Тут увесь найбольш прыбытковы бiзнэс, у тым лiку цыгарэтны i алкагольны, робiцца манапольна фiрмамi, якiя кiруюцца Ўпраўленьнем справамi Адмiнiстрацыi прэзыдэнта (кiраўнiк I. Цiцянкоў). Яны вызваленыя ад уплаты пошлiны i большасьцi падаткаў. Згодна дэкрэта прэзыдэнта, льготы па экспартна-iпартнай дзейнасьцi выдае асабiста Лукашэнка. Даход ад усёй гэтай дзейнасьцi паступае ў фонд прэзыдэнта, якi створаны ўказам Лукашэнкi ў 1995 годзе (другi, непадкантрольны бюджэт). Сродкi "фонда" выкарыстоўваюцца на палiтычныя мэты, на прапаганду i рэкляму Лукашэнкi на расейскай палiтычнай прасторы, накоплiваюцца для выбарчых кампанiяў i "паходу" на Крэмль. Аднавiўшы кiруемасьць i набыўшы фiнансавае забесьпячэньне, сiстэма савецкага КГБ уключылася ў палiтычную барацьбу за свае iнтарэсы. Падчас падрыхтоўкi прэзыдэнцкiх выбараў у Беларусi быў улiчаны сацыяльна-псыхалягiчны стан насельнiцтва. У ход былi пушчаныя тэхналёгii дыфармацыi, ххлусьнi, фальсыфiкацыяў. Нiжняе i сярэдняе зьвеньнi КГБ узялi пад кантроль мясцовыя ўлады, выбарчыя камiсii, нэўтралiзавалi адмiнiстрацыйны i фiнансавы ўплыў прэм'ер-мiнiстра сп.Кебiча i iнш. Пасьля дасягненьня мэты, галоўныя кiруючыя пасады занялi палкоўнiкi КГБ, частка якiх была камандыраваная з Масквы. Гэта такiя асобы: Латыпаў, Замяталiн, Посахаў, Ерын, Канцавенка, Канцараў, Шэйман, Кучынскi i iнш. Камiтэт Дзяржаўнай Бясьпекi (КДБ) Беларусi стаў фактычна адным з выканаўчых ворганаў рэваншысцкага цэнтру. Былi створаныя новыя структуры спэцслужбаў. Ворганы сiлавых ведамстваў, выканаўчая вертыкаль, адмiнiстрацыя прэзыдэнта --умацаваныя кадрамi КГБ, якiя перамясьцiлiся на Беларусь з краiнаў Усходняй Эўропы, Балтыi, Малдовы, Украiны i iншых. За гэтыя гады адноўлена праца аддзелаў КДБ ва ўсiх дзяржаўных прадпрыемствах i ўстановах, узмоцнена праца абласных i раённых аддзелаў КДБ. Беларусь была ператвораная ў палiгон для адпрацоўкi тэхналёгiяў авалоданьня ўладай у постсавецкiх краiнах (i ў першую чаргу ў Расеi) праз легальныя мэханiзмы "дэмакратычных" выбараў. На сёняшнi дзень сiстэма, якая кiруецца рэваншысцкiм цэнтрам, зьяўляецца галоўнай палiтычнай сiлай Расеi i ў 2000-м годзе на прэзыдэнцкiх выбарах да ўлады прывядзе свайго чалавека. Асноўную выканаўчую ролю ў гэтай сiстэме ажыцьцяўляюць спэцслужбы Расеi i Беларусi. Пад iхным кiраўнiцтвам знаходзяцца шматлiкiя арганiзацыi рэваншысцкага, камунiстычна-фашыстоўскага накiрунку. У тым лiку "Рускае нацыянальнае адзiнства" (РНЕ), "Славянскi сабор", "Саюз афiцэраў", розныя ветэранскiя арганiзацыi, казацкiя фармаваньнi, спартовыя арганiзацыi, маладзёвыя арганiзацыi (падобныя на "Беларускi патрыятычны саюз моладзi", якiя створаны па загаду Лукашэнкi) i iншыя. За апошнi год рэваншысцкiя сiлы пасьлядоўна ўмацавалi свае пазыцыi ў фэдэральных ворганах улады Расеi, у тым лiку ў адмiнiстрацыi прэзыдэнта i ва ўрадзе. Пад кантролем спэцслужбаў знаходзяцца i недзяржаўныя ахоўныя фiрмы, кола дзейнасьцi якiх распаўсюджана на буйны бiзнэс i палiтычную элiту. Моцная разбуральная праца вядзецца спэцслужбамi ў дэмакратычным асяроддзi i ў рабочым руху. У гэта ўкладаюцца вялiкiя сродкi, вядзецца яўны альбо ўскосны, прыхаваны подкуп асобаў i арганiзацыяў, кантралююцца сродкi масавай iнфармацыi, у тым лiку i незалежныя. На Беларусi ўзятыя пад кантроль грамадзкiя арганiзацыi, якiя выконваюць ролю рэсурсных цэнтраў, праз якiя практычна разьмяркоўваецца фiнансавая дапамога заходнiх фондаў, накiраваная на дэмакратызацыю грамадзтва, актывiзацыю i пашырэньне недзяржаўнага сэктару. Праз гэты пасрэднiцкi мэханiзм адбываецца блякаваньне фiнансавай дапамогi арганiзацыям Беларускага Народнага Фронту i тым грамадзкiм арганiзацыям, якiя займаюць нацыянальна-дэмакратычную беларускую пазыцыю. Падобна на тое, што амаль ва ўсiх аддзяленьнях фондаў у краiнах Усходняй Эўропы ўкарэненае вельмi моцнае прарасейскае лёбi. У дэмакратычнае асяроддзе i рабочы рух пасьлядоўна ўжыўляюцца разбуральныя "вiрусы" ў выглядзе арганiзацыйных утварэньняў, плыняў, праектаў, акцыяў, iнiцыятываў. Глебай для ўзрошчваньня гэтых "вiрусаў" ёсьць так званы палiтычны бiзнэс, сутнасьць якога заключаецца ў перахоплiваньнi фiнансавай дапамогi заходнiх фондаў i выкарыстаньне яе на разбуральную працу. Галоўным праектам рэваншысцкiх сiлаў па пашырэньнi межаў Расеi на сёньняшнi дзень ёсьць пазбаўленьне Беларусi дзяржаўнай незалежнасьцi i ўключэньне яе ў склад Расеi. У Беларусi праект ажыцьцяўляюць улады, падкантрольныя рэваншысцкаму цэнтру праз Лукашэнку i КДБ. Гэты праект не ўдалося зьдзейсьнiць у 1996 годзе, дзякуючы масавым акцыям пратэсту Беларускага Народнага Фронту i грамадзянаў у Менску. Не ўдалося яго зьдзейсьнiць i ў 1997 годзе. Бурныя пратэсты актыўных жыхароў Беларусi i дзеяньнi беларускай апазыцыi паўплывалi на дыфэрэнцыяцыю iмпэрскiх сiлаў у Маскве. У апошнi момант тагачаснае атачэньне Ельцына (групоўка Чубайса) пераканалi прэзыдэнта Расеi не падпiсваць "саюзны дагавор" памiж Расеяй i Беларусьсю ў рэдакцыi, падрыхтаванай двубаковай камiсiяй пад кiраўнiцтвам вiцэ-прэм'ера ўраду Расеi Сярова (фактычна праект быў падрыхтаваны рэваншысцкiм цэнтрам), паколькi ён нёс пагрозу пазбаўленьня Ельцына ўлады i перадачы яе Лукашэнку. Тэрмiнова ў праект былi ўнесеныя папраўкi, i 2-га красавiка 1997 г. быў падпiсаны (поўнасьцю незаконны) "саюзны дагавор", якi для Беларусi ня меў юрыдычных наступстваў, але абвастрыў палiтычную пагрозу аншлюса. * * * Прызначэньне Прымакова кiраўнiком ураду Расеi ўмацавала пазыцыi КГБ i камунiстычнай намэнклятуры. Прымакоў стаў прэтэндаваць на пасаду прэзыдэнта Расеi. Аднак гэта не зьмянiла плянаў КГБ-ФСБ аб аншлюсе Беларусi i стварэньнi магчымасьцяў Лукашэнку ўдзельнiчаць у прэзыдэнцкiх выбарах Расеi. Наш аналiз паказвае, што калi такое ўдасца зрабiць, то на выбарах у Расеi пераможа толькi Лукашэнка, адназначна i зь вялiкай перавагай. Гэта самае небясьпечнае, чаго абсалютна не разумее Захад. Нам неаднаразова прыходзiлася зьвяртаць увагу на неабгрунтаванасьць спадзяваньняў Захаду на Расею, на марнасьць iнвэстыцыяў у яе эканомiку, на стратнасьць крэдытаў. У жнiўнi 1998 года гэта стала вiдавочным. Мы зыходзiм з рэальнасьцi, якая нам на Беларусi добра вядомая. Расея, якая мае iмпэрскую прыроду i крымiнальны ўзровень сьвядомасьцi, ня стане i ня будзе дэмакратычнай краiнай на эўрапейскi ўзор. Па-першае, гэта Эўразiя. Цяпер Расея ёсьць тыповая бедная краiна трэцяга сьвету, карумпаваная i непрадказальная з глябальнымi iмпэрскiмi прэтэнзiямi i ядзернай зброяй, якую яна ўжо ня ў сiлах трымаць. Там няма рынкавай эканомiкi ўэканамiчным сэнсе слова (бо нармальныя дачыненьнi падмененыя крымiнальнымi дзеяньнямi), не iснуюць сiстэмныя мэханiзмы капiталiзму. Аб'ём вытворчасьцi Расеi не перавышае ўзровень Бэльгii, а аб'ём гадавога бюджэту меншы, чым у Галяндыi. Цяпер галоўная праблема расейскага насельнiцтва -- харчаваньне i выжываньне. Становiшча прывяло да аслабленьня цэнтральнай улады i некiруемасьцi дзяржавы. Вобласьцi i рэгiёны стараюцца выжываць самы. Стварылiся рэальныя ўмовы для дэзынтэграцыi Расеi. Мы лiчым, што патрэбна падтрымлiваць дэзынтэграцыю i дэкалянiзацыю Расейскай iмпэрыi, бо гэта ёсьць гiстарычная рэальнасьць. Гэта можа стаць шляхам да выжываньня расейцаў i калянiяльных народаў, умовай рэальнай лiквiдацыi савецкай ядзернай зброi. Захад зрабiў стаўку на iмпэрскую Расею, а не на ўмацаваньне дэмакратыi ў Беларусi. Дэмакратыя ў Эўропе павiнна б была прасоўвацца на Ўсход крок за крокам. Замест гэтага на ўсходзе быў выклiканы адваротны працэс -- палiтыка савецкага рэваншу i аднаўленьне Расейскай iмпэрыi сiламi камунiстаў i КГБ. Дэмакратыя разьлiчаная на салiдарнасьць. Мы, беларусы, зацiкаўлены ў заходняй салiдарнасьцi з нашым змаганьнем супраць анэксii i дыктатуры, за правы чалавека. Крэдыты, якiя Захад, нягледзячы на вiдавочную беспэрспэктыўнасьць, зьбiраецца зноў даваць Расеi, павiнны б былi выдзяляцца толькi пры ўмове гарантыяў суверэнiтэту Беларусi i адмовы ад палiтыкi анэксii i "iнтэграцыi" нашай краiны. Расея праводзiць прэтэнцыёзную iмпэрскую палiтыку ў дачыненьнi да Беларусi i не хавае гэтага. Захад не павiнен рабiць выгляд, што нiчога не заўважае. Палiтыка КГБ i рэваншысцкiх сiлаў у Расеi i Беларусi патрабуе, на наш погляд, сур'ёзнай увагi, вывучэньня, аналiзу i прыняцьця прэвентыўных мераў супрацьдзеяньня. (Аналiтычная група) Файл падрыхтаваны Раманам Салаўянам.