26 жнiўня 1999г. "Пагоня" ПРА ПЕРАМОВЫ З РЭЖЫМАМ I СЫТУАЦЫЮ Ў ГРАМАДЗТВЕ На жаль, працягваецца працэс развалу палiтычнай дзейнасьцi БНФ. 12 жнiўня я выслаў спадару Л.Баршчэўскаму тэзысы ўмоваў, пры якiх Фронт мог бы ўдзельнiчаць у перамовах з рэжымам, прасiў хутка абмеркаваць пытаньне i прыняць рашэньне. Аднак прапановы не абмяркоўвалi. Быў падпiсаны канфармiсцкi "мэмарандум" з штучнымi ды надуманымi палажэньнямi аб перадачы паўнамоцтваў на зацьверджаньне складу дэлегацыяў i "мандату" на перамовы "Вярхоўнаму Савету". Неабдуманы падыход да перамоваў i пасьпешныя дзеяньнi могуць увалiць Фронт у новае балота i канчаткова паралiзаваць яго дзейнасьць. Толькi людзi, якiя нiчога ня ведаюць пра тое, што адбываецца на Беларусi, маглi б ня бачыць i не разумець, што пачынаецца новая гульня ўжо знаёмых нам асобаў - майстроў фальшывых прэзыдэнцкiх выбараў i датэрмiновага галасаваньня. Гэтая гульня (калi яе прафiнансуюць, i калi БНФ прыме яе ўмовы) патопiць ня толькi Фронт, але i ўсю дэмакратычную "апазыцыю", разам з творцамi новых лукашэнак i спажывальнiкамi грантаў усiх масьцяў уключна. Неабходна пераглядзець умовы нашага ўдзелу ў перамовах з рэжымам i выразна iх сфармуляваць. Пазыцыю, падпiсаную ў "мэмарандуме", трэба разглядаць толькi як папярэдняе меркаваньне. Напачатку неабходна вызначыць агульную плятформу апазыцыйных партыяў у перамовах. Бо на Беларусi ёсьць дзьве апазыцыi. Адна -нацыянальна-вызвольная (Беларускi Вызвольны Рух на чале з БНФ) i другая - намэнклятурная (калянiяльная), якая выступае пад назовам "Дэмакратычная апазыцыя" цi "Демократические силы". Беларускi Вызвольны Рух выступае за дэмакратычныя перамены, за лiквiдацыю рэжыму Лукашэнкi, супраць "iнтэграцыi" ды любых саюзаў з Расеяй. Беларускi Вызвольны Рух ставiць задачу пабудовы беларускай дзяржавы зь беларускай адмiнiстрацыяй, беларускай уладай i беларускай культурай у сыстэме эўрапейскай геапалiтыкi ды хрысьцiянскiх каштоўнасьцяў Эўропы. Беларуская намэнклятурная апазыцыя ("дэмакратычныя сiлы") выяўляе погляды калянiяльнай адмiнiстрацыi ды бачыць галоўную задачу ў зьмене рэжыму i прыходу да ўлады. Фактычна, гэта адна палiтычная сыстэма, дзе ўлада i "апазыцыя" павiнны зьмяняць адна другую i захоўваць погляды чужых адмiнiстрацыйных выканаўцаў. Яны таксама дзяржаўнiкi, але ўяўленьнi пра характар, ролю i прызначэньне беларускай дзяржавы, пра разьвiцьцё i будучыню беларускай нацыi, пра ролю беларускай мовы i культуры ў гэтым разьвiцьцi ў iх дэкляратыўныя i вельмi агульныя. Пры канкрэтным падыходзе яны лёгка ператвараюцца ў процiлегласьць iхным заявам i дэклярацыям. Яны ня бачаць пэрманэнтнай небясьпекi збоку Расеi, гатовыя заключаць зь ёй саюзы i супрацоўнiчаць "с Россией демократической". Iнтарэсы дзьвюх апазыцыяй супадаюць у непрыняцьцi рэжыму Лукашэнкi ды розьняцца ў поглядах на характар беларускай дзяржавы i на адносiны з Расеяй. Менавiта таму калянiяльная апазыцыя скрыта (а часам i адкрыта) варожая Беларускаму Народнаму Фронту (зь якiм iмкнецца мець дачыненьнi), а Беларускi Народны Фронт насьцярожаны да намэнклятурных апазыцыянераў. Сiла нацыянальна-вызвольнага руху ў нацыянальнай iдэi, у падтрымцы яго грамадзтвам, у арганiзацыйных структурах. Сiла намэнклятурных дэмакратаў - у так званым незалежным (недзяржаўным) друку, якi (як i пры Саветах) працягвае iснаваць у стылi прапаганды i практычна ўвесь (зь невялiкiмi выключэньнямi) выяўляе погляды калянiяльнай апазыцыi ды выдаецца па-руску. Невыпадкова, што прадстаўнiкi намэнлятурнай апазыцыi, i асаблiва "незалежны" друк, адыгралi неапошнюю ролю ў ахайваньнi ды расколе Народнага Фронту Асаблiва гэта было вiдавочна ў час фальсiфiкатарскай кампанii галасаваньня на выбарах прэзыдэнта ў траўнi гэтага году. Пры плянаваньнi дачыньнеяў i супрацоўнiцтва неабходна разьлiчваць сумеснцю справу не па колькасьцi фармальных арганiзацыяў, а зызодзiць зь iснаваньня дзьвюх апазыцый на Беларусi. Перамовы з рэжымам павiнны пачацца з высьвятленьня прыналежнасьцi да апазыцыi (па адпаведных крытэрыях) i будавацца паводле прынцыпа 1: 1. Гэта значыць, што калi, напрыклад, з васьмi партыяў-удзельнiкау перамоваў шэсьць будуць стаяць на плятформе калянiяльнай апазыцыi, а дзьве - на нацыянальна-вызвольнай плятформе, то колькасьць прадстаўнiкоў павiнна суадносiцца, як 6:6 (пароўну з аднаго i з другога боку). Iнакш перамовы ня маюць сэнсу. Я заўсёды паказваў на намэнклятурнае шулерства ў гэтым пытаньнi ды заклiкаў спынiць яго як найхутчэй, ня бавiцца ў фантомы i ўяўнае прадстаўнiцтва. Зараз - пра пазыцыю БНФ: - умовы нашага прапарцыйнага ўдзелу ў перамовах трэба пераглядзець. Павiнна быць прынятая схема 1:1; - суб'ектамi перамоваў павiнны зьяўляцца палiтычныя партыi, якiя знаходзяцца ў апазыцыi да рэжыму i маюць структуры па ўсёй Беларусi (ва ўсiх вобраласьцях) альбо фракцыi ў Вярхоўным Савеце; - мандат на удзел партыяў у перамовах фармальна павiнен даваць выконваючы абавязкi прэзыдэнта Рэспублiкi Беларусь Сымон Шарэцкi - цалкам законная i легiтымная фiгура ў сыстэме беларускай улады; - група апазыцыйных дэпутатаў, якая прадстаўляе Вярхоўны Савет, можа вылучыць на перамовы свайго прадстаўнiка, але не кiраваць перамовамi, i тым болей "зацьвярджаць" партыйных прадстаўнiкоў. У гэтым няма патрэбы, калi будзе мандат ад в.а. прэзыдэнта. Нi на якiм этапе ў перамовах ня можа ўдзельнiчаць дэпутат В. Ганчар, якi скампраметаваў сябе на пасадзе старшынi ЦВК (сфальсiфiкаваў галасаваньне i правалiў прэзыдэнцкiя выбары); - Народны Фронт выступае за выбары толькi ў аднапалатны парлямант, згодна з новым мажарытарна-прапарцыйным (50:50) Законам аб выбарах, якi прыняты спэцыяльна створаным канстытуцыйным ворганам; - стварэньне спэцыяльнага канстытуцыйнага воргану - тэма перамоваў; - спэцыяльны канстытуцыйны ворган павiнен прыняць два законы: "Аб выбарах у Вярхоўны Савет Рэспублiкi Беларусь" i "Аб Вярхоўным Савеце". Умовы, пры якiх могуць адбывацца пермовы, павiнны быць выразна сфармаваныя. Прапаную наступныя ўмовы: - спыненьне палiтычных рэпрэсiяў, арыштаў, нападаў мiлiцыi на людзей; - вызваленьне палiтвязьняў; - спыненьне палiтычных перамоваў i дзеяньняў па iнтэграцыi з Расеяй; - свабодны доступ апазыцыйных партыяў да сродкаў масавай iнфармацыi (тэлебачаньне, радыё, друк); - адкласьцi перарэгiстрацыю арганiзацыяў, што ўдзельнiчаюць у перамовах, да заканчэньня перамоваў. Для перагляду ўдзелу БНФ у перамовах i для прыняцьця нармальных умоваў i прынцыпаў перамоваў, Фронт павiнен стварыць спэцыяльную дэлегацыю, у якую я прапанаваў бы ўключыць групу фронтаўцаў: Мiколу Анцыповiча, Лявона Баршчэўскага, Юрыя Беленькага, Вiнцука Вячорку, Мiкалая Крукоўскага, Сяргея Папкова, Уладзiмера Старчанку. Кiраўнiком групы прапаную Юрыя Беленькага (яго намесьнiк - Уладзiмер Старчанка). Сябры групы павiнны сустрэцца з прадстаўнiкамi партыяў i ўдзельнiчаць у перамовах. На мой погляд, уся папярэдняя падрыхтоўка да працэсу перамоваў збоку БНФ была праведзена нездавальняюча. Трэба выправiць становiшча i зрабiць нязробленае. Удзел у перамовах паводле таго зьместу i на тых умовах, якiя прынятыя зараз, для Фронту недастатковыя. Нас могуць уцягнуць у ганебную справу, калi пад выглядам пошука кампрамiсу (за кошт прынцыпаў), крок за крокам будзе прызнавацца легiтымнасьць рэжыму, яго правiлы, "дэкрэты" i незаконныя стуруктуры. Калянiяльная псыхалёгiя адпаведных апазыцыянераў падрыхтаваная ўжо да гэтай "паўзучай" палiтыкi - абы была бачнасьць руху да ўлады. Калi б сёньня Лукашэнка аб'явiў выбары ў "палату", то большая палова дэмакратычных "перамоўцаў" (калi ня ўсе) кiнулася б удзельнiчаць у выбарах. Хiба нядаўнiя прэзыдэнцкiя выбары "апазыцыi" ўжо не паказалi такiх паводзiнаў, калi ўсе "дэмакраты" i частка фронтаўскiх канфармiстаў тут жа пайшлi служыць Ганчару, падтрымлiваць "вялiкага дэмакрата" Чыгiра i залезьлi ў такi бруд, зь якога давялося выйсьцi толькi коштам вялiкiх ахвяраў. Але, вiдаць, нiчога ня вучыць некаторых нашых калегаў. Думаю, што сябрам БНФ i Партыi БНФ варта было б абмеркаваць праблемы, зьвязаныя зь перамовамi. Я не выключаю, што непрапарцыйнае прадстаўнiцтва апазыцыi ў перамовах, прынцыповая нявызначанасьць па некаторых пытаньнях могуць стварыць абставiны, калi Фронт ня зможа i не павiнен мець дачыненьнi да сумнiўнай працы. Але пры разумным i прынцыповы падыходзе можна было б весьцi на перамовах беларускую вызвольную палiтыку. Галоўная наша палiтыка, аднак, павiнна рухацца за мяжой перамоваў. Мы павiнны стварыць структуры дзяржаўнага самакiраваньня грамадзкага кшталту ў дапамогу i ў падтрымку выконваючаму абавязкi Прэзыдэнта, парляманту i перамоўнаму працэсу. Павiнна быць створаная такая сыстэма апазыцыi, каб у любы час народ мог на яе абаперцiся. Трэба даць апору людзям, стварыць яе канкрэтным, структурным i арганiзацыйным чынам. Да гэтага я ўвесь час заклiкаў i заклiкаю Беларускi Народны Фронт. Зянон ПАЗЬНЯК, Старшыня БНФ Адраджэньне, 18 жнiўня 1999г. Файл падрыхтаваны Раманам Салаўянам.