"Беларускiя Ведамасьцi" No.6/99 ПАБIЦЬЦЁ Ў МЕНСКУ ================= 17 кастрычнiка ў Менску адбыўся мiтынг i шэсьце пад назвай "Марш свабоды". Сабралася каля 20-цi тысячаў чалавек. Пасьля выступаў i традыцыйнага праклiнаньня рэжыму Лукашэнкi, палова людзей i задэкляраваныя арганiзатары мiтынгу разышлiся. Тым часам другая палова (каля 10-цi тысячаў чалавек) пайшла па вулiцах усьлед за Мiкалаем Статкевiчам, якi сказаў: "Мы ня быдла i можам хадзiць, дзе захочам". У вынiку -- калёна зайшла ў тупiк у раёне вулiц Пулiхава i Першамайскай, на задворкi цэнтра. Тут на людзей напалi арганiзаваныя зграi амапаўцаў i "спэцназу" i пачалi жорстка зьбiваць. Дэманстранты аднак аказалi зацятае супрацiўленьне. У ход пайшлi камянi, кавалкi тратуару i брук. Грамадзкi пратэст супраць рыхтуемай анэксii i расейскай акупацыi перайшоў у фiзiчную бойку з ахоўнiкамi акупацыйнага рэжыму. З абодвух бакоў былi дзясяткi параненых, больш 50-цi чалавек арыштавалi. Назаўтра груба й гучна з выламываньнем дзьвярэй арыштавалi Мiкалая Статкевiча. Сцэнар паўтарыўся, як на зайгранай кружэлцы: дзесяць сутак арышту, Статкевiч аб'яўляе галадоўку, рэжым пагражае яму турмой, а незалежны ад Лукашэнкi друк i нямецкiя сацыял-дэмакраты за мяжой лямантуюць: "Свабоду Статкевiчу". Праз дзесяць сутак галоднага i схуднелага Статкевiча выпускаюць -- i ўсё супакойваецца. Трэба адзначыць незвычайна жорсткiя зьдзекi над арыштаванымi, катаваньнi, акалечаньнi i зьбiцьцё у мiлiцэйскiх машынах i пастарунках. Беларусаў гэтак жорстка катавалi i прынiжалi iхную нацыянальную чалавечую годнасьць, што кожны з пацярпелых можа зьвярнуцца ў Мiжнародны трыбунал у Гаазе з заявай аб прыцягненьнi да адказнасьцi афiцыйнае кiраўнiцтва рэжыму на Беларусi. Груба парушаныя асноўныя правы чалавека i Канвэнцыя аб забароне катаваньняў, прынiжэньня i зьдзеку над чалавечай асобай пад арыштам. Жорсткiя катаваньнi i прынiжэньне годнасьцi арыштаваных беларусаў тлумачыцца тым, што Лукашэнка спэцыяльна набiрае ў АМАП i "спэцназ" расейцаў, як правiла -- бандытаў i падонкаў, што паўцякалi з Балтыйскiх краiнаў, Малдовы i Каўказу. У iх -- зьвярыная нянавiсьць да беларусаў i паталягiчная патрэбнасьць зьбiваць i забiваць. Жорсткае зьбiваньне беларускiх дэманстрантаў 17-га кастрычнiка ў Менску найбольш прыцягнула да сябе цiкаўнасьць друку i мiжнароднай супольнасьцi. I, як нi парадаксальна, у гэтым найбольш i заключаецца станоўчае прапагандысцкае значэньне няўдалай дэманстрацыi. Сьвет яшчэ раз зьвярнуў увагу на тое, што беларусы рэзка пратэстуюць супраць "iнтэграцыi" з Расеяй i выступаюць супраць рэжыму Лукашэнкi. I ўсё на гэтым. Гэта ўжо бачылi. Дарога да аншлюсу адчынена. Дэманстрацыя была разагнаная, удзельнiкi зьбiтыя, арыштаваныя, абвiнавачаныя i прынiжаныя; падзеi пакiнулi пачуцьцё горачы i паражэньня. Прытым заяўнiкаў дэманстрацыi, акрамя традыцыйнага Статкевiча, на месцы не аказалася. Калi адыйсьцi ад прапагандысцкага эфэкту падзеi, створанага СМI i пагрунтаванага на ахвярах ды прымяненьнi нематываваных жорсткасьцяў супраць дэманстрантаў, то ў палiтычным сэнсе акцыя "Марш свабоды" ёсьць палiтычны правал, якi самым непасрэдным i адмоўным чынам паўплываў на вынiкi самiту АБСЭ у Стамбуле. (Амаль поўнае iгнараваньне тэмы Беларусi ў вынiковых дакумантах, ня гледзячы на рэальную пагрозу анэксii). Дрэнна гэта адаб'ецца i на ўсходняй палiтыцы. Расейцы ўзмоцняць агрэсiю. Чаму прыходзiцца так азначана гаварыць пра такую простую падзею, як дэманстрацыя пратэсту ў Беларусi, дзе дэманструюць ужо 10 гадоў? Ды ўсё таму, што абяцала сiнiца мора спалiць. Пра падрыхтоўку "Маршу" было шырока аб'яўлена i разрэклямавана тымi людзьмi, якiя падтрымалi каманду Чыгiра на афёрных выбарах прэзыдэнта ў траўнi, якiя расколвалi Народны Фронт, прывялi да ўлады Лукашэнку i цяпер сталi ў апазыцыю. Невыпадкова, што рускiя СМI зьвярнулi незвычайна павышаную ўвагу на гэтую падзею. Газэта "Комсомольская правда" вуснамi свайго менскага паведамляльнiка пiсала: "Организаторами выступили семь политиков так называемой "новой волны". Это сороколетние белоруские реформаторы, которые полтора месяца назад заявили, что берут на себя ответственность за судьбы родины и демократии, поскольку методы борьбы лидеров оппозиции старшего поколения, по их мнению, безнадежно устарели. Организаторы обешали собраць около 100 тыс. демонстрантов."* Менавiта так яно й было. Нiякiх канцэптуальных задачаў, нiякага пэрспэктыўнага палiтычнага пляну разьвiцьця i нiякай адказнасьцi за "судьбы Родины" не iснавала. Задача ставiлася чыста папулiстычная (у стылi "маладых ваўкоў"): сабраць 100 тысячаў i паказаць, на што мы здольныя. Калi б такую суму людзей удалося сабраць, то задача была б i вырашаная. Так званыя "незалежная СМI", падтрыманыя расейскiм тэлебачаньнем, усiм бы паказалi, за кiм пайшоў "народ". На гэтай хвалi нейкi час можна б было i паплаваць, замацаваць раскол БНФ i ўтахцiць у балота "лидеров старшего поколения" (якiя, дарэчы, ужо альбо мёртвыя, альбо вымушаныя хавацца за мяжой). Пустата гэтакiх паводзiнаў адчынiлася б крыху пазьней, калi ўсе апынулiся б у пашчы Расеi. З двух кепскiх папулiсцкiх варыянтаў той, што атрымаўся ў рэальнасьцi, ёсьць якраз менш дрэнны, бо не напладзiў новых iлюзiяў, а толькi канстатаваў тое, што ёсьць: слабасьць, бяскрыласьць, безадказнасьць i бездапаможнасьць ня новых палiтыкаў "новой волны", адсутнасьць iдэй. Усё гэта ўбачылi палiтыкi ў Стамбуле i староннiя назiральнiкi з Захаду i з Усходу i адпаведна, кожны па-свойму, зрэагавалi на блеф.** Скончылася "новая хваля", як скончылася некалi "новая Беларусь" ды "Вясна-94", ды "Хартыя-97", ды кангрэсы дэмсiл, ды братаньнi з расейскай "дэмакратыяй". Засталася разьбiтая беларуская апазыцыя ды пашча калянiяльнага расейскага iмпэрыялiзму, што разьзяўляецца на усходзе. Але жыве беларускае адраджэньне, жыве Беларусь. I прыдзецца "старэйшым лiдарам беларускай апазыцыi", што "старамодна" ахвяруюцца за iдэю, зноў, цагелка да цагелкi, аднаўляць страчанае, зноў нанова, баразна да баразны, ўзгорваць поле беларускай незалежнасьцi i беларускай свабоды. Такую вось гiсторыя дае навуку. Зянон ПАЗЬНЯК -------------------------- * Арганiзатарамi выступiлi сем палiтыкау так званай "новай хвалi". Гэта 40-гадовыя беларускiя рэфарматары, якiя паўтары месяцы таму заявiлi, што бяруць на сябе адказнасьць за лёс Радзiмы i дэмакратыi, паколькi мэтады барацьбы лiдараў апазыцыi старэйшага пакаленьня, на iхнюю думку, безнадзейна састарэлi. Арганiзатары абяцалi сабраць каля 100 тыс. дэманстрантаў. (З руск.) ** Агентурная прапаганда ў так званым "незалежным" ад Лукашэнкi друку гэтак жа, як i арганiзатары няўдалай акцыi, на ўсе лады ўсхваляюць i ўзносяць яе як "вялiкую" ды "пераломную" падзею ў "найноўшай гiсторыi" Беларусi. Дзiўная i неадэкватная рэакцыя на зьяву дала магчымасьць некаторым асобам зрабiць ня менш неадэкватнае заключэньне. Экспэрт нямецкага Мiжнароднага цэнтру палiтычнага аналiзу Аляксандар Бэкер паведамiў газэце "Рэспублiка" ў Летуве сваё, вытрыманае дарэчы, у клясычным стылi правакацыйнай "экспэртызы", арыгiнальнае заключэньне, паводле якога, усё, што адбылося 17-га кастрычнiка ў Менску, ад пачатку i да канца, было сплянаванае спэцслужбамi i лукашэнкаўскай адмiнiстрацыяй. Лухта, якую пiшуць "экспэрты", агентура i журналiсты, ня мае дачыненьня ад палiтычнай рэальнасьцi, але паводзiны гэтых службаў ды асобаў шмат што высьвятляюць у падзеях на Беларусi. Файл падрыхтаваны Раманам Салаўянам.