"Беларускiя Ведамасьцi" No.6/99 РАСЕЯ НАПАЛА НА ЧАЧЭНIЮ ======================= У верасьнi Расея распачала вайну з Чачэнскай Рэспублiкай Iчкерыя. Амаль 200-тысячная расейская тэрарыстычная армiя i аддзелы МУС, узброеныя да зубоў найноўшымi вiдамi зброi, бронетэхнiкай, супэрновымi самалётамi, верталётамi, ракетамi, рэактыўнай артылерыяй, перайшлi мяжу Iчкерыi, пачалi бамбардаваць чачэнскiя вёскi i гарады. Гэта цынiчная вераломная агрэсiя супраць малалiкага вольнага народу, несуразьмернае ўжываньне сiлы, мэта якой -- зьнiшчыць увесь чачэнскi народ. Падрыхтоўка да вайны вялася Расеяй два гады. За гэты час расейскiм спэцслужбам удалося ў значнай ступенi дэмаралiзаваць чачэнскае грамадзтва i скампраметаваць Чачэнiю у сродках масавай iнфармацыi ў мiжнародным маштабе, асаблiва арганiзуючы выкраданьне людзей i прадстаўляючы вольналюбны чачэнскi народ як бандытаў i тэрарыстаў. За часы 1-й чачэна-расейскай вайны (1994-1996 гг.) рускiя забiлi ў Чачэнii 100 тысячаў чалавек мiрнага насельнiцтва (13,3 адсоткаў жыхароў), разбурылi гаспадарку i гарады i не кампэнсавалi чачэнцам за нанесеныя страты нiводнай капейкi. Менавiта расейцы, расейскi ўрад i спэцслужбы стварылi сiтуацыю, што ў Чачэнii было 80% беспрацоўных. Гэта дзiва, што гэты народ яшчэ вытрымаў i неяк трымалася ўлада i краiна. Рыхтуючыся да вайны i зьнiшчэньня чачэнскага народу, расейцы зьвязвалi падрыхтоўку вайны са змаганьнем за ўладу ў Маскве. КГБ-ФСБ, якi фактычна ўжо трымае палiтычную (ды й эканамiчную) ўладу ў Расеi i поўнасьцю кiруе Ельцыным, зрабiў перастаноўкi ва ўладзе. Быў адпраўлены ў адстаўку кагэбiст Сьцяпашын, i на яго месца прызначаны нiкому не вядомы старшыня КГБ-ФСБ Пуцiн, якi за часы СССР быў звычайным савецкiм шпiёнам i кагэбiсцкiм функцыянерам у Нямеччыне. На Пуцiна ўскладалася задача пачаць вайну i любымi спосабамi зьнiшчыць чачэнскi народ. Пуцiн узяўся за справу з адданасьцю службiста. Расейскiя спэцслужбы арганiзавалi жудасную правакацыю, падобнай да якой мы не спатыкаем у крывавай гiсторыi ўсяго ХХ-га стагоддзя. Яны ўзарвалi некалькi жылых дамоў у Маскве i iншых гарадах i паспрабавалi звалiць гэтыя бяссэнсоўныя забойствы сваiх жа людзей (загiнула больш 300 чалавек) на быццам бы "чачэнскiх тэрарыстаў". Тут жа былi разьвязаныя шалёны псiхоз нянавiсьцi да чачэнцаў i кампанiя апраўданьня расейскай агрэсii. Кампанiя была раптам спыненая пасьля правалу ў Разанi, дзе эфэсбiсты рыхтавалi чарговы ўзрыў жылога дома разам з жыхарамi, але былi злоўленыя людзьмi i адмiнiстрацыйнымi ўладамi падчас завозу ў дом камужляжу ўзрыўчаткi. Аднак справа была ўжо зроблена, вайна iшла поўным ходам пры азьвярэлай (iнакш ня скажаш) падтрымцы дзьвюх трацiнаў расейскiх абывацеляў (уласна кажучы, амаль усiх расейцаў, за выключэньнем адной трацiны мусульманаў, што жывуць у Расеi). Такiм чынам расейцы нясуць на сабе калектыўную адказнасьць за агрэсiю, вынiшчэньне i генацыд чачэнскага народа, гэтак жа як нясуць яны адказнасьць за генацыд у Афганiстане, за анэксiю i падрыхтоўку вайны ў Беларусi. (Ужо ўсьць плян забiцьця найбольш вядомых беларусаў, створаны спэцыяльны ваенiзаваны аддзел зьнiшчэньня -- адна рота, адбываецца лiквiдацыя палiтыкаў i бiзнэсоўцаў.) Сьвет зьяўляецца сьведкам, як шэрыя людзi ФСБ лiтаральна па трупах iдуць да ўлады ў Расеi пры масавай падтрымцы рускага насельнiцтва. Практычна, адкрыта засьведчыла пра сябе агентура ФСБ на рускiм тэлебачаньнi, раскрылiся ня толькi старыя, усiм вядомыя тэле-агенты тыпу Кiсялёва, Лявонцява ды Няўзорава. З рускага экрана паплыў такi нiзкi цынiчны бруд, такая нянавiсьць, такая ашалелая падтрымка забойстваў, агрэсii i вайны i такая хлусьня, якой сьвет даўно ўжо ня чуў i ня бачыў. 12-га верасьня, у пачатку агрэсii, па рускiм тэлеканале "ОРТ" загаварыў, нарэшце, голасам "маёра НКВД" вядомы там "дыктар-дэмакрат" Дарэнка. Ён паведамiў, што на Каўказе на Расею напалi "врагi", заклiкаў зьнiшчыць Чачэнiю i яе гарады "дывановымi бамбардыроўкамi", iстэрычна, з фантамасаўскiм мэталам у галасе заклiнаў, што калi "мы", рускiя "ня зьнiшчым чачэнцаў, то яны зьнiшчаць Расею". Адкрыта выявiўся i цiхi дагэтуль дыктар Павел Шарамет. Мы памятаем яго няўдалую заказную працу ў 1998 годзе ў Беларусi ("Хартыя-97", iнцыдэнт на Лiтоўскай мяжы, паказальная "адсiдка" i г.д.). Цяпер Шарамет стаў рускiм i загаварыў на ўвесь голас, заклiкаючы забiваць чачэнцаў i "применить всю мошь руского оружия". Падобна на тое, што ФСБ у Расеi пайшло ва-банк, у адкрытую, на легальны захоп улады. Засталося практычна толькi забраць прэзыдэнцкую пасаду, астатняе ўжо -- ў iхных руках (у тым лiку, i будучая Дума, бо ўсе выбарчыя блёкi ўзначальваюць "свае людзi"). Адбылося тое, пра што мы пастаянна кажам i пiшам яшчэ з 1992-га года. КГБ стаў адзiнай рэальнай палiтычнай сiлай ў расейскiм грамадзтве i адзiным рэальным трымальнiкам улады. Што будзе далей -- прадбачыць ня цяжка (пра гэта ўжо сто разоў напiсана). Можна назваць тое "далей" рускiм фашызмам, можна "кагэбiзмам" (па галоўнай палiтычна-апэратыўнай сiле), можна яшчэ як-небудзь, але сутнасьць ня зьменiцца: сьвет, як i раней, патураючы агрэсii злачыннай краiны, зноў падыходзiць да пачатку вялiкага ваеннага канфлiкту. Пакуль што адбываецца агрэсiя ў Чачэнii. Выпрабоўваецца рэакцыя сьвету на зьнiшчэньне малой краiны. Заходнi сьвет бязьдзейнiчае, як i раней, нiкчэмна трусiць перад агрэсарам, гатовы дапамагаць разбойнiку. Ён толькi што здаў Чачэнiю i рыхтуецца здаць Беларусь, а потым зоймецца сваiм любiмым заняткам: гаварэньнем пра правы чалавека. Але аказваецца, што правы чалавека -- не для ўсiх. Чачэнцаў ня шмат -- iм можна i адмовiць. Захад слухае, як расейская прапаганда крычыць пра "внутреннее дело России", якая кажа, што быццам бы яна робiць тое, што НАТО ў Сэрбii, хоць усе добра разумеюць, што ў Чачэнii Расея робiць тое, што Сэрбiя ў Косаве, толькi ў сто разоў страшней. Пляны расейскага кагэбiзму i ацэнка злачынстваў, якiя ён робiць i рыхтуе, дастаткова добра вядомыя разумным людзям на Захадзе. Але яны (гэтыя людзi) ня маюць улады, i розум застаецца незапатрабаваным. Тым больш, што Захад кiруецца ня розумам, а iнтарэсамi. Зьбiгнеў Бжэзiнскi пiша, што "крынiцы разьведкi з Сярэдняй Эўропы ў апошнi час даведалiся шмат злавесных падрабязнасьцяў, якiя датычаць расейскага пляну поўнага зьнiшчэньня Чачэнii". ("Rzeczpospolita", -- 1999, 13-14 лiтапада) Гэты плян, якi Крэмль зь людабойным намерам уводзiць у дзеяньне, складаецца, як паведамляе З. Бжэзiнскi, з трох этапаў. "Першы этап -- гэта масавае бамбаваньне чачэнскiх вёсак i гарадоў, каб прымусiць уцякаць з краю ўсё цывiльнае насельнiцтва. Гэтая мэта ўжо ў значнай ступенi дасягнута ( на канец лiстапада 250 тысячаў чачэнскiх усекачоў пакiнулi Чачэнiю, што складае 38,4% усяго насельнiцтва,-- М.В.) Другi этап заключаецца ў пасьлядоўным акружэньнi чачэнскiх ваяроў расейскiм войскам у гарадах, там, дзе чачэнцы маглi б паўтарыць сваю ранейшую пасьпяховую тактыку -- уцягненьне расейцаў у непасрэдны бой i нанясеньне iм цяжкiх стратаў. Трэцi этап прадугледжвае, што на гэты раз расейцы ня будуць уступаць у вулiчныя баi з акружанымi i адчайнымi чачэнцамi. Расейцы намерваюцца прымянiць супраць чачэнцаў новыя вiды зброi, на падставе сумяшчэньня выбуховых i хiмiчных рэчываў, разам з атрутнымi газамi. Гэткiм чынам яны маглi б зь бясьпечнай адлегласьцi зьмесьцi з твару зямлi дзесяткi тысячаў чачэнскiх ваяроў (хоць уся чачэнская армiя мае ня больш 10-цi тысячаў салдат,-- М.В.). Паводле дадзеных разьведкi, у расейскiм войску ўжо ўсiм раздалi супроцьгазавыя маскi. Ёсьць пагроза страшнага людабойства з боку расейцаў. Новая зброя мае ў сабе выбуховыя матэрыялы з так званым згараючым паветрам, якiя пасьля магутнага выбуху ствараюць над атакаваным абшарам запальны газавы туман, што iмгненна згарае, ствараючы сьмерцяносны вакуум. У вынiку такой атакi нават глыбока схаваныя чачэнцы не застануцца жывымi. Вынiкамi расейскай стратэгii будзе, коратка кажучы,-- людабойства, зробленае на вачах абыякава назiраючага сьвету. Гэтак жа, як i раней, мiжнародная рэакцыя адпаведна прыцiшаная, хоць вiдавочна, што перамога расейцаў у гэтай вайне будзе мець шырэйшыя i вельмi нэгатыўныя вынiкi. Перш за ўсё з-за таго, што яна павялiчыць нэа-iмпэрыяльныя прэтэнзii Масквы, асаблiва ў асяроддзi крайнiх элемэнтаў расейскай палiтычнай элiты. Для расейскай палiтыкi гэта будзе абазначаць вялiкi крок назад. Акрамя таго, калi ня дойдзе да хуткага сканчэньня вайны ў Чачэнii, то хутчэй за ўсё пачнецца далейшая дэстабiлiзацыя сiтуацыi на Каўказе, дзе ўжо назiраецца хаос, а плынь уцекачоў i зьвязаная з гэтым напружанасьць, несумненна, захопяць i Грузiю. Ваенны посьпех у Чачэнii можа заахвоцiць цьвёрдагаловых у Маскве нават да лiквiдацыi Эдуарда Шаварнадзэ i падпарадкаваньня Грузii. Падпарадкаваньне Грузii Маскве будзе азначаць здабыцьцё Масквой непасрэднага доступу да Арменii, якая i так ужо ад яе залежыць. Улiчваючы гэта, будзе адрэзаны ад Захаду Азэрбайджан i рэшта Сярэдняй Азii. Масква здабыла б такiм чынам палiтычны кантроль над нафтатрубой Баку -- Супса. Такiя ўскладненьнi для суверэнiтэту Азэрбайджана i Сярэдняй Азii ёсьць больш чым вiдавочныя." * Мы пераконваемся, што ўсё адбываецца так, як пiша З. Бжэзiнскi. Бачыць гэта й Захад i, бачачы, назiрае. Мы, беларусы, павiнны зрабiць з гэтага глыбокiя вясновы для сябе. Масква рыхтуе аншлюс для Беларусi. Не майма iлюзiяў: той, хто здае чачэнцаў, разважаючы сабе пра абстрактныя "правы Чалавека", той здасьць i нас, беларусоў. Чачэнцы ваююць i памiраюць i за нашу беларускую свабоду. Рускiя бандыты, страляючы ў чачэнскiх сялян, жанчын i дзяцей, гэтым самым страляюць i ў нас, беларусоў. Тут адна палiтыка, адзiны морд, адны злачынствы. Калi будзем сядзець i чакаць, то гэтак жа, як i чачэнцаў, руская арда пачне забiваць нас. Тое, што робяць расейцы ў Чачэнii -- гэта сапраўды людабойства, генацыд народа, злачынства супраць чалавецтва.** такое злачынства ня можа застацца непакараным. Адказнасьць за яго нясуць усе рускiя, усё расейскае грамадзтва. Гэта калектыўная адказнасьць. Злачынная iмпэрыя, дзяржава-агрэсар, "скопiшча зла" ня павiнна быць. Але спынiць, разбурыць гэтае скопiшча зла могуць толькi самы народы, што трапiлi ў палон калянiяльнага iмпэрскага спрута. Такiя асобы, як Б. Ельцын (якi двойчы падрыхтваваў крывавыя бойнi ў Чачэнii), як У. Пуцiн, якi аддаваў загады на людабойства, як Мiнiстар Унутраных Справаў Расеi Рушайла, якi арганiзаваў раней забойства Джахара Дудаева, як генерал У. Шаманаў, п'яныя галаварэзы якога забiлi больш за сорак мiрных жыхароў у вёсцы Алкан'юрт, як мiнiстар Сяргееў, генералы Манiлаў, Казанцаў, што непасрэна выконвалi злачынныя загады i ажыцьцяўлялi забойствы мiрнага насельнiцтва, зьнiшчалi гаспадарку, прамысловасьць i жылы фонд Чачэнii, гэтыя асобы павiнны стаць перад Мiжнародным судом за злачынствы супроць чалавецтва. Прыклад Югаславii i ў цэлым, падзеi ў сьвеце паказваюць, што гэта будзе ня простай справай i, пэўна, што малаверагоднай для Мiжнароднага трыбуналу. Але ў самой Расеi, абцяжаранай калёнiямi i бяспраўем, высокапастаўленым забойцам, цяжка будзе пазьбегнуць кары. Крывавая гiсторыя i цяпершчына Расеi сьведчаць самы пра сябе. Мар'ян ВАНЬКЕВIЧ ---------------------------- * "Rzeczpospolita", -- 1999, 13-14 лiстапада ** Першы раз сплянаванае масавае зьнiшчэньне чачэнцаў расейцы зрабiлi яшчэ ў ХIХ-м стагоддзi ў час вайны за Паўночны Каўказ. Тады (у 1817-1864гг.) рускiя выразалi, выбiлi, спалiлi жывымi палову чачэнскага народа, забралi i расчлянiлi iхную тэрыторыю. Другую хвалю генацыду распачалi за Сталiным, калi па яго загаду ад 20-га лютага 1944 года тысячы чачэнцаў былi ня толькi забiтыя за тое, што яны чачэнцы, але й увесь народ (гэтак жа, як крымскiя татары) быў вывезены са сваёй зямлi ў казахскiя ды сiбiрскiя стэпы. У вынiку сталiнскага тэрору i рэпрэсiяў чачэнцы зноў фiзiчна страцiлi палову народа. Але калi зьнiк Сталiн, чачэнцы вярнулiся (у 1957г.) на родную зямлю i адрадзiлi яе. У час трэцяй хвалi генацыду (вайна 1994-1996 гг.) рускiя забiлi сто тысячаў мiрных чачэнцаў (13,3% насельнiцтва). Цяпер рускiя кагэбiсты i ўся Расея распачалi чацьвёрты этап забойства чачэнскага народа, дзе плянуюць зьнiшчыць тры чацьвертых (а практычна -- усiх чачэнцаў), забраць i расчлянiць рэшткi чачэнскай зямлi. Файл падрыхтаваны Раманам Салаўянам.