ДАКЛАД на лiстападаўскi Сойм БНФ ------------------------- 15 лiстапада 1998г. Паважаныя сябры Сойму БНФ, вiтаю вас у Бацькаўшчыне напярэдаднi добрых перамен. Палiтычная сiтуацыя разьвiваецца так, як мы з вамi не раз ужо меркавалi. Лукашэнка ўжо адкрыта паказвае, што яму хочацца стаць прэзыдэнтам у Расеi. Цынiчны рэваншызм поўнасьцю агалiўся. Але мы бачылi яго яшчэ ў 1994 годзе i будавалi адпаведную правiльную палiтыку. Не забывайма, што i ў далейшым будучыня Беларусi будзе залежыць ад нас. Таму мы павiнны паводзiць сябе адпаведна i адэкватна. У "кангрэсе дэмакратычных сiлаў" можна ўдзельнiчаць толькi фармальна. (Бо нiякiя гэта не "сiлы"). Трэба паслаць свайго прадстаўнiка i падтрымаць чарговыя пустыя паперкi, якiя яны там прымуць. Ня трэба ўваходзiць у iхныя чарговыя "фантомныя iнiцыятывы", "органы", прадстаўнiцтвы, "кiраўнiцтвы" i г.д., бо гэта сьмешна, але магчыма мець свайго назiральнiка. Мацуйма нашыя фронтаўскiя структуры i фронтаўскую палiтычную працу, не губляйма час на пустое. Зараз мы пачалi працу на арыентацыю Захаду на нашу палiтычную рэальнасьць, гэта значыць -- на Беларускi Народны Фронт. I мы гэта разам зробiм. Усё больш людзей на Захадзе разумеюць, што адзiнай сiлай у Беларусi, на якую можна спадзявацца -- гэта Народны Фронт. Маё знаходжаньне ў Амэрыцы невыпадкова зацягнулася. Але я поўны аптымiзму. Перад пыездам у Эўропу я буду яшчэ мець пару важных спатканьняў у Вашынгтоне на прадмет той тэмы, якую выконвала мiсiя сп. С. Папкова ў Эўропе. Тут у Амэрыцы ёсьць у гэтым вялiкi iнтарэс i добры водгук сярод многiх палiтыкау. Я не сумняваюся ў добрых вынiках. Тут ёсьць нават энтузiязм. Я заўсёды стаяў на тым, каб завязаць Беларусь у працэсы эўрапейскай геапалiтыкi. Гэта вельмi важная апора для нас перад iмпэрскай геапалiтыкай Расеi. Мiсiю сп. Папкова трэба прызнаць удалай. Правiльны падыход: канкрэтныя задачы -- канкрэтныя людзi. Адзiн з вынiкаў -- прадстаўнiк БНФ плянуецца выступiць у Эўрапарляманце, дзе будзе разглядацца пытаньне пра Беларусь. Рэакцыя рэжыму не прымусiла сябе доўга чакаць. Я выслаў вам сваю заяву "Аб дыфамацыi". Гэта адказ на паводзiны афiцыёзу. Павiнен вам паведамiць, што дыфамацыя супраць мяне распачата рускiмi спэцслужбамi i лукашэнкаўскай агентурай па ўсiм сьвеце. Асаблiва ў Польшчы i ЗША. Цяпер "апрацоўваюць" Эўрапарлямант i Раду Эўропы. Сваю справу тут робяць i розныя маргiналы, што прыкрытыя рознымi пустымi назвамi тыпу "хартыя" i "дэмакратыя". З вашага боку мне патрэбныя не толькi меры ў адказ, але i прэвентыўныя захады. Тым больш, што ў цэлым пэрспэктывы намячаюцца добрыя. Яшчэ адно практычнае пытаньне да гэтай тэмы: зыходзячы з неабходнасьцi нашай палiтыкi я прапанаваў сябру БНФ Уладзiмiру Палупанаву (якi цяпер у Парыжы узяць на сябе абавязкi ўпаўнаважанага прадстаўнiка БНФ у Заходняй Эўропе i выконваць адпаведную працу для Фронту. Ул. Палупанаў згадзiўся. У сувязi з гэтым прапаную прыняць i зацьвердзiць пратакольна рашэньне аб прызначэньнi Уладзiмера Палупанава Упаўнаважаным прадстаўнiком БНФ у Заходняй Эўропе. Цяпер неабходная моцная палiтычная масавая iнiцыятыва i акцыi Фронту супраць палiтыкi паўзучай iнтэграцыi з збанкрутаванай Расеяй. Прасiў бы ўсе сiлы накiраваць зараз на падрыхтоўку вялiкай палiтычнай манiфэстацыi ў гадавiну (2 гады) перавароту. Манiфэстацыя рэзкая i безкампрамiсная; галоўны лёзунг: "Нiякай iнтэграцыi з банкрутам -- Расеяй". ("Прэч iнтэграцыю з Расеяй!"). Акрамя моладзi пастарайцеся праключыць рабочых (тых, што прыйшлi i зьбiралiся прыйсьцi на мiтынг 5-га лiстапада). Палiтычнае значэньне гэтай манiфэстацыi вельмi важнае. Акрамя таго трэба (масава) шырока адзначыць менавiта ў Менску ўгодкi Слуцкага збройнага чыну з тымi ж галоўнымi лёзунгамi i аналёгiяй БНР. Прашу таксама ўжо цяпер заплянаваць масавую акцыю пратэсту на 9 сьнежня, калi ў Менску зьбiраюцца праводзiць свой шабаш "iнтэгратары", якiя гуляюць у "саюз". Патрэбны рэзкi пратэст супраць савецкага рэваншызму i "iнтэграцыi", патрабаваньне выбiрацца няпрошаным гасьцям вон зь Менску. У заключэньне прашу вас зьвярнуць увагу на дзьве рэчы. Першае, на працу сярод рабочых. Ня трэба мець iлюзiяў на нейкi сацыяльны выбух. Але цяпер складваюцца ўмовы, што частка рабочых можа уцягвацца у акцыi пратэсту. Трэба працаваць. Як? Вы ведаеце, боў Фронце ўжо ёсьць вопыт. Я пра гэта неаднаразова пiсаў. Нельга цяпер страцiць рабочых. У час сацыяльна-эканамiчнага крызiсу iх роля ўзрастае. Выпрацоўвайце канкрэтныя заданьнi на Пашыранай Управе па гэтым жа пытаньнi. Другое, што датычыць зьместу працы прапагандысцка-iнфармацыйнай камiсii i пiшучага кiраўнiцтва. Патрэбна грунтоўная ацэнка дзесяцiгадовай працы БНФ. Пазьбягайце выказваць неданошаныя думкi i займацца абавязковым самабiчаваньнем. Гэта дрэнны тон. У палiтыцы нельга рабiць памылак, бо памылка ў палiтыцы -- гэта заўсёды палiтычны крах. Дзякуй Богу Фронт такiх палiтычных памылак не рабiў. Будзьце асьцярожныя з тэрмiналёгiяй (асаблiва перад недабразычлiўцамi. Незабывайма пра спэцыфiку. Мы расьцем крок за крокам i змагаемся малымi сiламi. Мы вымушаныя уступаць у змаганьне з пераўзыходзячай сiлай (i часта перамагаць), маючы шанс нават у адзiн працэнт. Бо не змагацца у палiтыцы нельга. Таму ў палiтыцы павiнны быць перамогi i паражэньнi. I таму нашыя паражэньнi не прывялi да краху арганiзацыi (а нават умацавалi яе). Калi б паражэньне сталася вынiкам нашай памылкi, то Фронту б ужо не было. Бо з народам не экспэрыментуюць. (Зьвярнiце ўвагу, што нашы недабразычлiўцы, агентура, правакатары i розная перакуленая журналiсцкая шпана заўсёды лезе да нас з пытаньнямi кшталту "а какiе вот ашыбкi савершыл БНФ?"). Таму ня будзьма прастакамi, сябры. Вiншую вас зь вялiкiм сьвятам -- Угодкамi Слуцкага Збройнага Чыну i няхай наш змагарны чын прыносiць нам плён i свабоду! Жыве Беларусь! Жыве вечна! Зянон ПАЗЬНЯК, Старшыня БНФ "Адраджэньне" 14-15 лiстапада Нью-Ёрк Файл падрыхтаваны Раманам Салаўянам.