БЕЛАРУСКI НАРОДНЫ ФРОНТ -- ДЗЕСЯЦЬ ГАДОЎ ЗМАГАНЬНЯ ================================================== ("Беларускiя Ведамасьцi" No.7 (17) 98) 19 кастрычнiка 1998 года спаўняецца 10 гадоў дзейнасьцi Беларускага Нарднага Фронту "Адраджэньне". Гэта добры кавалак часу, кб задумацца i азiрнуцца. Але гэта яшчэ не гiсторыя, а актыўная палiтыка, якая i сёньня (як i большасьць яе ўдзельнiкаў) уваходзiць у кантэкст сучасных падзеяў. Гэты нарыс не пра гiсторыю, а пра сутнасьць i рух iдэяў беларускага нацыянальнага iснаваньня. ВЯСНА НАРОДАЎ Эўропа пачала набываць новае аблiчча ў ХIХ стагоддзi. Яно зьвязанае з распадам эўрапейскiх i эўраазiяцкiх iмпэрыяў, з утварэньнем нацыяў i нацыянальных дзяржаваў. Гэта было змаганьне за свабоду народаў. Нацыянальнае самавызначэньне запатрабавала сто гадоў гiстарычнага часу, велiзарнага напружаньня чалавечага духу, выклiкала крывавыя канфлiкты i паўстаньнi, сусьветную вайну. У 1918г. скончылася 1-я Сусьветная вайна. Перад сьветам паўстала абноўленая Эўропа i абноўленая камунiстычная iмпэрыя на Ўсходзе. Да гэтага часу працэс утварэньня нацыяў ужо завершыўся. Народы, якiя не пасьпелi закончыць сiстэмнае нацыянальнае будаўнiцтва i апынулiся ў зоне савецкай iмпэрыi (перайначанай Расеi), трапiлi ў надзвычай цяжкае становiшча. Iхняе нацыянальнае разьвiцьцё было прымусова спыненае i мэтадычна, крок за крокам, зьнiшчалiся асновы нацыянальна-культурнага i фiзычнага iснаваньня. Уратаваць iх ад поўнага зьнiшчэньня магло толькi разбурэньне расейскай iмпэрыi, яе безумоўны распад. Нiякая зьмена iдэялёгii пры захаваньнi iмпэрскага арганiзму не вырашала б лёсу народаў. Для ўтварэньня нацыi, яе нармальнага iснаваньня i пэрспэктыўнага разьвiцьця патрэбна наяўнасьць неабходных крытэрыяў. Перш за ўсё трэба, каб была нацыянальная iдэя -- гэта значыць адчуваньне нацыянальна-культурнага i тэрытарыяльнага адзiнства, агульнасьцi лёсаў нацыянальнага iснаваньня, салiдарнасьцi i iмкненьня да стварэньня дзяржавы. Па-другое, патрэбна нацыянальная мова, усьвядомленая як найвялiкшая агульнанародная каштоўнасьць культуры i жыцьця духа. Трэцяе -- трэба, каб была нацыянальная лiтаратура ў нацыянальнай мове, якая б стварыла нацыянальныя вобразы i асэнсавала б лёс народа праз лёсы людзей. Чацьвёртае -- трэба, каб быў нацыянальны тэатр у нацыянальнай мове. Нацыянальны тэатр -- гэта ёсьць вобраз, адбiтак нацыi, люстэрка, у якiм нацыя бачыць сябе. Пятае -- павiнны быць людзi (элiта), вядомыя ўсiм, якiя ўсьведамляюць нацыянальныя iнтарэсы, дзейнiчаюць, зыходзячы з гэтых iнтарэсаў, i здольныя ўзяць на сябе адказнасьць за лёс нацыi. Шостае -- вынiковае i найважнейшае -- гэта незалежная нацыянальная дзяржава як структурная рэалiзацыя нацыянальнай iдэi. Да канца 1-й Сусьветнай вайны беларускi народ, як i iншыя ўсходнеэўрапейскiя народы, прайшоў шлях нацыянальнага самавызначэньня i стварыў усе пералiчаныя вышэй умовы для нармальнай пэрспэктывы нацыi. У 1918 годзе была ўтворана незалежная Беларуская Народная Рэспублiка. У гэтым жа годзе ўтварылася незалежная Ўкраiна, незалежныя дзяржавы Балтыi i Каўказу, Чэхаславаччына, Польшча i iнш. Працэс нацыянальнай самаiдэнтэфiкацыi i рэалiзацыi нацыянальнай iдэi ў краiнах Усходняй Эўропы быў гвалтоўна перапынены на самым важным i адказным этапе -- дзяржаўным будаўнiцтве. Пачалася бальшавiцка-расейская акупацыя. Каб убачыць, якi разбуральны адбiтак наклалi акупацыя i генацыд на захопленыя краiны, дастаткова параўнаць iдэйны стан грамадзтва i ўзровень нацыянальнага ўсьведамленьня яго людзей у 1988 г. (часу стварэньня народных франтоў) у Эстонii, Латвii, Летуве -- з аднаго боку, i Беларусi i Ўкраiны да таго ж -- значна больш патэнцыяльны i пэрспэктыўны -- з другога. Што потым сталася -- вядома. (1988 год у Латвii: "Латвiя без суверэнiтэту -- Латвiя бяз будучынi." 1988 год у Беларусi: "Зачэм этат беларускi язык?") Балтыйскiя краiны за 22 гады свабоднага iснаваньня рэалiзавалi шанс дзяржаўнасьцi i вырасьцiлi новае свабоднае нацыянальнае пакаленьне людзей, якiх не зламала потым паўвекавая савецкая акупацыйная палiтыка. Беларусь жа, яшчэ ня стаўшы на ногi i апынуўшыся ў расейскiм заборы, такой магчымасьцi ня мела i панесла велiзарныя страты. Страты асноў -- ня толькi таго, што было, але i таго, што павiнна б было зьявiцца. Удар быў д'ябальскi, вынiк катастрафiчны. Да сярэдзiны 80-х гадоў (пачатку агульнага крызiсу камунiзму) беларусы ў масе сваёй уяўлялi ўжо здэнацыяналiзаванае савецкае насельнiцтва, пазбаўленае нацыянальнай будучынi, нацыянальнай гiсторыi i духоўнай пэрспэктывы. Нацыянальная беларуская элiта была зьнiшчаная фiзычна яшчэ ў 30-х (яе месца заступiла "савецкая iнтэлiгенцыя"), беларускiя школы зачыненыя, беларуская мова выгнана з афiцыйнага ўжытку i зьняважаная -- норма ператвораная ў сурагат, на якiм ня можа iснаваць нацыянальная лiтаратура, акрамя савецкай,-- гiстарычная памяць абпляваная, гiсторыя сфальсыфiкаваная. Няма нiякага паняцьця аб нацыянальнай iдэi i нацыянальнай чалавечай годнасьцi. Нацыяналiстам называюць студэнта, якi гаворыць па-беларуску. Пад нацыяналiзмам разумеюць фашызм. Нацыянальнай будучынi не iснуе. Гавораць пра савецкi народ i адмiраньне беларускай мовы. Поўны паралiч галавы, народнай волi, памяцi, гонару, здаровага сэнсу. Здавалася, што яшчэ адно пакаленьне дэградацыi ў саветах, i беларусам навечна -- канец. У такiх умовах цяплiлася i зноў вырастала беларускае адраджэнне. Адраджэньне на краю безданi. Роля, якую ўзяў на сябе Беларускi Народны Фронт -- гэта роля выратаваньня Беларускай Нацыi, аднаўленьня яе дзяржавы, свабоды i гiстарычнай справядлiвасьцi. 19-га кастрычнiка 1988 года ўвойдзе навечна ў вялiкiя даты Беларускай гiсторыi. I кожнае новае здаровае пакаленьне беларусаў усё больш i больш будзе ўсьведамляць вялiкасьць падзеi. Жыцьцё мае ўнiвэрсальную асаблiвасьць: калi нешта прымусова спынiлi ў разьвiцьцi i яно не памерла, то потым, калi зьмяняецца сытуацыя для росту, зьява пачынае разьвiвацца ад таго месца, на якiм спынiлася, i праходзiць усе этапы росту, толькi хутка (калi ў грамадзтве, то выкарыстоўваючы аналягiчны вопыт iншых). Беларускi Народны Фронт пераняў iдэi, iдэалы i задачы Беларускай Народнай Рэспублiкi. Тое, што спынiлi ў 1918 годзе, цяпер атрымала працяг. Iдэi i iдэалы сталi апорнымi кропкамi, але ўсё астатняе прышлося пачынаць спачатку. У грамадзтве, дзе на прывiтаньне "добры дзень" адказвалi: "Пачэму разгаварываеце па-беларускi?",-- у такiм грамадзтве (у канцы ХХ-га стагоддзя) цярплiва, як з душэўна хворым, прыходзiлася тлумачыць, чаму трэба шанаваць беларускую мову, чаму яна павiнна стаць дзяржаўнай, навошта патрэбная свабода, дзяржава i незалежнасьць, што такое i як выклядае беларускi нацыянальны сьцяг i гэрб Пагоня, навошта патрэбны свае гошы i дзяржаўныя межы, дэмакратыя i ўласнасьць. Прытым гэтыя iсьцiны прыходзiлася тлумачыць людзям ня цёмным, а па-савецку адукаваным, з навуковымi ступенямi i становiшчам у грамадзтве. Але iншага грамадзтва не iснавала. Было тое, што было на 1988 год, i трэба было працаваць. ЧАС КАНСАЛIДАЦЫI Беларускi незалежнiцкi рух пачаў рэальна арганiзоўвацца ў сярэдзiне 80-х гадоў. Спачатку -- праз актыўнасьць некаторых афiцыйных арганiзацыяў тыпу Таварыства аховы помнiкаў гiсторыi i культуры, Беларускага Фонду культуры i iншых, а потым -- праз стварэньне актыўных беларускiх культурнiцкiх арганiзацыяў моладзi ("Беларуская майстроўня", "Талака", "Тутэйшыя" ў Менску, "Узгор'е" у Вiцебску i iнш.) Маладзёвыя культурнiцкiя арганiзацыi рэзка выступiлi супраць савецкай русыфiкацыi Беларусi, за вяртаньне беларускай школы, за захаваньне культурна-гiстарычнай спадчыны, за справядлiвасьць, супраць фальсыфiкацыi беларускай гiсторыi i замоўчваньня сталiнскiх рэпрэсiяў. У 1987 г. маладзёвыя беларускiя арганiзацыi ладзяць першыя мiтынгi ў Менску. У канцы сьнежня гэтага ж года ў Палачанцы пад Менскам адбыўся першы вальны (зборны) сойм маладзёвых беларускiх суполак. Менавiта ў маладзёвым асяроддзi было пастаўлена пытаньне аб легалiзацыi беларускiх нацыянальных сымвалаў: Пагонi i бел-чырвона-белага сьцяга. Але гэта была лякальная... дзейнасьць. Беларускае грамадзтва прывычна спала савецкiм сном. Патрэбны быў нейкi магутны зрух, выбух, якi б ускалануў балота i абудзiў пачуцьцi i сумленьне ў людзяў. Такiм выбухам сталася адкрыцьцё Курапатаў. Ён адгукнуўся ва ўсёй Беларусi. Зьява была рэальная, з канкрэтнымi каардынатамi i спраўцамi. Iмкненьне камунiстаў схаваць яе, звалiць на немцаў, на жыдоў, на тое, што "працiя прызнала ашыбкi" i г.д. толькi павялiчылi сiлу ўзрыву. Курапаты ўзьнялi пытаньне гiсторыi i будучынi беларускай нацыi. Пад Менскам быў адкрыты факт генацыду беларусаў, сьведчаньне нацыянальнай трагедыi. Пасьля выяўленьня Курапатаў пытаньне аб стварэньнi Народнага Фронту ў Беларусi на ўзор балтыйскiх павiсла, як кажуць, у паветры. Стала зразумела, што Фронт узьнiкне. Але сытуацыя была даволi трывожная. У тых ненармальных умовах, калi грамадзтва старцiла свае нацыянальныя арыенцiры, павярнуцца магло б усяляк, нават вельмi дрэнна. Пазьней стала вядома, што нават ЦК Кампартыi Беларусi рыхтаваўся заарганiзаваць Народны Фронт (з мэтай падстаўкi i дэзарыентацыi грамадзтва). Любая, нават бязглуздая iнiцыятыва, у тых варунках (калi стварэньне фронту чакалi ў грамадзтве) мела б свой вынiк. Залежыла толькi, хто першы гэтую iнiцыятыву праявiць. Калi б першымi выступiлi цэкiсты цi выпадковыя балбатуны -- iдэя Фронту была б скампраметаваная, а грамадзтва дэзарыентаванае. Паправiць шкодную работу было б вельмi цяжка. Я ўжо ў агульных рысах пiсаў аб тым, як быў створаны Беларускi Народны Фронт i лiчу факт i мэтад яго стварэньня выдатнай палiтычнай перамогай беларускiх незалежнiцкiх сiлаў. Другiм "выбухам", якi ўскалануў беларусаў i стварыў падтрымку БНФ, была няўдалая правакацыя, арганiзаваная на "Дзяды" ЦК КПБ 30-га кастрычнiка 1988г. ля Ўсходнiх могiлак у Менску. Штабам правакацыi кiраваў асабiста сакратар ЦК КПБ па iдэалёкii В. Пячэньнiкаў. Задума была па-бальшавiцку простая: у час шэсьця на "Дзяды" справакаваць бойку. Потым шматтысячныя сiлы мiлiцыi i нутраных войскаў павiнны былi напасьцi на людзей, загнаць у вызначанае месца i зьмясiць (як у Алма-Аты ў 1986г., дзе войскi мiлiцыi i КГБ напалi на мiрных студэнтаў i забiлi больш сотнi чалавек.) Пасьля ва ўсiм зьбiралiся абвiнавацiць БНФ, "нацыянал-фашыстаў", "продавшихся ЦРУ", i, абапiраючыся на "волю беларускага народа", разграмiць толькi што створаны Фронт i ўсю беларускую адраджэнскую элiту. Пры гэтым, вядома, спадзявалiся на ўзнагароды з Масквы. Аднак фронтаўцы разгадалi задуму камунiстаў. Нiхто з амаль 10 тысячаў прысутных не паддаўся на правакацыi, хоць былi зьбiтыя i зьняважаны сотнi людзей. Пасьля гэтага моладзь, творчая i навуковая iнтэлiгенцыя канчаткова адвярнулася ад кампартыi, а арганiзацыя i рост БНФ пайшлi шпаркiмi крокамi. IДЭI ЗМАГАНЬНЯ I НЕЗАЛЕЖНАСЬЦI Iдэi i задачы Фронта разьвiвалiся i ажыцьцяўлялiся паступова. На першым этапе найважнейшымi былi дзьве мэты: адхiлiць камунiстаў ад улады; сьцьвердзiць беларускiя прыярытэты перад савецкiмi i абаранiць беларускiя нацыяналныя iнтарэсы. У той пэрыяд з тактычных меркаваньняў Фронт называўся "БНФ за перабудову "Адраджэньне" i выкарыстоўваў афiцыёзную прапагандысцкую кампанiю "перабудовы" ў сваiх iнтарэсах. Гэта быў пэрыяд антыкамунiстычнага ўздыму ў грамадзтве. Iшло змаганьне за галоснасьць, за элементарныя дэмакратычныя свабоды. Фронт выступаў за лiквiдацыю 6-га артыкула ў савецкай канстытуцыi (аб кiруючай ролi КПСС i прыраўнаньнi кампартыi да дзяржаўнай структуры), за вывад партыйных камiтэтаў з прадпрыемстваў i за лiквiдацыю партыйных арганiзацыяў па месцы працы, за лiквiдацыю прывiлеяў партыйнай намэнклятуры, за дэпартызацыю дзяржаўных органаў улады, судоў, пракуратуры, мiлiцыi, войска, за тое, каб беларусы адбывалi вайсковую павiннасьць у Беларусi i г.д. Аднак галоўнай палiтычнай працай Фронта, якую ён падняў у гэты пэрыяд i якая мела агульнанацыянальнае значэньне -- было раскрыцьцё праўды пра Чарнобыль. Асноўная барацьба Фронта i грамадзкасьцi Бларусi за выяўленьне праўды пра Чарнобыльскую катастрофу адбывалася з 1989 па 1991 гады. Камунiсты прайгралi амаль усi пазыцыi, акрамя прыняцьця рашэньня пра пакараньне за радыяцыйнае злачынства перад нацыяй. Пытаньне аб адказнасьцi было вынесена Фронтам у Вярхоўны Савет. Удалося стварыць камiсiю Вярхоўнага Савета па рассьледваньнi дзейнасьцi службовых асобаў, вiнаватых ва ўтойваньнi iнфармацыi пра ЧАрнобыльскую АЭС. Вынiкi ейнай прыцы былi забойныя для камунiстаў i канкрэтных асобаў. Але галасаваньнем камунiсты, якiх было 86 адсоткаў у Вярхоўным Савеце, правалiлi рашэньне аб адказнасьцi. Тым ня менш пытаньнi, пастаўленыя БНФ, увайшлi ў кантэкст дзяржаўнай палiтыкi пра Чарнобыль, а пытаньне аб пакараньнi спраўцаў чарнобыльскага генацыду не зьнятае i па сёньняшнi дзень. У чарнобыльскую праблему ўцягнулiся шматлiкiя колы беларускага грамадзтва. Было пастаўленае пытаньне перад Савецкiм Саюзам i прынятае рашэньне аб выплаце кампэнсацыi Беларусi за чарнобыльскiя страты. Пасьля распаду СССР абавязкi па выплаце чарнобыльскай кампэнсацыi Беларусi перайшлi да Расеi, якая па сёньняшнi дзень ня выплацiла яе (а гэта каля 30 мiльярдаў дяляраў ЗША). Але Беларускi Народны Фронт не здымае гэтага пытаньня. Расейскi доўг за Чарнобыль павiнен быць выплачаны Беларусi. * * * Iдэi БНФ разгортвалiся па меры высьпяваньня сытуацыi ў грамадзтве i ў самым Фронце. Iдэялёгiя Фронта (якi задзiночыў дэмакратычную i нацыянальна-сьведамую частку людзёў) iшла далёка наперадзе грамадзтва. Працаваў тыповы паскораны мэханiзм разьвiцьця, i гэта было выдатна. Фронт быў ня толькi таранам савецкiх бар'ераў, але i лякаматывам, прыкладам для перайманьня, узорам для нармальнага несавецкага думаньня. Вялiкая часьць грамдзтва гэткiм парадкам паступова засвойвала нацыянальна-дэмакратычныя iдэi, кансэрватыўныя i адраджэнскiя каштоўнасьцi (нават праз першапачатковае адмаўленьне, але калi iх тады дэманстравала беларуская i сусьветная рэчаiснасьць). Гэтая схема (iдэйнага i палiтычнага лякаматыва) спрацавала б гэтак жа добра, як i ў краiнах Балтыi, пры дзьвюх умовах: шырокай i пастаяннай iнфармацыi пра Фронт i хаця б умераным прыяньнi дзяржаўнай палiтыкi (нечыненьнi перашкодаў) справе беларускага культурна-нацыянальнага адраджэньня. Да слова кажучы, 1991-1992 гады -- пэрыяд паслабленьня расейскага iмпэрыялiзму i памяркоўных адносiнаў да беларускiх патрэбаў -- гэта пацьвярджаюць. Але канечных умоваў не было i ў цэлым здабыць iх не ўдалося. Сытуацыя ў Беларусi прынцыпова розьнiлася ад становiшча ў Прыбалтыцы. У адрозьненьне ад балтыйскiх савецкiх рэспублiк, кiруючая кампартыя БЕларусi была антынацыянальная (г.зн. антыбеларуская). Гэта была ейная першасная якасьць i першасная нязьменная характарыстыка. Гэткая палiтычная сiла ў прынцыпе не магла быць дзейнiкам незалежнасьцi i нацыянальнага гаспадарствавага будаўнiцтва (як, прыкладам, у Эстонii, Латвii, Летуве, Польшчы ды iншых краiнах). Яна ўвогуле не ўпiсвалася ў нацыянальны кантэкст, ба сталася чужародным целам. Нацыянальныя камунiстычныя кадры былi поўнасьцю вынiшчаныя ў БССР яшчэ ў 30-х гадох за часы вялiкага тэрору. КПЗБ дабiлi ўжо пасьля 1939 году, а беларускiя (паводле паходжаньня) мясцовыя кiруючыя кадры ў арганiзаванай НКВД савецкай партызанцы ў час нямецкай акупацыi былi па загаду Сталiна (дзеля ўсяго дзеля) зьнiшчаныя амаль падчыстую ў 1943-1944 гадох. Хто прыйшоў на iхнае месца i хто ацалеў -- ведама. Яны патым кiравалi БССР. Лягiчны i бадай што адзiны варыянт спынiць антынацыянальную палiтыку -- адхiлiць верхавiну партыйнай намэнклятуры ад улады. На гэтай задачы канцэнтравалiся асноўныя дзеяньнi Фронта ў ходаньнi за дэмакратычны лад у Беларусi. Народны Фронт выступiў зь iдэяй люстрацыi. Прытым мелася на ўвеце люстрацыя наймя ўладнай намэнклятурнай верхавiны, ад якой усё залежыла. Засталая службова-выканаўчая часьць пасьля пераменаў з прычыны сваёй сэрвiльнасьцi ўлягала б той палiтыцы, якую праводзiла гаспадарства. Практыка ў iншых посткамунiстычных краiнах, якiя правялi люстрацыю, пацьвердзiла правiльнасьць пазыцыi БНФ. У Славенii, прыкладам, старое кiраўнiцтва "папрасiлi" зыйсьцi ў адстаўку i гарантавалi поўнае матэрыяльне забесьпячэньне. Цяпер маленькая Славенiя ператварылася ўжо ў нармальную эўропскую краiну. Гэтая мадэль добра стасавалася, на нашую думку, i да Беларусi. Зразумела, што пры адхiленьнi прарасейскай намэнклятуры ад улады, Расея страцiла б усялякi ўплыў на Беларусь. Тады спэцслужбы савецкага КГБ, абапiраючыся на сваю "пятую калёну" i бальшавiцка-ветэранскi "бэтон", распачалi шалёную штодзённую i мэтадычную атаку на Фронт з мэтай стварэньня вобраза страшнага бязлiтаснага ворага, якi "рвецца" да ўлады, каб помсьцiць, расстрэльваць, забiваць камунiстаў i ўсiх нязгодных. Мэта гэтай прапаганды была перш за ўсё у тым, каб запалохаць намэнклятуру, прымусiць яе згуртвацца i ня ў чым не саступаць Фронту. Дасягнуць вынiку ў гэных умовах было няцяжка i гэта, безумоўна, скансалiдавала намэнклятуру. I тым ня менш шанс для мiрнага адыходу намэнклятуры ад улады з прадстаўленьнем ёй пэўных зацьверджаных гарантыяў застаецца па сёньняшнi дзень, i Фронт не вылучае яго са сваiх плянаў. * * * У жнiўнi 1989 г. у Фронце было пастаўлена пытаньне аб суверэнiтэце Беларусi i аб дамаганьнi незалежнасьцi краiны. Савецкае грамадзтва Беларусi яшчэ з цяжкасьцю арыентавалася ў працэсах i было слаба прыгатаванае да абмеркаваньня праблемы беларускай незалежнасьцi. Але сама пастаноўка пытаньня была гэтакай прыгатовай. Пытаньне ўзьнялi -- i пачалося змаганьне за суверэнiтэт. Гэта было канечна i своечасова. Пацэсы ў СССР разьвiвалiся вельмi сымптаматычна. Усё iшло да краху КПСС i распаду СССР. У БНФ разумелi сытуацыю. Таму пра злачыннасьць КПСС, пра ейны немiнучы крах i распад Савецкага Саюза, якi павiнны адбыцца праз два гады, было заяўлена ў лiстападзе 1989 г. у адкрытым эфiры беларускага тэлебачаньня. Прагноз аказаўся дакладны, але сутнасьць не ў прагнозе. ШАлёны камунiстычны лямант нiкога ў Фронце не палохаў. Трэба было бамбардаваць сьпячыя беларускiя савецкiя мазгi, каб яны хоць функцыянальна пачалi б працаваць, бо часу на "усьведамленьне пакаленьняў" ужо не было, а падзеi не чакалi; яны iшлi сваёй дарогай, часта незалежна ад нас. Беларусь у чакаемым развале не павiнна была апынуцца бездапаможнай i несамастойнай, каб, як у 1918-1921 гг., нехта гандляваў нашай зямлёй i народам. * * * Зь iдэямi незалежнасьцi, антыкамунiзму i праўды пра Чарнобыль Фронт уступiў у 1990 год. З гэтай пары пачынаецца новы, парляманцкi этап у дзейнасьцi БНФ. Камунiсты не змаглi поўнасьцю заблякаваць удзел Фронту ў выбарах, незважаючы на вельмi дрэнны для антыкамунiстычных сiлаў выбарчы закон, на неабмежаваную ўладу i татальны ўплыў на выбары з боку КПСС-КПБ. Невялiкая калькасьць фронтаўцаў прайшла ў Вярхоўны Савет. Гэнам была ўтвораная фронтаўская фракцыя ("Апазыцыя БНФ "Адраджэньне"), якая складалася зь няпоўных трох дзясяткаў чалавек (8 адсоткаў ад агульнай колькасьцi дэпутатаў). Фракцыя арганiзавала вакол сябе яшчэ "Дэпутацкi Дэмакратычны Клюб" (каля 40-50 асобаў; колькасьць вагалася), узаемадзейнiчала такжа з "незалежнымi" дэпутатамi. Дзейнасьць Апазыцыi БНФ у камунiстычным Вярхоўным Савеце (травень 1990 -- 9 студзеня 1996) можна ахарактарызаваць як унiкальную зьяву ў гiсторыi парлямэнтарызму. Унiкальнасьць яе складалася ў тым, што, знаходзячыся ў камунiстычным парляманце, у непрымiрымым варожым асяроддзi, маючы 8 адсоткаў галасоў, фракцыя (асаблiва ў першыя тры гады дзеяльнасьцi) здолела ня толькi праводзiць у жыцьцё свае законы i палажэньнi ў законы, але i ўплываць на рашэньнi парляманту па некаторых конавызначальных пытаньнях народа i гаспадарства i шмат калi дамагалася перамогi сваiх прапановаў. З пагляду элемэнтарнай парляманцкай лёгiкi i арытметыкi -- гэта фантастыка. I тым ня менш гэта рэчаiснасьць. Гэтак было. Адзначу некаторыя этапы i важнейшыя падзеi ў палiтычным змаганьнi Апазыцыi БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склiканьня. У 1990 годзе ў парляманце Фронтам пастаўлены тры важнейшыя пытаньнi: аб Чарнобылi, аб рынкавых рэформах i эканамiчнай кацэпцыi развою i аб суверэнiтэце Беларусi. Выдатнай перамогай Апазыцыi БНФ было прыняцьце Дэклярацыi аб гаспадарствавым сувэрэнiтэце. Дырэктыва аб такiм дакуманце была спушчана з Масквы i ня мела сур`ёзнай мэты. Гарбачоў бавiўся ў свае гульнi. Было вiдаць, што ў Вярхоўным Савеце БССР камунiсты рассудзiлi адбыць павiннасьць пустой паперкай. Апазыцыя БНФ прадставiла свой тэкст дэклярацыi, прыгатаваны Фронтам на падставе прынцыпаў, iдэалаў i дакумантаў БНР. Праект Фронта камунiсты дружна завалiлi. Тады амаль уся фракцыя Фронта пайшла ў парляманцкую камiсiю працаваць над праектам парляманцкай большасьцi (гэткае магчыма было ў Вярхоўным Савеце БССР) i, стварыўшы там перавагу, колькасную i iнтэлектуальную, давяла праект да патрэбнага ўзроўню. Сваё мастацтва было i ў тым, каб ён лучыў на разгляд Сэсii Вярхоўнага Савета як праект парляманцкай камiсii. У час прыняцьця Дэклярацыi поўная iнiцыятыва была ў руках Апазыцыi. 26-га лiпеня да канца дня было прадыскутавана прагаласавана 10 артыкулаў з 12-цi. Усе яны практычна на 90 адсоткаў былi прынятыя ў фронтаўскiх фармулёўках зь невялiкiмi зьмяненьнямi. У камунiстычным бэтоне пачалася лёгкая рэвалюцыйная панiка. Фронтаўцам стала зразумела, што назаўтра ня ўдасца адстаяць сваю фармулёўку 10-га артыкула i, што найстрашнейшае, можа ўзьнiкцi праблема пры галасаваньнi з Дэклярацыю "ў цэлым". Яе могуць завалiць. Было прынятае "псыхалягiчнае" рашэньне (якiм потым Апазыцыя ня раз карысталася i перамагала) -- назаўтра, 27 лiпеня, стаяць бескампрамiсна на сваёй фармулёўцы 11-га артыкула. Калi яна ня будзе прынятая, а пройдзе камунiстычная (аб распрацоўцы дагавора аб "саюзе"), тады зрабiць дэмарш: выявiць нязгоду i ў знак пратэсту пакiнуць залю перад галасаваньнем. Мы ўжо ведалi, што камунiсты ўпадаюць у "рэвалюцыйную сьвядомасьць" i перастаюць думаць галавой, яны зьвярэюць i чыняць усё наадварот таму, што прапануюць дэпутаты Фронта. Тут была, вядома, рызыка, бо калi б яны не зрэагавалi i прагаласаваi б супроць (як шмат хто зь iх быў наладжаны), то i праца б загiнула, i вiну за правал звалiлi б на нас. Але яны якраз зрэагавалi, i вельмi добра. "Галасуем! -- крычалi энтузiясты,-- Вот ано, iсьцiннае лiцо БНФа! Анi процiв союза. Iм лiш бы бузiць! Галасуем!" Гэта была перамога. Перамога невялiкай групы фронтаўцаў над камунiстычным Вярхоўным Саветам. Аналягiчная сытуацыя ўтварылася пры абмеркаваньнi антыдэмакратычнага закона аб водзыве дэпутатаў (такога закона ў прававым грамадзтве не павiнна быць). Апазыцыя БНФ заўсёдна палохала намэнклятуру, што трэба прыняць закон аб водзыве. (Вядома, не зьбiраючыся яго прадстаўляць. У гэных умовах камунiсты, маючы ўладу, "адазвалi б" Фронт.) Некаторыя зь iх гэта зразумелi i прадставiлi праект закона ў парлямант. З цяжкой сытуацыi выручыла зноў жа веданьне камунiстычнай псыхалёгii. У дыскусii фронтаўцы пачалi хвалiць "даўгачаканы" праект, прапануючы яго паляпшэньне. А ў канцы старшыня фракцыi прапанаваў прыняць праект без абмеркаваньня адразу ў другiм чытаньнi. Прапанова была прынятая, але тут якраз i пачалiся "заварот" i "бражэньне" галоў. Камунiсты зьбянтэжылiся. Выратаваў клясавы iнстынкт -- галасаваць наадварот, насуперак пазыцыi "працiўнiка". Так i прагаласавалi супраць собскага праекта. * * * Пасьля прыняцьця Дэклярацыi i перамогi над бальшынёй, Апазыцыя ўзяляся за заканатворчую працу. На 2-ю (восеньскую) сэсiю Вярхоўнага Савета за два месяцы ўпартай працы быў прыгатаваны i прадстаўлены праект з 25-цi заканадаўчых праектаў. Сярод iх -- праекты законаў "Аб грамадзянстве", "Аб собскасьцi", "Аб банках i банкаўскай дзеяльнасьцi", "Аб мясцовым самакiраваньнi", "Зямельны кодэкс", "Дэкрэт аб уладзе", пастановы "Аб ваенных пытаньнях", "Аб першапачатковых захадах па рэалiзацыi Дэклярацыi аб гаспадарствавым суверэнiтэце", "Аб стварэньнi камiсii па пытаньнях абароны i гаспадарствавай бясьпекi", "Аб асноўных задачах i парадку дзеяльнасьцi камiсii Вярхоўнага Савета па пытаньнях абароны", "Аб паясным часе", "Аб ахвярах палiтычных рэпрэсiяў", "Аб назове рэспублiкi", "Аб дэнансацыi саюзнага дагавору", "Эканамiчная канцэпцыя разьвiцьця Беларусi". Камунiсты, наладжаныя на бязьдзеяльнасьць, былi ашаломленыя такой працай i напачатку (парушаючы закон) адмовiлiся i разглядаць. Тады 42 дэпутаты Апазыцыi БНФ i Дэмакратычнага Клюбу выступiлi з заявай, дзе папярэдзiлi, што калi пакет зконапраектаў БНФ ня будзе прыняты да разгляду, то яны ня бачаць сэнсу ўвогуле прымаць удзел у працы такога "непрафэсiйнага" парляманту. Камунiсты сагнулiся i вымушаныя былi самы пачаць працаваць. Яны прадставiлi свае контрпраекты, паралельныя фронтаўскiм; абодва праекты (фронтаўскi i намэнклятурны) абмяркоўвалiся. Камунiсты сваёй большасьцяй галасоў завальвалi праекты Апазыцыi i пакiдалi свае. Але ў працэсе абмеркаваньня i дэскусii (дзе камунiсты былi слабыя) шмат якiя палажэньнi дакумантаў БНФ былi ўведзеныя ў законы. Скажам "Закон аб грамадзянстве" быў увогуле прыняты на аснове праекта БНФ (у часткава папсаваным выклядзе, ведама). Iстотна, аднак тое, што Вярхоўны Савет напачатку вымушаны быў працаваць паводле сцэнару Апазыцыi БНФ. Фронтаўскую "эканамiчную канцэпцыю разьвiцьця Беларусi" яны, прыкладам, адкiнулi, але змушаныя былi падрыхтаваць свой праект на гэтую тэму, абмяркоуваць рынкавыя падыходы, прыватызацыю, рэформы i г.д. Урэшце праект быў прыняты. (Праўда, гэты дакумант быў потым праiгнараваны ўрадам Кебiча.) * * * У травенi 1991 г., пасьля масавых дэманстрацыяў беларускiх рабочых, 1-ы сакратар ЦК КПБ Беларусi А.Малафееў прапанаваў увесьцi надзвычайнае становiшча ў СССР, а ў Беларусi пачалi рыхтаваць легiтымную дыктатуру партыi. З гэтай мэтай камунiсты прынялi рашэньне аб увядзеньнi пасады прэзыдэнта ў Беларусi, а ў Вярхоўны Савет прадставiлi тры заканапраекты: "Аб прэзыдэнце", "Аа выбарах прэзыдэнта" i "Аб надзвычайным становiшчы". Дыскусiя доўжылася паўмесяца штодня. Гэта быў цяжкi няроўны бой i паказальнае iнтэлектуальнае змаганьне, калi "8-адсоткавая" фронтаўская меншасьць блiскуча перамагла ня толькi ў дыскусii, але i ў галасаваньнi, пераканаўшы, угаварыўшы, пакалоўшы, зблытаўшы, зьбэнтэжыўшы i наладзiўшы агрэсiўную камунiстычную большасьць галасаваць супроць сырых, недасканалых, непатрэбных, шкодных заканапраектаў (а запраўды -- супроць пэрспэктывы абноўленай камунiстычнай дыктатуры). Кульмiнацыя змаганьня з камунiстамi за дэмакратыю i незалежнасьць Беларусi настала ў жнiўнi 1991г. пасьля правалу камунiстычнага путчу ў Маскве. Гэта была, бадай, найярчэйшая, найбольш незвычайная i гераiчная бачына ў гiсторыi парляманцкай апазыцыi БНФ. Фронтаўскiя дэпутаты дамаглiся хуткага склiканьня сэсii Вярхоўнага Савета i на працягу дня i ночы прыгатавалi чатырнаццаць заканадаўчых дакумантаў на сэсiю, дзе былi адлюстраваныя пытаньнi аб спыненьнi дзеяльнасьцi КПБ-КПСС, аб выбарах новага старшынi Вярхоўнага Савета, аб незалежнасьцi Беларусi, аб праекце новага (прыгатаванага Фронтам) закона аб выбарах i аб прызначэньнi новых выбараў у парлямант. Камунiсты i ўся парляманцкая большасьць зьявiлася на сесiю са страхам i з пустымi рукамi. Фронтаўскiя дэпутаты ўвайшлi ў залю, нясучы бел-чырвона-белы сьцяг. Камунiстычная пераважная большасьць была перапалоханая, разгубленая i прыгнечаная. Адразу па патрабаваньнi Апазыцыi быў зьняты з пасады намэнклятурны старшыня Вярхоўнага Савета М. Дземянцей (якi, даслова кажучы, гiстэрычна абараняўся). Пад энэргiчным напорам i забойнай аргумэнтацыяй дэпутатаў Фронта i дэпутацкага Дэмакратычнага Клюбу была прынятая пастанова аб спыненьнi дзяльнасьцi КПСС-КПБ i камсамола. Адразу па iнiцыятыве Фронту былi зачыненыя i заплямбаваныя камунiстычныя райкамы, абкам, гаркам i ЦК. Дзiўна было назiраць, як дэмаралiзаваныя дэпутаты-камунiсты, якiя яшчэ два днi назад былi самаўпэўненыя, нахабныя i агрэсiўныя цяпер галасавалi за забарону дзеяльнасьцi сваёй партыi па прапанове дэпутатаў БНФ. Назаўтра, 25 жнiўня, у надзвычай напружанай i хвалюючай атмасфэры быў прыняты закон i iншыя дакуманты аб незалежнасьцi Беларусi. Гэта быў незвычайны момант, якi не забудзецца нiколi. Не ўдалося, аднак, прыняць найважнейшага рашэньня -- пастановы аб нечарговых выбарах новага парляманту. Справа нават ня ў тым, што патрэбна была папраўка ў Канстытуцыю, якая павiнна прымацца 2/3 галасоў. Дэпутаты-намэнклятура кiнулi сваю партыю, бо яна дзеля iх ужо нiчога ня значыла. Путч быў прайграны -- ратавалi скуру. А вось дэпутацкiя мандаты i дэпутацкая бальшыня ў Вярхоўным Савеце -- гэта рэальная ўлада, якая была ў iхных руках. Таму яны ўчапiлiся ў яе, сабраўшы апошнiя сiлы. Прымусiць iх пагадзiцца на выбары магла толькi народная сiла. На плошчы перад парлямантам на працягу дзьвух дзён стаяла i падтрымлiвала Фронт некалькi дзясяткаў тысячаў чалавек. Для таго, каб намэнклятурныя камунiсты адчулi канечнасьць прыняцьця пастановы аб нечарговых выбарах, трэба было ня 30 тысячаў, а 300 тысячаў на плошчы. Пытаньня аб нечарговых выбарах ня вырашылi. У новай незалежнай краiне засталася старая камунiстычная ўлада i стары Вярхоўны Савет. Парадокс, якi, дарэчы, дрэнна разумелi ў грамадзтве. Так скончыўся першы змагарны пэрыяд (я б назваў яго рамантычным) у дзеяльнасьцi Беларускага Народнага Фронту. Найгалоўнейшыя палiтычныя задачы гэтага пэрыяду -- знiстажэньне КПСС-КПБ, гаспадарствавая незалежнасьць, выяўленьне праўды пра Чарнобыль -- былi ў асноўным выкананыя. Трэба яшчэ дадаць, што перад гэтым у 1990 годзе Фронт не пакiнуў камунiстам нiякага палiтычнага выйсьця. Было вырашана ўтварыць сацыял-дэмакратычную партыю, каб пры распадзе ня даць камунiстам заняць гэтай нiшы i мiмiкрыраваць, захаваўшы ўладу. Стварэньнем сацыял-дэмакратыi занялiся ведамыя ў Фронце людзi (намесьнiк старшынi БНФ М. Ткачоў, сябры Сойму БНФ М. Чарняўскi, А.Трусаў i iнш.). Неўзабаве сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) была створаная. Прытым напачатку Фронт праставiў ёй нават свае структуры i рэкамэндаваў сябрам суполак Фронту ўступаць у БСДГ. Партыя была адраджэнскага кшатлу, iшла пад беларускiм бел-чырвона-белым сьцягам. Далейшы лёс быў, аднак, даволi складаным. ХОДАНЬНЕ ЗА ГАСПАДАРСТВА Са жнiўня 1991 г. Фронт ставiць новыя палiтычныя задачы. Першая -- умацаваньне суверэнiтэту i структурнае будаўнiцтва незалежнага гаспадарства. Другая -- нацыянальна-культурнае адраджэньне беларускай нацыi. Трэцяя, ад якой залежыла эфектыўнасьць ажэцьцяўленьня дзьвюх першых задачаў,-- адабраньне ўлады ў намэнклятуры шляхам дэмакратычных выбараў па зьмешанай мажарытарна-прапарцыйнай сыстэме. Найбольшым дасягненьнем Фронту ў гэны час i найбольшай падзеяй, якая духоўна паўплывала на ўсё беларускае грамадзтва, было прыняцьце беларускай гiстарычнай нацыянальнай сымволiкi (бел-чырвона-белага сьцяга i гэрба "Пагоня") у якасьцi гаспадарствавай сымволiкi Беларусi. Адначасна вырашалiся пытаньнi з нацыянальным войскам, зь межамi, мытнай службай, стварэньнем амбасадаў за мяжой, адчынялiся беларускiя клясы i школы, гатавалiся беларускiя падручнiкi i кнiгi. Мэханiзм стварэньня беларускага гаспадарства пачаў працаваць, буксуючы, аднак, на кажным кроку. Пытаньне аб новай уладзе ў новым гаспадарстве станавiлася ўсё больш надзённым. Стары Вярхоўны Савет адмовiўся яго вырашаць. Тады Фронт выбраў акружны шлях, вельмi цяжкi, працаёмкi i даволi рызыкоўны, бо прававая аснова ў гаспадарстве была хiсткай. Але вынiкова змагацца можна было толькi прававымi спосабамi. Апазыцыя БНФ стварае праект закона "Аб рэфэрэндуме". Утварылася стандартная сытуацыя: парляманцкая намэнклятурная бальшыня напiсала i супрацьпаставiла паралельны праект. Апазыцыйны праект галасаваньнем адкiнулi, а намэнклятурны (з папраўкамi i з палажэньнямi Апазыцыi) прынялi. Адразу ж (у канцы 1991г.) Фронт абвесьцiў аб зборы подпiсаў за рэфэрэндум аб новых выбарах. Праз два месяцы было сабрана 420 тысячаў подпiсаў (паводле закону патрэбна было 300 тысячаў.) Подпiсы прыняла i зацьвердзiла Камiсiя па пэфэрэндуме, што абазначала рашэньне аб правядзеньнi рэфэрэндума. Вярхоўны Савет, згодна закону, меў прызначыць дату ўсенароднага галасаваньня. Шэсьць месяцаў Вяроўны Савет не зьбiраў сэсiю, адмаўляўся прызначаць дату i разглядаць гэтае пытаньне. Актыўную пазыцыю супроць рэфэрэндума заняў сьпiкер С.Шушкевiч у паразуменьнi з прэм'ерам В. Кебiчам, усiм урадам i Прэзыдыюмам Вярхоўнага Савета. У кастрычнiку 1992 года адбылася беспрэцэдэнтная расправа бальшынi Вярхоўнага Савета над законнасьцю i воляй людзей. Рэфэрэндум быў забаронены. Спрацавалi ня толькi палiтычныя, але i псыхалягiчныя дзейнiкi. Выявiлася, што нiхто, акрамя дэпутатаў Народнага Фронту, не хацеў разьвiтацца з дэпутацтвам у старым Вярхоўным Савеце (бо меркавалi, што паўторна iх ня выбяруць). Камунiсты, ветэраны, маргiналы, незалежныя дэпутаты i ўсе дэмакраты з Дэмакратычнага Клюбу галасавалi за растаптаньне законнасьцi i за незаконную забарону рэфэрэндума. Дэпутаты ад БНФ засталiся адны са сваiмi паўмiльёна подпiсамi i сваiм народам. Народ маўчаў. * * * З гледзiшча палiтычных, фармальных ацэнак, забарона рэфэрэндума -- гэта быў падступны ўдар па Фронту, незаконная ўзурпацыя ўлады намэнклятурай. Апоры на ўладу ў Фронта не было, а апора на нiзы не спрацавала. З гэтага часу, напачатку непрыкметна, а потым усё больш вiдавочна, Беларусь стала падаць у яму. Пачаўся наступ унутранай рэакцыi i, што найбольш кепска, рэакцыi вонкашняй -- рускага iмпэрыялiзму. Напалоханая прыгатовай да рэфэрэндума аб уладзе беларуская намэнклятура прывычна кiнулася да Масквы. Кебiч уводзiць функцыянераў савецкага КГБ у структуры беларускага ўраду, прыяе стварэньню i фiнансаваньню арганiзацыяў антыбеларускай 5-й калёны, будуе эканамiчныя дачыненьнi краiны з арыентацыяй на фiнансава-прамысловыя групы i нафтавую мафiю Расеi, падтрымлiвае i прапагандуе маскоўскую палiтыку аб стварэньнi адзiнай беларуска-расейскай грашовай сiстэмы, гэтак званай "калектыўнай бясьпекi" i расейска-беларускай гаспадарствавай "iнтэграцыi". Над беларускай незалежнасьцю навiсла рэальная пагроза, а рабаваньне народа, гаспадарства, карупцыя набылi адкрытыя i цынiчныя хормы. Намэнклятурная бальшыня Вярхоўнага Савета падтрымала гэтую палiтыку Кебiча i пачала рыхтаваць увядзеньне прэзыдэнцтва з мэтай, якая была вiдавочнай: канцэнтрацыя i ўмацаваньне сваёй улады. У гэтай сытуацыi Беларускi Народны Фронт выступiў супроць увядзеньня прэзыдэнцтва i паставiў перад сабой выразную палiтычную задачу -- адстаўка ўрада Кебiча. У Вярхоўным Савеце, пасьля структурнага задзiночаньня "намэнклятурных" дэпутатаў вакол ураду Кебiча, Апазыцыi БНФ стала працаваць вельмi цяжка. Пачалася блакiроўка ўсяго, што зыходзiла ад Фронту. Тады галоўны цяжар палiтычнае працы быў перанесены ў выбарчыя акругi. Дэпутаты БНФ разам зь iншымi сябрамi Фронту аб'ехалi ўсю Беларусь, сотнi местаў i местачак, мiнаючы шалёныя перашкоды з боку ўладаў, сустрэлiся з тысячамi людзёў, пазнаёмiлi iх з сваiмi паглядамi, працай i крытыкай ураду. Да пачатку 1994г. лёс прэм'ера Кебiча (як палiтыка) у грамадзкай сьведамасьцi практычна ўжо быў вырашаны. Такая палiтыка была правiльнай у гэных умовах. Намэнклятурная бальшыня Вяроўнага Савету iмкнулася напралом увесьцi прэзыдэнцкую сiстэму пад Кебiча. Гэта ёй груба, з цяжкасьцю, з парушэньнем закона ўдалося зрабiць. Аднак на выбарах Кебiч лучыў бы ў кепскi стан. Вялiкая колькасьць людзёў савецкай сьведамасьцi (на якiх ён спадзяваўся) за яго б ужо не галасавала, а аддала б галасы за альтэрнатыву (абы не за Кебiча). Альтэрнатывай быў страшнаваты для савецкага чалавека Народны Фронт. I тым ня менш выбар шмат каму з "савецкiх" прыйшлося б рабiць не ў карысьць Кебiча. Але сытуацыя зьмянiлася, калi зьявiўся новы, няведамы раней кандыдат на прэзыдэнта, якi крытыкаваў Кебiча з пазыцыяў савецкага чалавека i адлюстроўваў савецкiя каштоўнасьцi. Гэта тое, што патрэбна было савецкаму электарату, якi ўяўляў большасьць у Беларусi. Савецкi выбар вырашыў справу. СУПРАЦIЎЛЕНЬНЕ Пасьля прэзыдэнцкiх выбараў у 1994 годзе ўся ўлада ў Беларусi поўнасьцю лучыла ў рукi антыбеларускiх сiлаў, а палiтычная iнiцыятыва -- да прэзыдэнта. Iмкненьне да дыктатуры пачало выяўляцца асаблiва агрэсiўна з пачатку 1995г., калi на абмеркаваньне ў Вярхоўны Савет былi прадстаўленыя пытаньнi сумна ведамага лукашэнкаўскага рэфэрэндуму. Антыбеларуская змова была вiдавочная. Адкрыта iгнараваўся закон. Довады незаконнасьцi пастаноўкi на галасаваньне прапанаваных пытаньняў рэфэрэндуму не прымалiся пад увагу. Намэнклятура 12-га Вярхоўнага Савету ўсьлед за прэзыдэнтам, iшла напралом да зьнiстажэньня беларускага гаспадарства. Усi законныя, маральныя, проста людзкiя магчымасьцi спынiць нацыянальную ганьбу Апазыцыяй БНФ былi вычарпаныя. I тады дэпутаты Фронта зрабiлi адчайны i нечаканы для дэпутацкай бальшынi, але добра прадуманы маральны ўчынак: у знак пратэсту супроць парляманцкага беззаконьня i безадказнасьцi перад нацыяй, яны абвесьцiлi парляманцкую галадоўку проста ў залi перад трыбунай для выступленьняў, гледзячы ў вочы астатнiм дэпутатам. Даслова кажучы, наймя ў гэтым быў маральна-псыхалягiчны сэнс учынку: арганiзаваць галадоўку наймя ў парляманцкай залi ў час сэсii, перад вачыма калег-дэпутатаў, каб узбудзiць у iх рахунак сумленьня. (Некаторыя някемлiвыя людзi потым не разумелi гэтага, пыталiся, а чаму не на вулiцы.) Учынак фронтаўскiх дэпутатаў моцна паўплываў на частку тых, што сядзелi ў залi. Пасьля нядоўгай дыскусii пачалося галасаваньне. Усi не адпаведныя закону пытаньнi рэфэрэндуму не набралi патрэбнай колькасьцi галасоў. Гэта была ўжо перамога, якую, аднак, трэба было замацаваць прыцягненьнем усеагульнай увагi да парляманцкага беззаконьня. Галодоўка працягвалася. Уночы па загаду Лукашэнкi ў парлямант былi ўведзеныя войскi (600 салдат i афiцэраў) i спэцгрупа КГБ "Альфа". Дэпутаты Фронта былi жорстка зьбiтыя i вывезеныя з праляманту. На ранiцы па заяве дэпутатаў Апазыцыi БНФ Генеральны пракурор узбудзiў крымiнальную справу па факту вайсковага нападзеньня на дэпутатаў у парляманце. Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета прыняў рашэньне тэрмiнова разлядзець на сэсii пытаньне аб адказнасьцi за напад на дэпутатаў у парляманце. Але праз дзьве гадзiны, убачыўшы, што парлямант па загаду Лукашэнкi акружаны мiлiцыяй i ўнутранымi войскамi, якiя прапускалi ў будынак парляманту толькi ляяльных дэпутатаў, сьпiкер парляманту i сябры Прэзыдыюма адмовiлiся ад ажыцьцяўленьня свайго намеру. Гэта вырашыла ўсё. Шанс спынiць дыктатуру ў самым пачатку быў страчаны. Дарога да перавароту была адчыненая. * * * У 1995 годзе перад сьцяной грубай антыбеларускай палiтыкi Народны Фронт зноў зьвярнуўся да нацыянальнай iдэi як асноўнага кансалiдуючага фактару грамадзтва ў змаганьнi за людзкiя правы i народныя iнтарэсы. Калi зьневажаюць i зьнiстажаюць усё, што беларускае, то беларусы павiнны трымацца i задзiночвацца на ўсiм, што беларускае: на беларускай мове, на беларускiм сьцягу, на беларускiм гаспадарсьцьве, на беларускай школе, на беларускай культуры, на беларускай собскасьцi i г.д. Мэтанакiраванае ўсьведамленьне нацыянальнай iдэi дапамагло скансалiдавацца актыўнай частцы грамадзтва i моладзi ў цяжкiя 1996-1997 гады, калi ўзьнiкла рэальная пагроза расейскай анэксii Беларусi. Наймя дзякуючы нацыянальнай салiдарнасьцi, удалося тады стрымаць разбуральныя пляны "iнтэгратараў". У жнiўнi 1995 года Фронт ставiць пытаньне аб канечнасьцi адстаўкi Лукашэнкi праз iмпiчмэнт i аб прыгатове антылукашэнкаўскай апазыцыi паводле адзiнага крытэру -- адносiны да Лукашэнкi (да iмпiчмэнту Лукашэнкi). Праца над арганiзацыяй такога салiдарнага змаганьня вялася на працягу ўсёй першай паловы 1996 года. Аднак асноўны цяжар ходаньня супроць рэжыма i ахвяры Народнаму Фронту прышлося ўзяць на сябе. Антылукашэнкаўская апазыцыя канчальна сфармавалася толькi ўвосенi 1996 г. Справа iмпiчманту разьвiвалася даволi пасьлядоўна i юрыдычна не выклiкала сумненьняў. Але ў лiстападзе быа ганебна праваленая ў вынiку зрады i бяспрынцыпнасьцi старшынi Канстытуцыйнага Суда i старшынi Вярхоўнага Савета. Народны Фронт у гэты час ужо ня меў сваiх прадстаўнiкоў у парляманце i ня мог прадухiлiць перавароту i няправiльных паводзiнаў дэпутатаў у Вярохоўным Савеце. Аднак пасьля лiстападаўскага перавароту Народны Фронт, i асаблiва беларуская моладзь, не разгубiлiся i аказалi энергiчнае, яраснае, ахвярнае супрацiўленьне чарговым спробам iнтэграцыйнай анэксii Беларусi. Вынiкi гэтага ходаньня не былi дарэмнымi. Змаганьне з акупацыйным рэжымам i з "iнтэграцыяй", а таксама зрада ў Вярхоўым Савеце i распад "антылукашэнкаўскай апазыцыi", паказала новую салiдарную форму беларускага змаганьня, заснаванага на нацыянальнай iдэi -- Вызвольны рух. Задзiночваючы крытэрый вызвольнага руху ўжо iншы, чым у "антылукашэнкаўскай апазыцыi". Ён мае агульнанацыянальны сэнс i вызначаецца адносiнамi да iмпэрскай Расеi, да ейнай "iнтэгратарскай" палiтыкi. У становiшчы ўнутранай акупацыi Беларусi прамаскоўскiм рэжымам i простай пагрозы ейнай незалежнасьцi з боку Расеi, крытэрый вызначаецца, перш за ўсё, па дачаненьнях да аб'екта небясьпекi, а не да суб'екта незалежнасьцi. Гэтак жа, як у этнiчнай сьведамасьцi па лiнii "свой -- чужы". Мала прызнаваць "сваiх", трэба вылучаць сябе ад "чужых". Калi ўсе "свае", то i этнаса не iснуе. Мала выступаць за незалежнасьць i за гаспадарства Беларусь (i Цiцянкоў за Беларусь). Калi Расейская палiтыка пагражае Беларусi, то трэба фармаваць пазыцыю па дачыненьня да пагрозы. Iнакш можа стацца савецкi iдыятызм у галаве: "Мы за незалежную Беларусь i за iнтэграцыю з дэмакратычнай Расеяй". Нiякiх саюзаў, нiякiх сумесных дачыненьняў з Расеяй -- вось пазыцыя вызвольнага руху. Расея ёсьць натуральным, спрадвечным ворагам Беларусi ўжо амаль тысячу гадоў. Не зразумеўшы i не ўсьвядомiўшы гэтага, нiякай незалежнасьцi, нiякага незалежнага гаспадарства беларусы мець ня будуць. У асноўным дакуманце V-га зьезду БНФ (1997г.) пра вызвольны рух сказана наступным парадкам: "Беларускi Народны Фронт -- зьява шырэйшая за звычайную палiтычную партыю. Мы -- нацыянальна-вызвольны рух, галоўны сёньня гарант незалежнасьцi Беларусi, i мы мусiм выкарыстаць шанец ператварыць ходаньне супроць дыктатуры ў ходаньне за незалежнасьць i адраджэньне Бацькаўшчыны... Фронт, ягоныя сябры i ягоныя структуры павiнны стаць жыцьцядзейнай у любых умовах нацыянальна-вызвольнай сiлай, вакол якой здольныя згуртавацца ўсе, хто стаiць на пазыцыi: "Нiякiх iнтэграцыйных гульняў з Расеяй" i ня йдзе на ўгоду з дыктатарскiм рэжымам... Канечне змагацца з дыктатурай так, каб гэтае змаганьне ня выкарыстала ў сваiх iнтарэсах iмпэрская Расея. Дзеля гэтага беларускае грамадзтва з аб'екту чужых манiпуляцыяў мусiць ператварыцца ў згуртаваны нацыянальнай iдэяй i надзелены палiтычнай воляй суб'ект, зь якiм змушаны будзе лiчыцца нават iмпэрыялiстычны драпежнiк." На гэтым i стаiм. З гэтым i пераможам. ВЫСНОВЫ 1. Падсумоўваючы сказанае, мусiм адзначыць, што зьяўленьне нацыянальна-адраджэнскага руху -- Беларускi Народны Фронт -- падчас распаду таталiтарнай iмпэрыi, якая праводзiла асiмiлятарскую палiтыку, сьведчыць аб жыцьцёвасьцi Беларускай Нацыi, аб тым, што 70 гадоў уцiску i генацыду ня зьнiшчылi ейнай нацыянальнай сiлы i народнага духу. 2. Арганiзацыя Беларускага Народнага Фронту абазначае падзею вялiкага гiстарычнага значэньня. Гэта ёсьць манiфестацыя беларускай нацыянальнай iдэi, працяг iдэалаў i вялiкай справы Беларускай Народнай Рэспублiкi, другi па значэньнi вызвольны акт пасьля абвяшчэньня незалежнасьцi БНР. 3. Няшчасьцем беларускага нацыянальна-вызвольнага руху i беларускага адраджэньня пачатку i першай паловы ХХ стагоддзя было ягонае спалучэньне з сацыялiзмам, з сацыялiстычнымi iдэямi i левымi палiтычнымi сiламi. Левыя сiлы ўзначалiлi нацыянальна-вызвольны рух. Гэта прывяло да трагедыi нацыi ў ХХ стагоддзi. Зьяўленьне Беларускага Народнага Фронту абазначае гiстарычны пералом ў нацыянальнай пэрспэктыве. Новае паўторнае беларускае адраджэньне канца ХХ стагоддзя, актыўны пачатак якога сымвалiзуе i прадстаўляе БНФ, выяўляе правы цэнтрызм, змагаецца з сацыялiзмам i грунтуецца на традыцыях нацыянальнага досьведу, на кансэрватыўных каштоўнасьцях i на прынцыпах хрысьцiянскай дэмакратыi. 4. Дзесяць гадоў палiтычнае дзеяльнасьцi i змаганьня Беларускага Нороднага Фронту пераканаўча засьведчылi ўнiкальную заслугу Фронта ў здабыцьцi незалежнасьцi i суверэнiтэту Беларусi. 5. Змаганьне Фронта за адкрыцьцё праўды пра Чарнобыль, за эканамiчныя рэформы, заканадаўчая дзеяльнасьць, арганiзацыя ходаньня супроць антыбеларускага рэжыму, супроць дыктатуры i рускага iмпэрыялiзму, за разьвiцьцё беларускай культуры, асьветы, навукi i школьнiцтва прадыктавана было ўсьведамленьнем нацыянальных iнтарэсаў Беларускага Народа i дабра беларускага гаспадарства. 6. Беларускi Народны Фронт быў i застаецца iнiцыятарам змаганьня за свабоду, незалежнасьць, волю i дэмакратыю ў Беларусi. Ён ёсьць генератарам стваральных iдэяў, пагрунтаваных на правох чалавека i iнтарэсах Беларускай нацыi. 7. Дзеяльнасьць i вынiкi дзеяльнасьцi БНФ адлюстроўвае стан i ўзровень сьвядомасьцi актыўнай нацыянальна-занепакоенай часьцi беларускага народа. Зянон Пазьняк 16 кастрычнiка 1998 г.,Нью-Ёрк Файл падрыхтаваны Раманам Салаўянам.