"ВЫБАР"
№ 27(120), люты 2000
г.
ПАГАВОРЫМ ПРА ШЧАСЬЦЕ
Нарэшце! Дачакалiся! У Вiцебску адчынены доўгаабяцаны лядовы Палац спорту!
А колькi было размоў! У трамваях, лазьнях, чэргах - зь нецярпеньнем. Калi ж яно? Пытаньнем поўнiлася гарадское паветра й грудзi тых, хто яго ўдыхаў
.Адбылося! Мабыць, менавiта тое, чаго нам не ставала дзеля поўнага шчасьця. Адчулi, як палягчэла жыць, шаноўныя?
- Ня чую, штось пiшчыць.
- Што? Яшчэ раз i гучней, калi ласка!
- А-а-а, уразумеў. Есьцi хочацца.
- Што-што вы там бурчыце? Дах цячэ.
Да чаго ж вы, грамадзяне й грамадзянкi, несьвядомыя! Дзе вашае маштабнае мысьленьне?
Пакуль нацыянальная хакейная лiга ў Амэрыцы прагрэсiруе, мы адсталi ад перадавых краiнаў Афрыкi па вядучых зiмовых вiдаў спорту. А вы пра драбязу. Нечага рабiць культ зь ежы! Забылiся рацыён, рэкамендаваны самым разумным чалавекам краiны? Крышачку хлеба, сьмятанкi лiзнуць - калi пашчасьцiць, час ад часу - кавалачак мяса, дзетак пацешыць. Ня пiце гарэлкi, галоўнае, ды не палiце, а то ў хакей гуляць ня зможаце.
Зiрнiце на таварыша прэзiдэнта: у якой форме чалавек! Як сьлiзгае па люстраной паверхнi лёду ад адных варотаў да другiх ягоная стройная постаць. I нiякiх думак пра здаровую й карысную ежу. Прага адна - шайбу! шайбу! Так што, калi ў халадзiльнiку адзiн мароз застаўся, канькi пад паху - i бегма да лядовага Палаца, там пра страўнiк забудзеце.
- Жыць неяк. Дах развальваецца. Цячэ.
Iзноў за сваё! Дрэннае надвор'е i ў Палацы перачакаць можна. Там i парасону ня трэба. На тога ж Рыгоравiча зiрнiце - пяць год у Рыжкавiчах не начуе, i нiшто, не прапаў чалавек.
Iронiяй лёсу менавiта ў гадзiны, калi прэзiдэнт на хакейнай пляцоўцы вiтаў гледачоў, непадалёк ад свайго дому (у раёне ДСК) я назiраў за дзьвюма бабулькамi ля кантэйнеру са сьмецьцем. Бабулькi, найхутчэй, з электарату таго, хто шчасьлiва забiваў у вароты чарговую шайбу. А iм таго дня пашчасьцiла вывудзiць з кантэйнеру нейкiя абгрызкi ежы.
Шчасьце, браце, рознае бывае!
Б.Барысаў